Ляхавіччына:15 лютага воіны-інтэрнацыяналісты сабраліся, каб аддаць даніну павагі /фота/

15 лютага асаблівы дзень для тых, хто выконваў інтэрнацыянальны абавязак у «гарачых кропках» за межамі СССР. Егіпет, Сірыя, В’етнам, Ангола, Афганістан… 24 гады мінула з таго часу, калі апошні савецкі салдат пакінуў афганскую зямлю. Сёння ў Ляхавіцкім раёне пражывае 57 воінаў-інтэрнацыяналістаў. Па традыцыі яны сабраліся ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, каб аддаць даніну павагі загінуўшым у Афганістане нашым землякам, успомніць таварышаў, што пайшлі з жыцця ў мірны час, а яшчэ сустрэцца з баявымі сябрамі.
У райваенкамаце ў гэты дзень прайшоў «круглы стол», падчас якога «афганцы» мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні спецыяліс-там райвыканкама, камунгаса, медыкам. Галоўны спецыяліст па аздараўленні насельніцтва раёна Ніна Плескацэвіч падрабязна спынілася на ўмовах санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення воінаў-інтэрнацыяналістаў. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Наталля Мацкевіч расказала пра сённяшні дзень і перспектывы развіцця раёна.
Пад гукі марша ў выкананні духавога аркестра былыя салдаты прайшлі па галоўнай вуліцы райцэнтра да помніка воінам-вызваліцелям, усклалі вянкі, ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых.
Урачыстыя мерапрыемствы прадоўжыліся ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе герояў дня чакала святочная канцэртная праграма. З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся ваенны камісар раёна Ігар Гусак. Былі паказаны дакументальныя кадры афганскіх падзей, прагучалі ўспаміны воінаў-інтэрнацыяналістаў Пятра Бурбіцкага і Сяргея Сідора. Усім удзельнікам афганскай вайны і бацькам загінуўшых аказана матэрыяльная дапамога.
У гэты ж дзень воіны-інтэрнацыяналісты наведалі магілы воінаў, загінуўшых у далёкай краіне, і тых, хто памёр у мірны час.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Баявое братэрства з гадамі не губляе сваёй каштоўнасці

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *