Факт-экспрэс- навіны Ляхавіччыны
· ВЫБАРЫ І СПРАВАЗДАЧЫ. Практычна завяршыўся справаздачны перыяд у сельгаспрадпрыемствах раёна. Справаздачныя ці справаздачна-выбарныя сходы прайшлі ва ўсіх сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах і ДП «Нача». На чарзе — сход па выніках работы за мінулы год у ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», які намечаны на 15 сакавіка.
· ДЗЕЦЯМ І ДАРОСЛЫМ. Адразу некалькі дабрачынных акцый правяла раённая арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа. Яе старшыня Жанна Лешык расказала, што падчас першай дзіцячым дамам сямейнага тыпу перададзены гульнёвыя наборы «Доктар», якія, дарэчы, вельмі спадабаліся рабятам. Гуманітарную дапамогу маламаёмным грамадзянам, якія пацярпелі ў выніку надзвычайных сітуацый, атрымалі 24 чалавекі. Чырвоны Крыж паклапаціўся і пра тых грамадзян, якія вярнуліся нядаўна з месцаў пазбаўлення волі: дваім жыхарам Крывошынскага сельсавета перададзены наборы прадуктаў харчавання, пасцельныя прыналежнасці.
Дабрачынныя акцыі працягваюцца.
· НАМАЛЮЕМ ВЫРАТАВАЛЬНІКА. Школьнікі Ляхавіцкага раёна некалькі гадоў запар актыўна ўдзельнічаюць у конкурсе «Выратавальнікі вачыма дзяцей». Як расказала спецыяліст групы прапаганды і навучання РАНС Ірына Тукай, на працягу лютага ў раённым этапе спаборнічалі школьнікі і выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Абласны этап прадоўжыцца да 23 сакавіка. У конкурсе рабяты праяўляюць свае творчыя здольнасці па тэмах «Пажары і надзвычайныя сітуацыі, рух юных выратавальнікаў-пажарных», «Выратаванне на водах», «Прапаганда прамысловай бяспекі і бяспекі перавозкі небяспечных грузаў» у намінацыях — «казка», «апавяданне», «верш», «малюнак», «плакат», «выраб», «статуэтка», «мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі», «роставая лялька», «сімвал пажарнай бяспекі». Між іншым, узрост канкурсантаў — ад 7 да 17 гадоў. Журы вызначыць лепшых аматараў пажарнай службы для ўдзелу ў абласным конкурсе. Пераможцаў чакаюць каштоўныя падарункі і сувеніры.
· НАТАРЫУС. Як паведаміла загадчыца дзяржнатканторы Іна Шабацько, у сакавіку плануюцца выезды дзяржаўнага натарыуса ў аграгарадкі:
Тальмінавічы — 1 сакавіка, Малое Гарадзішча — 6, Жарабковічы — 13, Нача — 15, Русінавічы — 20, Дарава — 22, Навасёлкі — 27, Ліпск — 29 сакавіка.
Выезд натарыуса ажыццяўляецца пры наяўнасці заявак.
· КІНЬ ЦЫГАРЭТУ! У сакавіку павысяцца цэны на некаторыя маркі цыгарэт, якія выпускаюцца на тэрыторыі Беларусі, на 0,6-4,6 працэнта.
· БЫВАЙ, ЗІМА! Хочам мы таго ці не, але ў чацвер апошні дзень зімы, а потым — 1 сакавіка. З надыходзячай вясною вас, дарагія землякі, шаноўныя чытачы «Ляхавіцкага весніка»! А вы не забыліся пра афармленне падпіснога абанемента на раёнку на ІІ квартал?