Ляхавіччына: будаўнічаму комплексу патрэбна настройка

Панарама будоўлі бадзёрыць, дадае пазітыву ў настрой. Часам узнікае жаданне «дадумаць» завяршэнне праекта і зазірнуць ва ўжо гатовую архітэктурную будучыню. Наколькі і ў які бок зменіцца эстэтыка і функцыянальнасць канкрэтнага будынка, квартала, вуліцы? Гэта лірыка, але ж пра маштабнасць раённага будаўніцтва сведчыць і практыка апошняга часу. Фактычна цэлым мікрараёнам прырос горад, катэджнымі вуліцамі дапоўніліся многія сельскія населеныя пункты. Адрамантаваны, рэканструяваны, узведзены «пад ключ» шэраг аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-бытавога прызначэння, працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторый, робіцца многае іншае ў гэтым накірунку.
Зрэшты, размова з намеснікам старшыні райвыканкама па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва Валерыем Богнатам тычылася не толькі поспехаў і здабыткаў, але і праблемных пытанняў функцыянавання будаўнічага комплексу Ляхавіччыны.

— Валерый Уладзіміравіч, пасля аб’яднання трох спецыялізаваных арганізацый асноўныя будаўнічыя магутнасці раёна аказаліся сканцэнтраваны ў руках Ляхавіцкай ПМК-13 ААТ «Пінсксаўгасбуд» і Ляхавіцкай ПМК-17 аб’яднання «Брэстаблсельбуд».
Так, ільвіная доля ўсіх раённых падрадаў дастаецца менавіта ім. Арганізацыі агульнабудаўнічага профілю, якія, дарэчы сказаць, працуюць не толькі на Ляхавіччыне. У мінулым годзе іх агульны аб’ём будаўніцтва ацэньваецца сумай у 59 мільярдаў рублёў. З іх прыкладна дзве трэція часткі прыпадаюць на долю ПМК-13, арганізацыі больш маштабнай, колькасць работнікаў якой складае каля 270 чалавек, што амаль на сотню перавышае сярэдняспісачны склад ПМК-17.
Па будаўніцтве жылля абедзве арганізацыі ў 2012 годзе спрацавалі ў некалькі большых аб’ёмах, чым у годзе папярэднім. Рост невялікі — 14 працэнтаў у сярэднім — але некаторая дынаміка адзначаецца. Хацелася б, канешне, іншага, і ёсць для таго рэальная платформа і падставы: адносна павышэння прадукцыйнасці працы, росту аб’ёмаў і зніжэння сабекошту выконваемых работ і паслуг. Выпрацоўка на аднаго работніка летась у ПМК-13 склала 180 мільёнаў рублёў, у ПМК-17 — 118 мільёнаў супраць сярэдніх паказчыкаў Пінсксаўгасбуда — 212 і ”Брэстаблсельбуда” — 191. І ў 13-ым, і ў 17-ым сярэднегадавая зарплата не дацягвае да аналагічных у разрэзе «Пінсксаўгасбуда» і «Брэстаблсельбуда»: 3,37 мільёна супраць 3,52 і 2,21 мільёна супраць 3,09, адпаведна.
Прыватны бізнес у галіне будаўніцтва ў раёне таксама прысутнічае. У якой меры і наколькі вызначальная яго роля?
У Ляхавіцкім раёне цяпер зарэгістравана 9 прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці, якія выконваюць разнастайныя будаўнічыя работы. Спецыялізуюцца на агульным будаўніцтве, тынкавальных работах, рамонце і праектаванні будынкаў і памяшканняў. Аб’ёмы іх падрадаў — нязначныя. Бадай, з лепшага боку можна адзначыць філіял ПУП «БудПластМайстар» і філіял №1 ТАА «Мір будаўніцтва і рамонту». Арганізацыя штатным складам у 10 чалавек выканала на працягу мінулага года падрадаў больш як на 2279 мільёнаў рублёў.
Пра якія з завершаных летась у раёне будоўляў вы, Валерый Уладзіміравіч, лічыце патрэбным сказаць у першую чаргу?
Пачну з жылля. У 2012 годзе за кошт усіх крыніц фінансавання ў раёне ўведзены ў эксплуатацыю 7531 квадратны метр жылля. Папярэдні план быў адкарэктаваны да лічбы 7000 і ў рэальнасці аказаўся перавыкананым. Узведзены 2 — №18 і №19 — жыллёва-будаўнічыя спажывецкія кааператывы ў Ляхавічах плошчай 4236 «квадратаў», плюс 31 аднакватэрны дом для індывідуальных забудоўшчыкаў. У тым ліку і ў сельскай мясцовасці для індывідуальных забудоўшчыкаў здадзена больш за 900 квадратных метраў жылля. Тым не менш, нягледзячы на сур’ёзнасць тэмпаў будаўніцтва, чарга на атрыманне жылля рухаецца марудна. Па стане на пачатак 2013 года на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у раёне знаходзілася больш як 1200 чалавек, з іх 741 чалавек — у Ляхавічах. У планах на год значыцца будаўніцтва ЖБСК на 30 кватэр. 
— Але ж клопаты будіндустрыі раёна адным толькі жыллём не абмяжоўваліся…
— З уведзеных у эксплуатацыю аб’ектаў вытворчага прызначэння можна адзначыць будаўніцтва зернесушыльных комплексаў. Новыя ЗСК-30 з’явіліся ў вёсцы Ураджайная (СВК «Шлях новы») і Малым Гарадзішчы (ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс»).
На працягу года будаўнічымі арганізацыямі і сіламі саміх сельгаскааператываў выконваліся работы па рэканструкцыі і капітальным рамонце жывёлагадоўчых фермаў. На 11 аб’ектах асвоена 17,5 мільярда рублёў ільготных банкаўскіх крэдытаў і каля 4 мільярдаў уласных сродкаў сельгасарганізацый. Неабходна заўважыць, аднак, што не ўсе 11 МТФ рэканструяваны пад сучасныя тэхналогіі. Такім ільготныя крэдыты сёлета выдаткоўвацца ўжо не будуць. Калі ласка, будуйце-рамантуйце, але за свае грошы. Ільготнае крэдытаванне — выключна пад сучасныя тэхналагічныя праекты.
Значная ўвага надавалася ў 2012 годзе і аб’ектам сацыяльнай сферы. Завершаны капітальны рамонт фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Русінавічах, праведзены капрамонт цэнтра культуры і вольнага часу ў Востраве, заменены аконныя блокі ў Навасёлкаўскім дзіцячым садзе, капітальна адрамантаваны каналізацыйныя сеткі і санвузлы ў Навасёлкаўскай школе.
Некаторыя з работ, распачатых у мінулым годзе, працягваюцца гэтым часам. Напрыклад, замена аконных запаўняльнікаў у дзіцячых садах №1 і №3 горада, рэканструкцыя будынка паліклінікі, мадэрнізацыя цэнтральнай раённай бібліятэкі, кінатэатра, школы мастацтваў у Ляхавічах.
Многае зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторый. Выканана комплекснае добраўпарадкаванне квартала забудовы ў перыметры вуліц Южакова-Будаўнікоў-Кальцавой-завулка Фестывальнага, пачалася рэканструкцыя вуліц Інтэрнацыянальнай, Цітовіча, іншае.
У сувязі са значнымі аб’ёмамі індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва даволі востра стаіць пытанне ўладкавання інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў кварталах індзабудовы вуліц Юбілейнай, Радужнай, Дружнай, Спартыўнай, Кальцавой, а таксама мікрараёна вуліц Патапавіцкай, Палявой, Інтэрнацыянальнай.
Маючы адбыцца восенню ў Ляхавічах абласны фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі», відавочна, прыбавіў клопатаў будаўнікам. Якія змены чакаюць горад?
— Важнае значэнне для горада — асабліва — і раёна будзе мець правядзенне ў нас абласных «Дажынак». Падрыхтоўка пачалася, можна сказаць, адразу пасля вызначэння месца іх правядзення. Нельга не заўважыць, што на многіх аб’ектах работы вядуцца ўжо сёння. Вядомы заказчыкі і падрадчыкі па іншых аб’ектах, вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, заключаюцца дагаворы падрадаў. З надыходам цяпла будаўніцтва заметна актывізуецца.
Вялікія аб’ёмы работ належыць выканаць па капітальным рамонце і рэканструкцыі жылых дамоў па вуліцах Леніна, Южакова, Чкалава, Гагарына. Усяго — 14 аб’ектаў.
Маштабная рэканструкцыя чакае сёлета цэнтральную вуліцу горада з прылягаючымі тэрыторыямі. Будзе ўладкавана ліўнёвая каналізацыя, перакладзена сетка водаправодаў. У рамках існуючай забудовы шырыня праезнай часткі дарогі павялічыцца да 9 метраў. Прадугледжана ўладкаванне месцаў для часовага прыпынку аўтатранспарту побач з гандлёвымі кропкамі, іншымі аб’ектамі. Запланавана таксама комплекснае добраўпарадкаванне плошчаў Леніна і Перамогі і некаторае іншае.
— Пад маштабныя планы будаўніцтва спатрэбяцца, відавочна, і дадатковыя працоўныя сілы. Класных жа спецыялістаў-будаўнікоў вельмі не хапае не толькі ў Ляхавічах.
Станоўчага ў будаўнічым комплексе раёна нямала. Нельга, аднак, заплюшчваць вочы і на шэраг праблемных пытанняў. І адно, а, магчыма, першае з іх — недахоп кваліфікаваных кадраў. Складаныя ў фінансавым плане часы прывялі да таго, што колькасць работнікаў будаўнічых арганізацый раёна скарацілася амаль удвая. Не хапае і інжынерна-тэхнічных работнікаў, і спецыялістаў рабочых прафесій. Па-другое, існуючы ўзровень падрыхтоўкі будаўнікоў не заўсёды адпавядае патрабаванням сучаснасці. Тэхналогіі зараз ужо далёка не тыя, што былі яшчэ ўчора. Сістэма, метады і праграмы падрыхтоўкі персаналу нярэдка застаюцца тыя, што былі 10 і больш гадоў таму.
Праблема другая ў вядомым сэнсе з’яўляецца працягам першай. Належную якасць работ можна забяспечыць толькі калі валодаеш спецыяльнасцю: і ў тэорыі, і на практыцы. Калі сумленна і адказна ставіцца да сваёй справы. Што, на жаль, бывае не заўсёды, а брак у рабоце будаўнікоў, трэба прызнаць, здараецца. Напрыклад, нямала заўваг па якасці работ на аб’ектах па будаўніцтве ЖБСК-19, капрамонце жылога дома №50 па вуліцы Леніна, бібліятэкі, псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын» і іншае.
Лічу, што будкомплексу раёна неабходна дадатковая настройка. Не абысціся без мадэрнізацыі вытворчасці, укаранення новых тэхналогій вядзення будаўніча-мантажных і спецыяльных работ. Павінна адбыцца кардынальная рэарганізацыя вытворчага працэсу, узмацненне дысцыпліны ўвогуле і дысцыпліны аховы працы і выканання правіл тэхнікі бяспекі.
Зроблена многае, але і рухацца ёсць куды.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *