В хирургическом отделении Ляховичской центральной районной больницы прекрасные условия, которые настраивают на выздоровление
— Хірургічнае аддзяленне — твар бальніцы, дзе эфект ад лячэння відавочны: тут і цяпер, — заўважыў галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў і дадаў: Наша — не выключэнне.
Некалькі гадоў назад у аддзяленні быў зроблены капітальны рамонт з рэканструкцыяй. Цяпер аперацыйныя і перавязачныя — адно заглядзенне. Згадзіцеся, ляжаць у бальніцы — прыемнага мала, а сярод абшарпаных сцен і падлогі, у «хмурых» палатах — тым больш. Гэта ўсё ў мінулым. Цяпер хворыя, з якімі давялося пагутарыць, у адзін голас сцвярджаюць: тут выдатныя ўмовы, якія настройваюць на выздараўленне. У палатах чыста, утульна, на калідорах светла, вакол кветкі.
— Урачы аддзялення праводзяць як планавыя, так і экстраныя аперацыі. Лечаць хірургічных хворых і кансерватыўна. Зашчыміла грыжу, абвастрыліся жоўцекамянёвая хвароба ці піеланефрыт, варыкознае расшырэнне вен, адкрытыя і закрытыя траўмы — гэта да нас, хірургаў, — расказвае загадчык аддзялення Андрэй Пуцілаў.
Так, для многіх з нас — гэта толькі назвы, для тых, хто хварэе — боль, пакуты, надзея на выздараўленне, для ўрачоў — пастаноўка дыягназу і выбар метадаў лячэння — кансерватыўнага ці аператыўнага. Прычым іншы раз на роздум няма асабліва і часу, бо адлік ідзе не на гадзіны, а на хвіліны, за якімі — здароўе, а то і жыццё.
Літаральна ў прамым сэнсе давялося ў першы дзень 2013 года брыгадзе хірургаў пад кіраўніцтвам Андрэя Пуцілава вырываць з абдымкаў смерці жыхара раёна, які паступіў у райбальніцу з рэзанай ранай грудзіны. Яму была зроблена аперацыя на адкрытым сэрцы. Гэта не першая такой складанасці экстраная аперацыя, праведзеная нашымі хірургамі: аналагічная шмат гадоў назад выканана Сяргеем Бяляевым і яго калегамі.
— Падчас аперацыі вельмі важна ўзаемадзеянне, дакладней — калектыўная работа. Аднолькава важныя дзеянні як урача-хірурга, яго асістэнтаў, рэаніматолагаў, так і медыцынскіх сясцёр і малодшага медыцынскага персаналу. Ну і, канешне, неабходна дапамога самога пацыента, яго ўнутраны настрой, — адкрывае прафесійныя нюансы загадчык аддзялення. Ён ведае, пра што гаворыць: у медыцыне Андрэй Аляксандравіч амаль 30 гадоў, з якіх 5 — у Ляхавіцкай райбальніцы.
— Мне пашчасціла працаваць побач з такімі вопытнымі калегамі і высокімі прафесіяналамі як Сяргей Бяляеў і Сяргей Сяржантаў. Бяляеў — сапраўдны хірург-віртуоз, які дакладна ставіць дыягназ, выдатна робіць самыя складаныя аперацыі. Ён шмат зрабіў дзеля развіцця хірургіі раённай медыцыны. А Сяржантаў і ўвогуле «будаваў» раённую бальніцу — доўгі час узначальваў яе, пры гэтым не забываў і пра хірургічную практыку. Іх вопыт, спадзяюся, яшчэ доўга будзе запатрабаваны, — гаворыць пра калег Андрэй Пуцілаў.
Бяляеў, Сяржантаў, Пуцілаў — гэта ўжо аксакалы хірургіі. Але і маладое папаўненне ў асобах Яна Марчыка і Юрыя Фядзько абнадзейвае. Галоўнае, каб маладыя кадры замацаваліся тут. Тым больш, па словах Уладзіміра Усцюшкова, яны — «рабяты перспектыўныя».
— Канешне памятаю сваю першую аперацыю — выдаляў дабраякасную пухліну на галаве. Было… не, не страшна, а хвалююча. Усё прайшло добра, — успамінае Ян Марчык. Расказвае, што за час самастойнай работы шмат чаго было ўпершыню. Важна, што заўсёды ў любы момант можна разлічваць не толькі на ўласныя веды, але і на мудрую параду і дапамогу калег. Гэта важна. Дарэчы, цікавая акалічнасць: у Яна Янавіча ёсць яшчэ адна «ювелірная» спецыяльнасць — ён… сталяр-станочнік ІІ разраду.
І ўсе, як адзін, урачы, у тым ліку хірургі — псіхолагі. Пацыентам, іх родным усё растлумачаць, супакояць, а пры выпісцы дадуць рэкамендацыі як паводзіць сябе, каб эфект ад хірургічнага ўмяшальніцтва быў найлепшым. Абавязкова трэба знайсці ў сабе сілы змагацца з хваробай і жыць далей — гэту простую думку хірургі ўнушаюць сваім пацыентам.
Увогуле, персанал у аддзяленні падабраўся высокапрафесійны. Шчыра ўдзячны пацыенты медыцынскім сёстрам за іх штодзённую далікатную работу.
Іх у аддзяленні — 12. Дзяжурства на двух пастах кругласутачнае. Пра «сястрычак» Ларысу Сельмановіч, Галіну Чарапавіцкую, Ірыну Цярпіцкую, Вольгу Казак, Святлану Яраш, Вольгу Коктыш, Святлану Бародка пацыенты хірургічнага аддзялення гавораць з удзячнасцю і пашанай. Без іх, як без рук, падбадзёраць, усміхнуцца, добрае слова скажуць — глядзіш, і боль змяншаецца. Не меншыя прафесіяналы — аперацыйная медсястра Алена Абражэвіч і перавязачная медсястра — Марыя Дударава. З аднаго пападання, нават войкнуць не паспееш, ставяць кропельніцу працэдурныя медсёстры Святлана Малевіч і Таццяна Дыдышка. Галоўны памочнік урачоў і каардынатар дзейнасці сярэдняга медыцынскага персаналу — вельмі прыветная і, нягледзячы на малады ўзрост, вопытная старшая медсястра Жанна Піваш. Ва ўсім ім дапамагае, а яшчэ клапоціцца пра чысціню, цішыню і парадак малодшы медыцынскі персанал.
Знаходжанне ў стацыянары для пацыентаў — гэта чарада ін’екцый, прыём таблетак, працэдур, выкананне іншых урачэбных назначэнняў. Не курорт — бальніца.
Заходзім у першую (ва ўсіх сэнсах гэтага слова) палату, пацыенткі якой — пасляаперацыйныя, ужо ідуць на папраўку.
— Аперацыя прайшла паспяхова — гэта галоўнае. Дактары такія ўважлівыя, медсёстры спагадлівыя, за што ім — вялікі дзякуй, — гаворыць шчыра і ўзрушана Ала Біза.
— Я ўвогуле думала рабіць аперацыю ў Брэсце. А потым… перадумала. Навошта куды ехаць — дома і сцены дапамагаюць. Даверылася нашым хірургам і не пашкадавала. Аперацыя хоць і складаная, але прайшла паспяхова, — далучаецца Ірына Юрлевіч, дарэчы, былы медыцынскі работнік.
Добрыя словы ў адрас калектыву хірургічнага аддзялення можна пачуць часта: яны — канстатацыя факта. Яшчэ адна асаблівасць тутэйшых медыкаў — сямейныя дынастыі. У Сяргея Бяляева жонка таксама ўрач, у Сяргея Сяржантава ўрачы сын і дачка, Андрэй Пуцілаў-малодшы — студэнт 4-га курса Віцебскага медуніверсітэта (праходзіў практыку, прычым, паспяхова, у нашай райбальніцы), а яго мама Наталля — медсястра. У Яна Марчыка жонка — урач. Маці Жанны Піваш — медсястра тэрапеўтычнага аддзялення. А ў маладога доктара Юрыя Фядзько зусім нядаўна нарадзіўся першынец — магчыма, таксама будучы ўрач…
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.