Какие парикмахерские и косметические услуги можно получить в Ляховичах

Кожная жанчына, незалежна ад узросту, жадае знайсці рэцэпт, як выглядаць чароўна і шыкоўна. Менавіта з прыходам вясны ў прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва абвастраецца жаданне калі не абнавіцца, то хаця б унесці ў свой вобраз некалькі новых крэатыўных штрыхоў.
Напярэдадні жаночага свята карэспандэнт «ЛВ» паспрабаваў высветліць, якія цырульніцкія і касметычныя паслугі магчыма атрымаць у райцэнтры.Высветлілася, што паслугі ад стрыжкі да афарбоўвання валасоў прапануюць цырульні камбіната бытавога абслугоўвання — цэнтральная — «Прэстыж» і «Марына» (у памяшканні райбальніцы), а таксама прыватная «Фантазія». А вось з касметычнымі паслугамі пасля нядаўняга закрыцця «Катрын» — праблема.
— У штаце КБА лічыцца 2 майстры па манікюры і педыкюры, але зараз яны знаходзяцца ў сацыяльным водпуску па доглядзе за дзецьмі, — расказвае дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання Ганна Куніцкая. — Чакаем, што ў бліжэйшы час да нас прыйдзе майстар па манікюры, які будзе і нарошчванне ногцяў рабіць. Але да работы зможа прыступіць толькі пасля невялікага рамонту ў памяшканні камбіната.Што датычыцца карэкціроўкі броваў, то ў нас на гэты від паслуг пакуль няма сертыфіката…
Так што жанчынам даводзіцца шукаць шлях да прыгажосці хто дзе зможа. Адны становяцца кліентамі касметычных салонаў у Баранавічах, другія — мясцовых «падпольных» майстроў, у якіх і цэны больш прымальныя.
Дарэчы, пра цэны. Стрыжка на кароткіх валасах у мясцовых цырульнях каштуе ад 32 да 35 тысяч рублёў плюс яшчэ амаль столькі ж укладка. Прычоска з кароткіх валасоў пацягне ад 80 тысяч, фарбаванне — ад 40 тысяч рублёў. Карыстаюцца попытам хімічная завіўка, меліраванне валасоў. Залы цырульняў не пустуюць ні ў будныя, ні ў выхадныя дні. Каб пазбавіць сябе ад дарэмнага марнавання часу ў чарзе, у цырульні КБА можна запісацца папярэдне.
А ў цэлым, каб ісці ў нагу з запатрабаваннямі кліентаў і не разгубіць іх, аб’ём і якасць цырульніцкіх і касметычных паслуг павінны ў райцэнтры расці, у тым ліку і за кошт прапановы новых іх відаў. Не чакаць, пакуль пустуючыя нішы запоўняць прапановамі майстры з іншых раёнаў. Кліенту паслугі неабходны зараз і сёння. Між іншым, наведванне цырульні «Прэстыж» пакінула дваякае ўражанне. Быццам у мінулых гадах апынулася. Няўтульнасць, атмасфера нейкай прыгнечанасці, ніякіх намёкаў на сучасны дызайн. Хаця наведвальнікі адзначаюць прафесіяналізм і творчасць майстроў, іх тактоўнасць і ветлівасць. Тым больш, і дасягненні ёсць. У мінулым годзе майстар 5-га разраду Святлана Мурзіч, якая працуе ў цырульні «Марына», стала лаўрэатам абласнога прафесійнага конкурсу цырульніцкага мастацтва.
Па словах Ганны Куніцкай, у будынку бытоўкі плануецца капітальны рамонт.
Пра планы ў бытоўцы, дарэчы, гавораць не першы год. Але пакуль іх ажыццяўленне можна выказаць адназначна: «заўтракі».
А было б вельмі зручна, каб у дадатак да прыгожай прычоскі пасля «перазагрузкі» памяшкання, можна было б зрабіць адразу манікюр ці педыкюр, макіяж, прыдумаць новы вобраз, «парадаваць» скуру танізуючай маскай. Жанчына пасля такога абнаўлення будзе ў добрым настроі «лётаць» не толькі на пачатку вясны, але і пасля.
Але давайце марыць пра тое, каб тут і цяпер атрымаць задавальненне ад касметычных паслуг.
Клопаты пра сябе любімую і сваю прывабнасць заўсёды прыемныя і хвалюючыя. Абноўлены стыль і абаянне дапамагаюць жанчынам самасцвярдзіцца, быць у добрым настроі, спраўляцца з безліччу спраў, пазбавіцца ад сваіх комплексаў. Што ж гэта за важная і адказная справа — быць майстрам, які дапамагае прыгожай палове чалавецтва імкнуцца да знешняга ідэалу, ствараць прыгажосць — прафесійную. Дзякуй вам, цырульнікі, за ваша майстэрства, за тое, што вы робіце сёння, але з вялікімі спадзяваннямі — на перамену да больш моднага, лепшага, запатрабаванага. Як гавораць, любы капрыз — за нашы грошы. Жанчыны гатовы плаціць — прапаноўвайце ўсё з асартыменту салона прыгажосці. Толькі б не доўга чакаць — вясна ж …
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *