Ляхавіччына:палац у Савейках стане турыстычна-гасцінічным комплексам
На адкрытых аўкцыённых таргах быў прададзены комплекс будынкаў гісторыка-культурнай каштоўнасці «Палацава-паркавы ансамбль «Савейкі». Гэта адзін з прыгажэйшых архітэктурных ансамбляў Брэстчыны, пабудаваны напрыканцы ХVІІ стагоддзя, які даволі нядрэнна захаваўся да нашага часу. У мінулым стагоддзі пэўны час быў прыстасаваны пад санаторый «Савейкі», тут мясцілася і ўчастковая бальні- ца. Старажытная сядзіба прададзена прыватнаму прадпрыемству за 1,8 мільярда рублёў, частка якіх паступіла ўжо ў раённы бюджэт.
Упершыню пустуючыя будынкі комплексу «Савейкі» былі выстаўлены на аўкцыён фондам «Брэстаблмаёмасць» некалькі гадоў назад. Але пакупнік знайшоўся не адразу. На таргах, якія адбыліся ў лютым гэтага года, аб’ект выкупіла СЗАТ «Лада-Гарант» — сумеснае беларуска-англійскае прадпрыемства, якое займаецца будаўніцтвам гасцінічных комплексаў. Адзін з апошніх аб’ектаў фірмы — гасцінічныя апартаменты для сямейнага адпачынку ў Мінску. Дырэктар «Лады-Гаранта» Аляксей Ваганаў неаднойчы прыязджаў у Ляхавічы і вёў папярэднія перамовы з кіраўніцтвам раёна, наведваў Савейкі і быў уражаны самім палацава-паркавым ансамблем і навакольнымі краявідамі.
— Здзелка аформлена ў адпаведнасці з заканадаўствам. Фірма павінна забяспечыць захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з ахоўным абавязацельствам, якое будзе падпісана з Міністэрствам культуры, — расказала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Кацуба.
У планах інвестараў пераўтварыць ансамбль у турыстычна-гасцінічны комплекс з захаваннем гістарычных элементаў. А, магчыма, будзе адкрыты і санаторый. Чаму б і не? Прырода тут вельмі прыгожая, а паветра свежае і гаючае. Пакуль гэты праект нават не на паперы — на распрацоўку канцэпцыі патрэбен пэўны час. Застаецца спадзявацца, што ў новага гаспадара «Савеек» будзе (прабачце за таўталогію) па-сапраўднаму гаспадарскі падыход да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.