«Хавер» супраць вясны

Такой была мінулая пятніца.

У мінулую пятніцу зіма гучна заявіла аб сваім вяртанні. Цыклон «Хавер» настолькі імкліва апанаваў краіну, што многія аказаліся не гатовымі да яго наступстваў. А людзей на вуліцах было шмат — як-ніяк звычайны рабочы дзень, тым больш канец працоўнага тыдня. Рухаліся навобмацак: снег засцілаў вочы, а ногі вязлі ў сумётах. Аўтамабілі на стаянках за лічаныя дзясяткі хвілін траплялі ў снежны палон і не маглі зрушыць ні туды і ні сюды, на дарогах — заторы. У іх стаяў і грамадскі транспарт. На многіх аўтатрасах краіны былі цяжкасці ў арганізацыі руху транспарту. Нацыянальны аэрапорт упершыню за некалькі дзесяцігоддзяў не прымаў авіярэйсы. На ліквідацыю наступстваў стыхіі па ўсёй краіне былі кінуты сілы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, камунальных і дарожных службаў, Дзяржаўтаінспекцыі, спецтэхніка прадпрыемстваў і арганізацый, на найбольш ажыўленых трасах для вадзіцеляў і пасажыраў адкрыліся пункты абагрэву, харчавання і начлегу. Змагаліся з наступствамі «Хавера» і на Ляхавіччыне. Як расказаў начальнік РАНС Валерый Равінскі, у час стыхіі было абясточана больш за 20 населеных пунктаў раёна: адключаліся трансфарматарныя падстанцыі, моцныя парывы ветру абрывалі лініі электраперадач. Брыгады раёна электрычных сетак, у тым ліку і аварыйныя, працавалі ў графіку надзвычайнай сітуацыі. І на большасці аб’ектаў падача электраэнергіі была адноўлена даволі хутка. Адна з апошніх вёсак, жыхары якой нарэшце дачакаліся святла, — Федзюкі. У сувязі са спыненнем падачы электрычнасці часова давялося адключыць кацельні ў Сваятычах і Свяціцы, аднак, падача цяпла спажыўцам не спынялася. У многіх месцах за суткі выпала сярэднямесячная норма ападкаў. На расчыстцы дарог ад снегу працавала больш за 30 адзінак спецыяльнай тэхнікі камунгаса, ДРБУ-200, ДЭУ-24, на дапамогу прыйшлі больш за 20 машын з ПМС, ПМК-13 і ПМК-17, ільнозавода. Дапамаглі тэхнікай СВК «Шлях новы» і «Жарабковічы». Механізатары СВК «Шлях новы» выцягнулі са снежных сумётаў рэйсавы аўтобус «Баранавічы-Ляхавічы», які ўвяз каля Навасёлак і знаходзіўся ў снежным палоне суткі (пасажыраў і вадзіцеля эвакуіравалі, безумоўна, раней). Выратавальнікі на сваім транспарце перавозілі школьнікаў з Ляхавіч у Падлессе і Шавялі. Увогуле, у сувязі са складанай сітуацыяй на дарогах раёна ў суботу і нават нядзелю былі адменены некаторыя рэйсы аўтобусаў. Як расказаў начальнік ДРБУ-200 Сяргей Лаптановіч, дарожнікі працавалі ў экстраным рэжыме. У першую чаргу расчышчаліся дарогі рэспубліканскага і мясцовага значэння, каб мог свабодна рухацца транспарт. Дарожная тэхніка разам з тэхнікай РАНС суправаджала школьныя аўтобусы. Цяпер працягваецца расчыстка дарог у вёсках. Па словах галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміра Усцюшкова, з абмаражэннямі ці галалёднымі траўмамі людзей ў бальніцу не паступала. А вось хуткая дапамога медыцынскаму транспарту спатрэбілася. Карэты «хуткай дапамогі» давялося вызваляць выратавальнікам на вуліцы Дружнай у райцэнтры, у Турках і ў іншых вёсках. Хапае работы і ў камунальнікаў.

Работы камунальнікам хапае і сёння.

— Асноўную задачу — забяспечыць бесперашкодны праезд да сацыяльна значных аб’-ектаў, па цэнтральных вуліцах горада — выканалі. Калі ў пятніцу з раніцы працавалі 3 адзінкі тэхнікі камунгаса, то з 2 гадзін ночы да 7 гадзін раніцы 16 сакавіка — 14 адзінак. Задзейнічана 40 работнікаў з усіх участкаў. На працягу суботы ачышчаліся пад’езды да шматкватэрнікаў і двары, — расказвае дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі. Як адзначыў кіраўнік камунальнай службы, працягваюцца работы па расчыстцы і ўборцы снегу з тратуараў, дваровых тэрыторый. І тут, безумоўна, зусім не лішняй будзе дапамога саміх жыльцоў. У апошнія дні мінулага тыдня мы сачылі за тэлесюжэтамі аб сітуацыі на дарогах рэспублікі. Аварыі, заторы, сутыкненні, некаторыя аўтамабілісты былі вымушаны кінуць свае транспартныя сродкі на дарогах. Як паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС Мікалай Дылеўскі, на трасе «Ляхавічы-Баранавічы» 15 сакавіка стаяла больш за 50 аўтамабіляў. Не абышлося і без аварый. У двух ДТЗ пацярпела толькі тэхніка, а на вуліцы Юбілейнай у райцэнтры аўтамабіль зачапіў пешахода… «Хавер» затрымаў зіму. І на гэты тыдзень сіноптыкі не прагназуюць значнага пацяплення. І ўвогуле палохаюць нас новым цыклонам і тым, што вясна прыйдзе толькі ў сярэдзіне красавіка. Няхай бы лепш памыліліся…

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *