Вясна перамен у Ляхавіцкім лясгасе

Прыход вясны, напэўна, першымі адчуваюць работнікі лясгаса. Яшчэ заснежаныя дрэвы і кустоўе, але ўжо чуецца ледзь улоўны вясновы звон: дзяцел весялей застукаў, сінічкі пажвавелі, а ў зацішку на паляне з’явіліся першыя прагаліны.
Што датычыць рабочага настрою, то ён таксама бадзёры, падмацоўваецца тым, што не за гарамі перамены, якія павінны станоўча адбіцца і на вытворчасці, і на зарплаце. Сёлета ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» распрацаваў план мадэрнізацыі вытворчасці, які прадугледжвае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, укараненне новых тэхналогій гаспадарання, паляпшэнне ўмоў працы. Як расказаў дырэктар лясгаса Міхаіл Свістун, першачарговая ўвага ўдзяляецца мадэрнізацыі дрэваапрацоўчага цэха «Крывошын». Вытворчасць была арганізавана амаль 60 гадоў назад, прыкладна ў той жа час былі ўстаноўлены і 2 лесапільныя рамы. Неўзабаве цэх асвоіў выпуск новай прадукцыі, якая, між іншым, не зусім адпавядала яго прызначэнню: устанавілі АВМ-0,65 для вытворчасці хвойна-вітаміннай мукі з адходаў лесанарыхтоўкі (хвойнай лапкі), якую рэалі зоўвалі сельгаскааператывам.
Ужо ў той час рабіліся сур’ёзныя спробы мадэрнізацыі вытворчасці для аблягчэння працы: для пагрузкі гатовай прадукцыі ўстанавілі тэльфер, а другі спецыяльны механізм падаваў круглы лес для распілоўкі. Гэта было значным прарывам на шляху да павелічэння прадукцыйнасці працы і аб’ёмаў прадукцыі, тым больш, што лясгас пачаў актыўна супрацоўнічаць з замежнымі спажыўцамі.
Мінула 12 гадоў, як лесапільныя рамы заменены на брусовачны, мнагапільны і тарцовачны станкі для перапрацоўкі дробнатаварнай драўніны. Фёдар Буцько, які з 1964 года кіруе работай дрэваапрацоўчага цэха, перакананы: каб выпускаць якасную, канкурэнтаздольную і запатрабаваную прадукцыю, трэба прытрымлівацца перадавых метадаў гаспадарання. Летась было выпушчана 1,323 тысячы кубаметраў экспартнай прадукцыі — абразных піламатэрыялаў хвойных і мяккаліставых парод для вырабу тары. Зароблена 220,4 тысячы долараў ЗША. Усяго ж за год замежным спажыўцам пастаўлена прадукцыі і лесаматэрыялаў амаль на 700 тысяч долараў. На ўнутраны рынак было адпраўлена 1,225 тысячы метраў кубічных піламатэрыялаў на суму 807,6 мільёна рублёў.
У канцы мінулага года за ўласныя сродкі лясгас набыў стужачна-пільны станок, які ўжо запушчаны ў дзеянне. Дзякуючы гэтаму, з пачатку года рэалізавана на экспарт прадукцыі на 18 тысяч долараў ЗША. Акрамя таго, летась была пачата рэканструкцыя будынка цэха. Самую старую яго частку разабралі, прыгодную да эксплуатацыі адрамантавалі, дабудавалі бытавыя памяшканні. І сёння разам з вытворчым цэхам працаўнікі маюць утульнае месца для адпачынку, душавы пакой і г.д. Да сярэдзіны года, як запэўнівае дырэктар лясгаса, будуць заменены дах, вокны і падлога, атынкуюцца сцены. Акрамя таго, плануецца перанос эстакады, абновіцца навес для захоўвання пілапрадукцыі. Адно з абавязковых патрабаванняў — добраўпарадкаванне тэрыторыі з элементамі сучаснага ландшафтнага дызайну.
Як перакананы ў лясгасе, укладваць грошы ў набыццё новай сучаснай тэхнікі, трымаць машынна-трактарны парк у поўнай гатоўнасці — справа выгадная, паколькі акупляецца вельмі хутка. А новыя эфектыўныя метады гаспадарання, якія, дзякуючы гэтаму, становяцца даступнымі, прыносяць прыбыткі. Летась, напрыклад, лясгас патраціў 5 мільярдаў рублёў: набыты многааперацыйныя машыны фарвардар і харвестар (абодва — «Амкадор»), прызначаныя для збору, пагрузкі і транспартавання па лесасеках, валоках і дарогах сартаментаў і іншых круглых лесаматэрыялаў. Пагрузачна-разгрузачныя работы, аперацыі сартавання і складавання пры сартыментнай тэхналогіі нарыхтоўкі драўніны сёння таксама выконваюцца механізавана. Прычым, фарвардар можна эксплуатаваць зімой і летам, пры самых розных тэмпературных рэжымах — ад плюс 40 да мінус 30 градусаў. Найлепшыя тэхнічныя характарыстыкі мае і харвестар «Амкадор», прызначаны для валкі дрэў, абрэзкі галін і распілоўкі хлыстоў на сартыменты зададзенай даўжыні.
— Гэтая тэхніка сапраўдны скарб для нас: высокаэфектыўная, надзейная ў рабоце і камфортная, — расказвае Міхаіл Свістун. — Яна дазваляе не толькі павялічыць нарыхтоўку драўніны, але і дае магчымасць атрымліваць якасныя сартыменты і адначасова весці іх улік. Я б сказаў, што наяўнасць такой сучаснай тэхнікі на нашай вытворчасці — гэта сапраўдная рэвалюцыя ў мадэрнізацыі…
Як лічаць у лясгасе, рэканструкцыя і мадэрнізацыя датычаць не толькі матэрыяльна-тэхнічнай базы вытворчасці. Гэта яшчэ (а, магчыма, і ў першую чаргу) ўкараненне новых сучасных тэхналогій, якія прыносяць найбольшы эканамічны эфект. Па словах дырэктара ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас», ва ўсіх лясніцтвах раёна нарыхтоўка драўніны вялася па скандынаўскім метадзе — даволі складаным, але вельмі эфектыўным, які асвоілі амаль усе вальшчыкі. Дзякуючы гэтаму, планы нарыхтоўкі лесу паспяхова выконваюцца і перавыконваюцца. Між іншым, тут плануюць 2013-ы год зрабіць пераломным у арганізацыі вытворчасці: адысці ад практыкі нарыхтоўкі драўніны ўласнымі сіламі, стварыць умовы для аказання паслуг па валцы лесу. Арганізацыя выйшла з прапановай да ўсіх работнікаў, якія дасканала валодаюць скандынаўскім метадам нарыхтоўкі драўніны, перайсці на індывідуальны від дзейнасці. Гэта значыць, што кожны жадаючы вальшчык-прафесіянал можа адкрыць сваю справу і працаваць, што называецца, на сябе. Прыклад такой дзейнасці ўжо ёсць: у лясгасе працуюць такім чынам 4 індывідуальныя прадпрымальнікі. Яны самі рэгулююць свой рабочы дзень, тэхнічную забяспечанасць і г.д. Чым больш выканаюць работы, тым большы іх заробак. Арганізуючы справу такім чынам, і лясгас застаецца ў выгадным становішчы: дасягаецца высокая прадукцыйнасць працы пры тым, што арганізацыя не нясе адказнасці за тэхнічнае забеспячэнне, дысцыпліну і г.д.
Сучасныя метады гаспадарання, як перакананы дырэктар лясгаса, ужо сёлета прыкметна павялічаць вытворчыя паказчыкі, у тым ліку і экспартныя пастаўкі (запланавана за год зарабіць 700 тысяч долараў ЗША).
Работа ў лесе штодзень набірае тэмпы: вядзецца нарыхтоўка драўніны, неўзабаве пачнецца падсочка бяроз, пасадка маладняку, падрыхтоўка да пажаранебяспечнага перыяду… Усё, як заўсёды, але з новымі спадзяваннямі.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *