Рэйд па шэрагу малочна-таварных фермаў паказаў шмат непрыглядных рэчаў, якія снег схаваць не можа
Гэтая паездка, можна сказаць, была экстрэмальнай: не на жарт разгулялася завіруха, засыпала снегам усе шляхі і дарогі, стварыла нямала складаных сітуацый, асабліва работнікам сельгаспрадпрыемстваў. Не перасядзіш у цёплай хаце непагадзь, калі трэба карміць, даіць жывёлу, адпраўляць малако на перапрацоўку — усё павінна быць у штатным рэжыме.
Як аказалася, для многіх непагадзь — гэта нішто ў параўнанні з іншымі праблемамі, якія дзень пры дні «падкідае» рэчаіснасць. Напрыклад, на Альхоўскую МТФ якраз у «спрыяльны» момант завіталі спецыялісты райсельгасхарчу: пасля 5-ці дзён прагулаў, нарэшце, з’явіўся на работу асемянатар. Усе ведаюць, што гэты спецыяліст парушыў працоўную дысцыпліну, што тыдзень работа стаяла на месцы і многае ўпушчана, аднак задаволены: нарэшце «зялёны змей» яго адпусціў. Пазбаўленне за прагулы ўсялякіх даплат і выгод (усё тое, што запісана ў калектыўным дагаворы) тут мала каго палохае, маўляў, за мізэрную зарплату хто будзе асабліва перажываць пра работу. Дарэчы, той жа асемянатар атрымлівае ў месяц 1 мільён 200 тысяч рублёў.
У такіх умовах і пры падобным настроі не дзіўна, што на Альхоўскай МТФ дояць малака ад кожнай каровы на 1,2 кілаграма менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Заканамерны вынік таго, што ўпушчана шмат пытанняў, якія, у канчатковым выніку, уплываюць на надоі малака: аднаўленне статка, кармленне і г.д.
Зноў жа яскравы прыклад: 10 гадзін 40 мінут, а малочны статак яшчэ не кормлены. Загадчыца фермы Валянціна Казлова вельмі хвалявалася, бо разумела, што гэта адмоўна адаб’ецца на надоях малака. Яна тэлефанавала на комплекс, дзе затрымліваўся кормараздатчык «Хозяин», і прасіла паспяшацца. А час ішоў…
— У райаграсэрвісе ў наяўнасці 3 кормараздатчыкі-змяшальнікі, 1 — няспраўны, — у роспачы тлумачыла Валянціна Мікалаеўна. — Не спраўляюцца, затрымкі бываюць, а сёння яшчэ і з дызпалівам праблема…
А яшчэ ў такое надвор’е абавязаны былі спецыялісты спыніць закуп маладняку ў насельніцтва, бо пасля дальніх перавозак нельга гарантаваць, што цяляты застануцца здаровымі.
Толькі тады, як рэйдавая брыгада ад’язджала ад фермы, на гарызонце паказаўся трактар з прычэпленым «Хозяином», які прабіраўся праз снежныя сумёты.
На малочнатаварнай ферме «Вялікае Гарадзішча» нас сустракаў яе загадчык Сяргей Шыпіла. Ён расказаў, што дзённы надой на карову складае ўсяго 5 кілаграмаў малака. Прычын гэтаму шмат. І адсутнасць дыферэнцыраванага кармлення. І нізкая якасць сенажу і сіласу. Да мінімуму зведзена выдача канцэнтратаў. Варта было б пачысціць і падаслаць стойлы кароў, тым больш набліжаліся выхадныя дні.
А вось на рэканструяваных кароўніках панавала зусім іншая атмасфера: жывёла ўтрымліваецца на глыбокай падсцілцы, вольна, без ланцугоў, на кармавым стале дастаткова корму, праўда, раздадзенага са спазненнем.
Дабраліся, нарэшце, да Ліпскай малочнатаварнай фермы СВК «Ліпнянка». Здаецца, тут завіруха гаспадарыла з яшчэ большай сілай. Усе пад’язныя шляхі былі замецены снегам, кормараздатчык мог праехаць толькі з дапамогай «Амкадора», які б расчышчаў яму шлях. Аднак гэта яшчэ толькі планавалася, а на дварэ ўжо поўдзень, жывёлы не кормленыя. Здзівіла і тое, што дзверы ў кароўніках былі ўвесь гэты час расчынены насцеж, скразнякі гулялі па ўсіх памяшканнях, завываў вецер, мерзлі каровы. Як растлумачыла загадчыца МТФ Таццяна Калядзіч, «чакаем прыезду кормараздатчыка…»
Доўгачаканы абед для кароў складаўся з паўгнілога сенажу і сіласу, крыху «здобраных» канцэнтратамі. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Аляксандр Бурбіцкі заклапочаны: хоць бы хапіла і такога корму да канца зацягнуўшайся зімы.
— У сакавіку закупілі 20 тон камбікорму, але ж іх і на месяц не хопіць, — падлічвае заатэхнік. — Прычым канцэнтраты — гэта 50 працэнтаў мукі свайго прыгатавання і столькі ж закупленага камбікорму. Што тут хаваць, вельмі сур’ёзная праблема — безадказныя адносіны да работы. Даяркамі працуюць выпадковыя людзі, але і іх не хапае: патрэбна, як мінімум, 10, а працуе 6 — кожная выконвае работу за дваіх. Зрабіць усё якасна фізічна немагчыма…
Не дзіўна, што сельгаскааператыў мінусуе па надоях малака амаль на кілаграм на кожную карову, прычым і якасць прадукцыі нізкая.
— Ды хто тут будзе асабліва старацца, — пацвердзіла словы заатэхніка памочніца загадчыцы фермы Святлана Бурчыц. — Вось я, напрыклад, атрымліваю паўтара мільёна рублёў, а работы, абавязкаў — хоць адбаўляй. На сумленні ўсё трымаецца, але гэта не заўсёды надзейна.
Словы Святланы Бурчыц пацвердзіліся, калі мы завіталі на цялятнік. Яго выгляд уразіў. На жаль, не з лепшага боку. Стойлы, з якіх, магчыма, з восені не выдалялі гной, а толькі падсцілалі саломай, сталі нагадваць высокія загаро-джаныя пастаменты. Корм — салома, канцэнтраты ляжалі знізу. Няшчасныя жывёліны стараліся дастаць гэтую салому на каленях, выцягнуўшы шыі. Не кожнаму цяляці шанцавала… Худыя, мурзатыя, галодныя — гэта самыя натуральныя здзекі з жывёлін.
Як патлумачылі жанчыны, не хапае рук, сельгаскааператыў спрабуе знайсці работнікаў сярод пацыентаў аблпсіхбальніцы «Крывошын». Пакуль безвынікова. Аднак, гэта не дае права кіраўніцтву гаспадаркі пакідаць нявырашанай праблему.
Цікава было даведацца, як наладжаны справы ў рэканструяваных летась кароўніках. На погляд дылетанта можна было б падумаць, што вось тут, нарэшце, пабачылі парадак: жывёлы ўтрымліваюцца на глыбокай падсцілцы, бяспрывязна, кармленне арганізавана з дапамогай кормараздатчыка — доля ручной працы мінімальная. Але ж, каб гэтыя адноўленыя памяшканні выкарыстоўваліся па прызначэнні. Аказваецца, запоўнілі іх сухастойнымі каровамі і нецелямі, бо да гэтага часу яшчэ не закончаны работы ў даільнай зале.
…І завіруха, і моцны снегапад не замятуць сляды безгаспадарчасці.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.