Результаты военного сотрудничества двух братских народов позволяют говорить о его высоком уровне
У гісторыі нашых краін шмат агульных гераічных старонак. У самых жорсткіх і кровапралітных войнах беларусы і рускія змагаліся плячо ў плячо. І сёння нашы Узброеныя Сілы стаяць на абароне ўзаемных інтарэсаў. На вышэйшым дзяржаўным узроўні заключаны дамоўленасці аб рэгулярным правядзенні сумесных беларуска-расійскіх аператыўна-стратэгічных вучэнняў «Захад», «Шчыт Саюза». Падчас маштабных вучэнняў вайскоўцы дзвюх дзяржаў дэманструюць узровень прафесійнай падрыхтоўкі, адпрацоўваюць пытанні забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы. Прымаюць у вучэннях удзел і вайсковыя часці, што дыслакуюцца ў Ляхавіцкім раёне. І аўтарытэт беларускіх Узброеных Сіл трымаюць: вяртаюцца з ацэнкай «з баявой задачай справіліся». Напрыклад, расійскі палігон Ашулук амаль 10 гадоў з’яўляецца своеасаблівай экзаменацыйнай пляцоўкай. На ёй беларускія і расійскія вайскоўцы павышаюць якасць аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, вучацца адзін у аднаго. Нашы ваеннаслужачыя адзначаюць добразычлівыя і паважлівыя адносіны гаспадароў палігонаў Гарахавецкі і Ашулук. Многія вайскоўцы сталі не толькі калегамі, але і сябрамі.
Па словах камандзіра 1073-га каманднага пункта Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА палкоўніка Сяргея Наліўкі, трывалыя сувязі з расіянамі наладжаны не толькі падчас вучэнняў, але і ў штодзённай службе. Заключана пагадненне аб абмене інфармацыяй пра паветраную абстаноўку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і сумежных дзяржаў. Расія з’яўляецца ўдзельніцай гэтага дакумента. Сёлета ў красавіку ў Баранавічах пройдзе вучэбна-метадычны збор удзельнікаў пасяджэння каардынацыйнага камітэта па пытаннях супрацьпаветранай абароны пры Савеце міністраў абароны дзяржаў — удзельніц СНД.
Дзякуючы сумесным намаганням ваенна-прамысловых комплексаў Расіі і Беларусі, праводзіцца пераўзбраенне беларускіх зенітна-ракетных брыгад. Гэта будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці аховы дзяржаўнай мяжы паветранай прасторы. Заключным акордам усіх мерапрыемстваў стануць сумесныя беларуска-расійскія стратэгічныя камандна-штабныя вучэнні «Захад-2013».
Па словах галоўнага спецыяліста па сацыяльнай абароне і пенсіённым забеспячэнні райваенкамата Таццяны Дарашэнка, з 2010 года ваенкамат накіраваў 24 запыты для атрымання інфармацыі ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Цэнтральны ваенна-марскі архіў. Вядзецца інтэрнэт-перапіска з расійскім абагульненым банкам даных «Мемарыял». Дзякуючы яму, адноўлена нямала імёнаў невядомых салдат, якія вызвалялі Ляхавіцкі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны. За мінулы год былі ўвекавечаны імёны 117 чалавек, сёлета вырашаецца пытанне яшчэ аб 30 прозвішчах раней невядомых салдатаў. У 2011 годзе на тэрыторыі раёна працаваў пошукавы атрад ”Уралец” з расійскага горада Азёрска, у гэтым годзе пошукавікі будуць весці раскопкі на месцы баёў у Брэсце.
Вынікі ваеннага супрацоўніцтва двух братэрскіх народаў дазваляюць гаварыць пра яго высокі ўзровень. А значыць, ніякія межы і адлегласці не могуць сцерці сяброўскія адносіны і агульныя карані.
Наталля ПЕРАПЕЧКА
Фота з сайта http://warrcatsnews.spybb.ru