Да 31 сакавіка ў краіне дзейнічае забарона на лоўлю шчупака
Да 31 сакавіка ў краіне дзейнічае забарона на лоўлю шчупака. Аднак, як паказвае практыка, ніякія забароны і перашкоды не замінаюць рыбакам, якія не паважаюць закон. Так, 23 сакавіка на беразе ракі Шчара каля маста на аўтадарозе Слуцк-Івацэвічы недалёка ад вёскі Мінічы супрацоўнікамі Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету быў затрыманы 31-гадовы жыхар Баранавічаў. Гэты рыбак, узброіўшыся забароненымі для лоўлі сеткамі, так званымі «тэлевізарамі», прыехаў «на шчупака». На парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол і перададзены ў суд Ляхавіцкага раёна. За гэта парушэнне ён можа заплаціць штраф у памеры ад 1 да 5 мільёнаў рублёў.
Забарона на лоўлю ўсіх відаў рыбы будзе дзейнічаць з 1 красавіка па 30 мая. Не варта хвалявацца рыбаловам-аматарам. Яны могуць прыходзіць на сваё паляванне пры ўмове, што будуць карыстацца толькі адной вудачкай з адным кручком ці адным спінінгам. Таксама забаронена выкарыстанне транспартных сродкаў на рыбалоўных угоддзях.
Дарэчы, у мінулым годзе за перыяд забароны рыбнай лоўлі супрацоўнікамі Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 2 чалавекі.
Сяргей БАБКО,
намеснік начальніка
Ганцавіцкай міжраённай
інспекцыі аховы жывёльнага
і расліннага свету.