Шопінг па-ляхавіцку карэспандэнта «ЛВ» адбыўся на мінулым тыдні
Вясной арганізм адчувае недахоп вітамінаў, адказвае на гэта зніжэннем імунітэту, схільнасцю да сезонных хвароб, абвастрэннем хранічных. Самы час зрабіць вітамінную атаку. Добра, калі падчас рэвізіі сваіх запасаў у маразільніку ці падвале знойдуцца рэшткі нарыхтаваных мінулым летам і восенню садавіны, агародніны і ягад. А што рабіць таму, у каго ў кладоўцы пуста? Пайсці ў магазін ці на рынак. Сказана — зроблена.
Першым у поле зроку карэспандэнта «ЛВ» трапіў магазін «Радуга». Крама здзівіла ў добрым сэнсе гэтага слова. Адсутнічае непрыемны пах, які раней неадвязна суправаджаў падчас наведвання магазіна. На паліцах тавар раскладзены, нібы на выставе, прадуктовае суседства вытрымліваецца. Парадаваў асартымент і па найменнях, і па цанавой разнастайнасці.
А што з вітаміннай прадукцыяй? Вока адразу ўпала на прылавак, дзе ляжаць у чаканні пакупнікоў расфасаваныя буракі, цыбуля, яблыкі — на выгляд даволі апетытныя, кошт не кусаецца і, галоўнае, — яны нашы, беларускія. Знайшлося месца і для заморскіх — апельсіны, мандарыны, вінаград. Непадалёку вітрына з замарожанай прадукцыяй — ёсць што купіць. Хто любіць ягады, калі ласка, налятай: маліна і суніцы, замарожаныя ў пластыкавай ёмістасці па 450 грам, коштам у сярэднім 28 тысяч рублёў. Нятанна, канешне, але ж і сезон не ягадны. Не засталіся без увагі аматары агародніны: ёсць асарці і розныя віды агародніны паасобку, напрыклад, зялёны гарошак ці салодкі перац. І замарожаны яны непадалёку — у Іванаўскім раёне (на спажывецкай прасторы знайшоў сваю нішу Іванаўскі «Каапнарыхтпрам»). Неяк нават зайздросна стала: чаму ў Іванава ўмеюць такім чынам захоўваць прадукцыю, а нашы нарыхтоўшчыкі — не? Як аказалася, нараканне такое не зусім дарэчы. Побач размяшчаліся замарожаныя ў пластыкавым вядзерцы прыгожыя, адна ў адну журавіны. На этыкетцы надпіс «Ляхавіцкае райпо». Могуць жа, калі захочуць. Старт справы някепскі, а вось працяг неабходны, у тым ліку, і ў пашырэнні асартыменту. Як адзначыў начальнік аддзела нарыхтовак райпо Віктар Скіндзер, мінулай восенню замарожана 2 тоны журавін, якія адпраўлены ў гандлёвыя кропкі нашага раёна і суседніх, а таксама на перапрацоўчыя заводы, у прыватнасці, у Маларыту, дзе робяць дзіцячае харчаванне. Замарожаныя ляхавіцкімі кааператарамі чарніцы былі ў продажы не толькі ў гандлёвых кропках вобласці, але і ”паехалі” на экспарт — 40 тон адпраўлена ў Польшчу.
Далей у магазіне — цэлая вітрына ў некалькі радоў з гатовай да ўжывання кансерваванай, марынаванай прадукцыяй: салаты разнастайныя, вінегрэты, салянкі, сокі… Багата прадстаўлены і асартымент «ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Пахадзіўшы па магазіне, выснову зрабіла такую: з пустымі рукамі адсюль наўрад ці выйдзеш.
Наступны прыпынак прадуктовага шопінгу — магазін «Кааператар», ці, як прасцей называюць яго многія наведвальнікі, «агароднінны». Тут галоўны тавар — агародніна, наша, ляхавіцкая, якую ў асноўным закупляюць у насельніцтва на працягу года. Бурачкі, морква, бульба… Нядрэнна захаваліся і журавіны — іх прадаюць на вагу. Жадаеце разнастаіць свой рацыён, напрыклад, яблыкамі мочанымі — заходзьце ў «Кааператар» і купляйце: усяго 3700 рублёў за кілаграм, прыгатавалі іх нашы кааператары. Яны ж «аўтары» і квашанай капусты, надзвычай папулярнай сярод пакупнікоў.
Не сакрэт, што мёд лечыць многія хваробы не горш таблетак, ды і ва ўмацаванні імунітэту добры памочнік. У магазіне мёд у продажы, пастаўляе яго сюды мясцовы лясгас.
У асартыменце сухафрукты: і ляхавіцкія (сушаныя яблыкі), і імпартныя — разынкі, чарнасліў, курага. Кожны раз, заходзячы ў гэту гандлёвую кропку, ловіш сябе на думцы: навошта з году ў год спачатку бегаць у пошуку насення, потым садзіць агарод, палоць яго, гадаць, будзе добры ўраджай ці не, а калі будзе, як якасна захаваць яго на працягу зімы, каб і самому хацелася з’есці і не сорамна было іншых пачаставаць. Хаця нехта скажа: сваё ёсць сваё. І, напэўна, мае рацыю.
Што датычыцца вітаміннай прадукцыі ў харчовым аддзеле на першым паверсе Дома гандлю, то яна таксама прысутнічае, як, дарэчы, і кансерваваная, у тым ліку і ляхавіцкага кансервавага завода.
Нельга не ўзгадаць ляхавіцкі рынак, дзе гаспадыні прадаюць лішкі вырашчанай на сваіх прысядзібных участках прадукцыі. Тут і яблыкі, і морква, і буракі, і бульба, і мёд, і ўсякія саленні-варэнні. Уся выстаўленая на продаж смаката праходзіць папярэдні аналіз у лабараторыі санветэкспертызы, якая знаходзіцца непасрэдна на тэрыторыі рынку. За пакупнікамі па-ранейшаму застаецца права выбару: дзе і што купіць.
Галіна КАНЬКО.
Фота http://ntradition.ru