Хутка едзеш? Можаш не даехаць…
Перавышэнне вадзіцелямі аўто скорасных рэжымаў – адна з асноўных прычын дарожна-транспартных здарэнняў. А аматараў паліхачыць на дарогах менш, на жаль, не становіцца. Толькі з пачатку года на тэрыторыі раёна супрацоўнікамі АДАІ выяўлена амаль 700 фактаў перавышэння дазволенай скорасці.
З мэтай мінімізацыі негатыўных сезонных тэндэнцый, а таксама прафілактыкі ДТЗ у цёмны час сутак з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў, актывізацыі выкарыстання святлоадбівальных элементаў з 15 па 24 красавіка на тэрыторыі раёна праходзіць комплекс пра-філактычных мерапрыемстваў пад назвай “Скорасць”.
Варта папярэдзіць, што сёння на ўзбраенні ДАІ маюцца прыборы фотавідэафіксацыі “Візір”, так што ў многіх ліхачоў ёсць рэальны шанц атрымаць заслужанае пакаранне. Яно, дарэчы, прадугледжана артыкулам 18.13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Так, напрыклад, перавышэнне ўстаноўленай скорасці руху на 10–20 кіламетраў у гадзіну пагражае папярэджаннем ці штрафам у памеры да 1 базавай велічыні, ад 20 да 30 кіламетраў у гадзіну – штрафам ад 1 да 2 БВ, 30 і больш кіламетраў у гадзіну – ад 2 да 10 БВ. Калі ж вадзіцель будзе затрыманы двойчы на працягу года за такое парушэнне, ён можа паменшыць сямейны бюджэт адразу на суму ад 4 да 15 БВ або наогул пазбавіцца права кіравання транспартнымі сродкамі на тэрмін да года.
Між іншым, асаблівая ўвага да вадзіцеляў падчас аперацыі зусім не азначае, што пешаходам, веласіпедыстам, возчыкам гужавога транспарту можна быць менш дысцыплінаванымі ў захаванні правілаў дарожнага руху. Бяспечнымі нашы дарогі могуць стаць толькі дзякуючы агульнай зацікаўленасці, неабыякавасці, уважлівасці і ўзаемаветлівасці.
Сяргей ЖЫТКО,
старшы інспектар АДАІ.