Знаёмыя брэнды «Ляхавічок», «Унучок ляхавічок», «Ляхавіцкае» сталі візітоўкай не толькі завода, але, без перабольшвання, і Ляхавіччыны ў цэлым

Фірменны магазін ”Верас” СААТ ”Ляхавіцкі малочны завод” — адна з самых запатрабаваных гандлёвых кропак у Ляхавічах. Тут ніколі не бывае мала пакупнікоў. Сярод багатага асартыменту тавараў асаблівае месца займае малочная прадукцыя менавіта свайго прадпрыемства, якая даўно знай-шла тысячы прыхільнікаў, у тым ліку за межамі нашага раёна і нават краіны. Больш як 60 відаў якаснай натуральнай прадукцыі на розны густ выпускае прадпрыемства. Знаёмыя брэнды «Ляхавічок», «Унучок ляхавічок», «Ляхавіцкае» сталі візітоўкай не толькі завода, але, без перабольшвання, і Ляхавіччыны ў цэлым. Дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі стварыў каманду высокакласных прафесіяналаў — калектыў, нацэлены на вынік і выніковасць. Пяць разоў запар прадпрыемства заваёўвала гран-пры за стабільную якасць прадукцыі ў рэспубліканскім конкурсе «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», а яшчэ была перамога ў конкурсе на саісканне прэміі Брэсцкага аблвыканкама ў галіне якасці і прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. Такія адзнакі дарагога варты. Але не менш важнае і значнае прызнанне прадукцыі ў пакупнікоў. І тут наша «малочка» атрымлівае толькі выдатныя водгукі.
Хто паспрачаецца з тым, што прадукт з павышаным утрыманнем бялкоў, вугляводаў, мікраэлементаў, кальцыю, калію і фосфару карысны і неабходны і малым, і сталым? Менавіта такімі ўласцівасцямі валодае любімы многімі прадукт з серыі «Унучок ляхавічок» ёгурт — «Здаравячок». Наогул, прыкладаў смачнай і здаровай прадукцыі можна прыводзіць шмат. Узяць хаця б біякефір, біятварог, біясмятану. Яны ўзбагачаны карыснымі мікраарганізмамі, неабходнымі чалавеку. Спажыванне такіх прадуктаў дапамагае падтрымаць імунітэт, актывізуе абаронныя сілы арганізма.
Спецыялісты малочнага завода пастаянна шукаюць і знаходзяць нешта новае для пашырэння асартыменту. Кожны год з’яўляецца 18-20 відаў новай прадукцыі. Здаецца, зусім нядаўна пакупнікі рассмакавалі дэсерт — мус шакаладны і малочны з серыі «Ляхавіцкае», а завадчане ўжо сёлета пачаставалі нас мусам з клубніцамі і ванілінам.
Начальнік вытворчасці прадпрыемства Людміла Скараход падзялілася сакрэтам, які асабліва зацікавіць тых, хто незалежна ад узросту, жадае быць стройным, прыгожым і здаровым. У хуткім часе на паліцах магазінаў з’явіцца партыя ёгуртаў з разнастайнымі фруктовымі напаўняльнікамі і без іх (для тых, хто не вельмі любіць са- лодкае ці выкарыстоўвае ёгурт для запраўкі салатаў) з лінейкі нізкакаларыйнай прадукцыі.
Напаўняльнікі — гэта яшчэ адна фішка малочнага. Як расказала Людміла Яраславаўна, на заводзе імкнуцца выкарыстоўваць у асноўным натуральныя напаўняльнікі, а не толькі іх водар. Напэўна, не кожны з нас, пакупнікоў, ведае, што ў плаўленым сыры з грыбамі (яшчэ адна навінка сёлетняга сезона) — у складзе самыя сапраўдныя грыбы.
Дарэчы, плаўленыя сыры робяцца не з цвёрдага сыру, як на большасці прадпрыемстваў, а з высакаякаснага тварагу. Адсюль і такі пяшчотна-слівачны смак.
Тэхналагічная служба ў цесным супрацоўніцтве з маркетынгавай падбіраюць і распрацоўваюць новыя віды малочнай прадукцыі. Абавязкова ўлічваюцца пажаданні тых, для каго і працуе завод, — пакупнікоў. Перш чым навінка прыйдзе да спажыўца, яна спачатку выпускаецца пробнай партыяй у лабараторыі завода і дэгустацыйная камісія выносіць канчатковы вердыкт: ці паступіць новая прадукцыя ў продаж. Такая схема сябе апраўдвае, яшчэ ні адзін від прадукцыі спажыўцы не забракавалі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *