Вельмі актуальная праблема ўзнята ў артыкуле «Слухаецца шклатарная справа», надрукаваным у «ЛВ»
Вельмі актуальная праблема ўзнята ў артыкуле «Слухаецца шклатарная справа», надрукаваным у раёнцы сёлета 10 красавіка.
У нашай краіне будуюцца заводы па перапрацоўцы другаснай сыравіны. Але чула, што прадпрыемства па перапрацоўцы шклянога бою ў Мінску працуе не на поўную магутнасць, бо не хапае сыравіны. Таму частку яе набываюць у замежжы за валюту. Але ж у нас пустыя бутэлькі бадай што пад нагамі валяюцца… Чаму так атрымліваецца?
Мая сваячка штогод да дачкі ў Германію ездзіць, расказвала, што там металічныя накрыўкі ці лязо для галення не выкідваюць на сметнік, а здаюць. І не таму, што людзі жывуць бедна, а таму, што такое стаўленне да справы выгаднае. Немец не будзе гадзінамі шукаць прыёмшчыка ці чакаць у чэргах — да яго па выкліку прыедуць, забяруць і грошы заплацяць.
Знаёмы сабраў старыя баваўняныя рэчы і прывёз здаваць у нарыхтоўчы ларок у райцэнтры. На ўсё гэта ў яго пайшло паўдня, да таго ж з цяжкасцю атрымаў грошы за здадзенае — 4 тысячы рублёў. І даў сабе зарок больш такой справай не займацца.
Як адказны і сумленны грамадзянін я некалькі гадоў бутэлькі не выкідвала, збірала. Хоць і не часта, але ўсё роўна — то госці, то свята, то ад піва, то ад алею. Аднойчы панесла здаваць 12 бутэлек, прынялі толькі 6, астатнія, хоць і цэлыя, чамусьці не ўзялі. Ёсць дома макулатура і непатрэбныя металічныя рэчы, а таксама непрацуючыя тэлевізар, пральная машына, халадзільнік, а яшчэ адслужыўшыя сваё батарэйкі. Што з імі рабіць, куды дзець? Выкінуць проста на сметнік сумленне не дазваляе. Хацелася б ведаць адрасы, дзе гэтыя рэчы прымаюць. Прывучылі ж нас смецце па графіку выносіць, у часы, калі пад’язджае спецыяльная машына. Думаю, што і здачу другаснай сыравіны можна вырашыць такім самым чынам. Даць паўсюдна аб’явы: дзе і ў які канкрэтна час будзе транспарт. Няхай не з першага разу, а з трэцяга справа абавязкова нала-дзіцца. І людзі будуць задаволены, і нарыхтоўшчыкі ў накладзе не застануцца. Для адпрацаваных батарэек можна каля магазінаў невялікія скрыні прымацаваць.
Так хочацца, каб мяне пачулі, і гэта важная для дзяржавы справа вырашалася на месцах па-гаспадарску, з разумным падыходам.
Валянціна ПАБЯГАЙЛА,
г. Ляхавічы.