Услед за «Шляхам новым» у поле выйшлі і сейбіты другіх гаспадарак Ляхавіцкага раёна
З прычыны ландшафтнай, структурнай неаднароднасці зямель на пасяўную дыстанцыю сельгасарганізацыі раёна выходзяць, кажучы спартыўнай тэрміналогіяй, з раздзельнага старту — адзін за другім праз пэўны адрэзак часу. Спачатку — здольныя хутчэй вызваліцца ад лішняй вільгаці і адкрыць дарогу цяжкай тэхніцы пераважна пясчаныя ўзгоркі, пасля — палеткі больш нізкія і больш «тлустыя».
У структуры плошчаў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» ёсць і першыя, і другія, адпаведна, прысутнічае і магчымасць выбраць спелы ўчастак і прыступіць да сяўбы. Што «аэрадром» — такая назва за полем, заціснутым паміж лясным масівам вёскай Залужжа, замацавалася даўно — для сяўбы цалкам паспеў, відаць нават неспецыялісту і здалёк. Па клубах пылу, што шлейфам цягнуліся, а месцамі і «паглыналі» магутную пасяўную тэхніку. У той жа час, бліжэйшай дарогай «выйсці» на сеяльшчыкаў не атрымалася: лужы, гразка. Агарод крайняй вясковай хаты напалову пад вадой, другая палова пакрыта снегам.
Для маладога спецыяліста, брыгадзіра вытворчай раслінаводчай брыгады ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» Кацярыны Кулак сёлетняя яравая кампанія другая на пасадзе. Параўноўвае: «Позняя вясна — нялёгка будзе ўкласціся ў аптымальныя тэрміны. У мінулым годзе пачалі ў сакавіку і да гэтай пары зроблена было вельмі многа. Працуем пакуль толькі адным агрэгатам, але зямля падсыхае, лічыце, імгненна, і як толькі з’явіцца ў тым патрэба, — будуць задзейнічаны яшчэ мінімум два».
МТЗ-3022 у агрэгацыі з глебаапрацоўчым пасяўным комплексам пад камандай Аляксандра Чалевіча прастою не ведае на працягу ўсяго светлавога дня. Ну хіба толькі ў хвіліны мінімальна кароткіх тэхналагічных перапынкаў. Пачынаецца работа ў 7 гадзін раніцы, завяршальны ж круг па полі прыходзіцца гадзін на 8 вечара. Нягледзячы на пэўны ўзровень арганамічнасці, камфорту ў кіраванні сучаснымі трактарамі, напружанасць рытму работы сеяльшчыкаў відавочна. Памятаючы пра тэхналагічную дысцыпліну, безумоўна высокую якасць работ, нельга дазволіць сабе і хвіліннае расслабленне, страту ўвагі і пачуцця адказнасці, важнасці моманту.
Як заўважыла ў пазаўчарашняй размове Кацярына, людзі, тэхніка гатовы працаваць і ў дзве змены. Пакуль прырода такой магчымасці не дае, але як толькі з’явіцца, будзе выкарыстана несумненна. Для падрыхтоўкі глебы, напрыклад, цёмны час сутак не з’яўляецца забаронным. Нават наадварот, калі стаіць задача «дагнаць вясну». У выпадку з райаграсэрвісам гэта азначае ў тэрмін пасеяць і пасадзіць свае 2536 яравых гектараў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.