На Ляхавіччыне, як і па ўсёй краіне, праходзіў суботнік
Красавік па добрай і даўняй традыцыі — самы чысты месяц, месяц добраўпарадкавання. Мінулай суботай, акрамя перадмайскіх дамашніх клопатаў, гараджане і вяскоўцы былі заняты і іншай справай — агульнай важнасці і дзяржаўнай значнасці: на Ляхавіччыне, як і па ўсёй краіне, праходзіў суботнік. Нашы землякі з добрым настроем, энергічныя і натхнёныя талакой выйшлі на добраўпарадкаванне, уборку і азеляненне райцэнтра і вёсак, тэрыторый прадпрыемстваў, двароў, вуліц і паркаў. З цвёрдай упэўненасцю, што, дзякуючы ўсім нам, Ляхавіччына стане яшчэ больш прыгожай і ўтульнай. Хаця райцэнтр і без таго нагадвае суцэльную будаўнічую пляцоўку: Ляхавічы рыхтуюцца стаць сталіцай абласных «Дажынак-2013».
Яшчэ напрыканцы сакавіка ў раёне была створана рабочая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Валерыем Богнатам па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага суботніка. Літаральна за ўсімі прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі замацаваны зоны адказнасці.
20 красавіка больш як 9 тысяч жыхароў Ляхавіччыны выйшлі на свята працы: хтосьці на працоўнае месца — каб пералічыць заробленыя ў гэты дзень сродкі на добрыя мэты, а хтосьці ў двары і на вуліцы горада і вёсак — каб унесці асабісты ўклад у вялікую генеральную ўборку.
Дзяржслужачыя і работнікі культуры, газавікі і медыкі, сувязісты і міліцыянеры, выратавальнікі, сельгасвытворцы, індывідуальныя прадпрымальнікі і настаўнікі, школьнікі і студэнты шчыра і з энтузіязмам працавалі на добраўпарадкаванні 123 населеных пунктаў раёна, наводзілі парадак на 27 брацкіх магілах і 24 воінскіх пахаваннях, добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол 16 помнікаў загінуўшым салдатам. Вучні школ і настаўнікі, навучэнцы і выкладчыкі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, работнікі СВК «Ляхавіцкі» і «Шлях новы», ДП «Нача», ТАА «Ажуруна», райветстанцыі, актывісты БРСМ і «Белай Русі», ветэранскай арганізацыі шчыравалі на добраўпарадкаванні палацава-паркавых ансамбляў «Грушаўка», «Флер’янова», ”Каранеўшчына», «Вошкаўцы», «Нача», Рэпіхаўскага парка. Супрацоўнікі райвыканкама на чале са старшынёй Дзмітрыем Бурдуком уладкоўвалі клумбы на плошчы Перамогі, якая зараз рэканструюецца. Без перабольшвання, агульны настрой — выдатны, бо агульная праца аб’ядноўвае.
У суботніку прынялі ўдзел больш як 200 работнікаў жылкамунгаса. Добраўпарадкавалі кацельні, замацаваныя тэрыторыі, разбівалі кветнікі і газоны (дарэчы, расаду кветак вырошчваюць ва ўласных цяпліцах). Прапанову камунальнікаў правесці ўборку двароў і падвалаў дамоў актыўна падтрымалі жыхары шматкватэрнікаў. У сваю чаргу камунгас забяспечыў вываз сабранага смецця.
Аб’яўлены ў краіне Тыдзень лесу павялічыў плошчу лясных насаджэнняў у нашым раёне на некалькі дзясяткаў гектараў. Пастараліся, у тым ліку і падчас суботніка, работнікі лясгаса, прыродаахоўнай службы, вучні і настаўнікі Жарабковіцкай, Крывошынскай, Мядзведзіцкай, Тальмінавіцкай, Конькаўскай сярэдніх школ.
Прадстаўнікі некаторых гарадскіх арганізацый, службаў, устаноў вырашылі ў гэты дзень падтрымаць сельгасвытворцаў: арганізавана выехалі ў сельгаспрадпрыемствы на пераборку бульбы і збор камення з палёў. Некабінетнай працай, агульнымі памкненнямі мы актыўна падтрымліваем выдатную традыцыю рабочай суботы — з усведамленнем важнасці і важкасці асабістага саўдзелу.
Ляхавічане талакой на рэспубліканскім суботніку зарабілі каля 140 мільёнаў рублёў. Палова гэтай сумы пойдзе ў рэспубліканскую скарбонку, астатнія плануецца зрасходаваць на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў раёна да лета, у прыватнасці, у медыцынскі пункт аздараўленчага лагера «Чайка» будзе закуплена сучаснае медыцынскае абсталяванне. Частку сродкаў мяркуецца зрасходаваць на «абноўкі» для ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, фізкультуры і спорту. «Папрацуюць» заробленыя на суботніку грошы і дзеля рэалізацыі мерапрыемстваў, уключаных у рэспубліканскі і раённы планы правядзення Года беражлівасці.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Больш фота ў раздзеле «Фотагалерэя»
Радуюсь за своих земляков- умеют работать и отдыхать.Все вместе- и руководство, и молодёжь, и жители района. Город обновляется. Все ждут изменений с большим интересом. И деньги, заработанные на субботнике, будут только на пользу. Надеюсь, школьники оценят обновки.
Очень хорошая традиция проводить субботник. Это подталкивает к благоустройству, созданию красоту. Многих не подтолкни- так и будут сидет , а вокруг кучи мусора.