Робат з Ляхавіч
У інстытуце цепламасаабмену Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь сабраліся 5 лепшых каманд гімназістаў краіны на рэспубліканскі асабістакамандны турнір “Планета Крэатыў”, які праводзіўся ў рамках інавацыйнага марафону “Інтэлектуальны капітал”. А папярэднічаў гэтаму адбор праектаў праз інтэрнет. У выніку на рэспубліканскім рынгу сустрэліся юныя і таленавітыя з гімназій Навагрудка, Маладзечна, Ляхавіч і 2 каманды гімназістаў сталіцы.
“Энтузіясты” з гімназіі г. Ляхавічы распрацавалі праект на тэму “Робат для ачысткі, прафілактыкі і абслугоўвання трубаправодаў” і выдатна правялі яго прэзентацыю і абарону. У асабістых заліках першае месца заваявалі вынаходнік Антон Краўцоў і дызайнер Дзмітрый Джэжора, другое – наватар Максім Сіцько, 2 трэціх месцы дасталіся патэнтазнаўцу Аляксею Коршуну і спецыялісту па рэкламе Аляксею Смаршчку. Агульнакаманднае першае месца заваявала ляхавіцкая каманда “Энтузіяст”.
Рэспубліканскі турнір праводзіўся з мэтай развіцця творчай і навукова-тэхнічнай ініцыятывы вучняў, навыкаў асабіста-каманднага ўзаемадзеяння, выяўлення лідараў, папулярызацыі інтэлектуальна-творчага патэнцыялу краіны, прыцягнення моладзі да ўдзелу ў навукова-інавацыйнай дзейнасці.
У скарбонцы гімназістаў з’явілася яшчэ адна перамога рэспубліканскага значэння.
Алег ГАЛАБОКАЎ, педагог-куратар каманды.