Родам з-пад Разані
Марыя Фёдараўна Фаміна была вельмі ўзрушана ўвагай да яе: “ Я не ваявала, я толькі працавала, цяжка і многа…” Калі яна распачала свой расказ пра ваенныя гады, падумалася: і ў тыле быў свой сапраўдны фронт, на якім людзі паказвалі прыклады працоўнага гераізму.
Дзяўчына родам з-пад Разані закончыла сярэднюю школу і марыла вучыцца ў Маскве. Але усё перакрэсліла вайна. Неўзабаве пайшоў на фронт бацька, які працаваў бухгалтарам на торфапрадпрыемстве. Дома — матуля і чацвёра малодшых братоў і сясцёр, якія ўжо вельмі хутка спазналі, што такое голад. І Марыя прыняла рашэнне ісці працаваць на торфапрадпрыемства. Ведала, будзе нялёгка, але разумела, што яна не толькі зможа падтрымаць сям’ю, але і ўнясе свой, хоць маленькі, уклад у абарону Айчыны.
Адгружаныя вагоны торфабрыкету ішлі на Іванаўскую і Камсамольскую цеплаэлектрастанцыі, якія выпрацоўвалі электраэнергію для ваенных заводаў і фабрык, дзе днём і ноччу шылі абмундзіраванне для салдат. Каб спаўна ацаніць важнасць работы, якую выконвала дзяўчына, на імгненне можна ўявіць сабе, што спынена пастаўка паліва на цеплаэлектрастанцыю… Дапусціць такога было нельга, і Марыя побач з многімі жанчынамі і падлеткамі па 12 гадзін у суткі працавала не складаючы рук. Іншы раз, калі не хапала лю-дзей, заставалася на працоўным месцы і на наступную змену. Вельмі цяжка было зімой 1942-га года: лютай выдалася яна. Фрэзерным торфам, брыкетамі напаўнялі 60-тонныя вагоны, Марыі тады было даручана кантраляваць паўнату загрузкі. Рукі прымярзалі да жалеза, а яна з ліхтаром карабкалася па вагонах, вызначала, якія яшчэ патрэбна папоўніць палівам: недагруз мог быць расцэнены як шкодніцтва.
Калі выпадала магчымасць пайсці дамоў і адпачыць некалькі гадзін, гэта было шчасцем: падала на ложак, іншы раз не паспеўшы аддаць матулі хлебныя картачкі. А яны былі для сям’і багаццем: 800 грамаў хлеба не атрымліваў ніхто, акрамя рабочых торфапрадпрыемства. Праўда, быў гэты праснак не самым смачным, жытнёвым, з невядомымі прымесямі, вельмі хутка чарсцвеў, станавіўся нібы каменны. Часта ў дзяцей балелі жываты пасля ежы. Але гэта было лепш, чым голад. Да таго ж усе разумелі, што лепшае адзенне, лепшы хлеб патрэбен там, дзе кожную мінуту рвуцца бомбы, – на перадавой.
У 1943 годзе ў сям’ю, якая верыла ў Перамогу і чакала сустрэчы з бацькам, прыйшоў жалобны франтавы трохвугольнік: геройскі загінуў у адным з баёў… Трагедыю перажывалі і старэйшыя, і малодшыя. Усе разумелі, што больш спадзявацца няма на каго, трэба старацца выжываць самастойна. Калі было асабліва цяжка, дзеці перачытвалі бацькавы лісты з фронту, у якіх ён пісаў: “ Вы шчаслівыя, дзеці, бо маеце дах над галавой, не блукаеце па ваенных дарогах. Гэта вельмі страшна, калі дзеці на вайне…”
Марыя з надзеяй чакала вясны. Не было цёплай вопраткі, усё лепшае памянялі на прадукты. У сакавіку цягнулі з матуляй саначкі з бульбай аж 20 кіламетраў: у адным з населеных пунктаў пашчасціла зрабіць добры абмен, і нейкі час сям’я не галадала.
Да канца вайны падраслі малодшыя, вельмі пастарэла маці, і ўсе яны, па сутнасці, былі на руках Марыі. А яна старалася выстаяць. На вытворчасці, якая працавала для фронта і для Перамогі, Марыя Фаміна таксама была ў ліку першых. Гэта цяпер, успамінаючы былое, думае-гадае, адкуль толькі браліся сілы так многа і цяжка працаваць. А тады, па першым клічы, пасля бяссонных начэй, толькі што адпрацаванай змены, ізноў ішла на завод. Такая самаахвярнасць, адданасць, мужнасць, гатоўнасць да подзвігу – у характары нашых жанчын. У 1945 годзе Марыя Фёдараўна Фа-міна была ўзнагароджана медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.”.
Марыя стала прыкладам для малодшай сястры, якая закончыла школу камітэта дзяржаўнай бяспекі і разам з мужам была накіравана на работу ў Заходнюю Беларусь, трапіла ў Ляхавічы. А з ёй пераехала і сям’я. Водгукі вайны былі яшчэ чутны: праводзіліся аблавы на бандытаў, аднаўлялася разбураная вайной народная гаспадарка. Вельмі патрэбныя былі спецыялісты ва ўсіх галінах, у тым ліку і ў фінансавай. Марыя Фёдараўна, якая даўно марыла асвоіць прафесію свайго бацькі, нарэшце стала бухгалтарам, працавала ў банку. Выгадавала дачку, мае ўнука. Яна дачакалася ціхай, спакойнай старасці, у яе ёсць усё, чаго можна пажадаць. Але і сёння памятае смак таго ваеннага праснака, і на стале ніколі не прападае ніводнай крошачкі: яна ведае цану хлеба.
Аліна ЛАПІЧ.