«Умные» услуги предлагает Ляховичский РУЭС

Для сучаснага чалавека адным з галоўных элементаў камфортнага жыцця з’яўляецца наяўнасць тэлефоннай сувязі і інтэрнэту. Няма іх — і, здаецца, адарваны ад інфармацыі і людзей.

Да прафесійнага  свята раённы вузел электрасувязі традыцыйна падыходзіць з добрымі паказчыкамі. Мадэрнізуецца сэрвісны цэнтр, робяцца літаральна апошнія штрыхі да яго адкрыцця.
Начальнік РВЭС Анатолій Лукашэвіч перакананы, што ўсе члены калектыву (а гэта 52 чалавекі) аб’яднаны ўсведамленнем ролі і задач прадпрыемства, якія выконваюць зладжана і прафесійна. Работа стацыянарнага, лінейна-тэхнічнага участкаў, транспартнай групы неаднаразова адзначалася кіраўніцтвам Брэсцкага філіяла.
Ключавую ролю ў дзейнасці РВЭС адыгрывае аддзел прадаж.
— Супрацоўнікі аддзела, можна сказаць, своеасаблівыя псіхолагі — камунікабельныя, ветлівыя і добразычлівыя, адказна ставяцца да сваіх абавязкаў. Іх задача, з якой яны выдатна спраўляюцца, — знайсці абанента і прапанаваць комплекс паслуг, — адзначае кіраўнік падраздзялення, спецыяліст па маркетынгу камунікацыйных паслуг Мікалай Яцушка (на здымку).
Спецыялісты падраздзялення заключаюць дагаворы і кансультуюць абанентаў, прэзентуюць навінкі Белтэлекама. Па выніках работы за мінулы год Мікалай Яцушка ўзнагароджаны дыпломам Брэсцкага філіяла за дасягненні ў продажы паслуг, а тэхнік па сувязі Жанна Іванюценка занесена на Дошку гонару Брэсцкага філіяла.
Першае звяно аддзела — сэрвісны цэнтр ці група па заключэнні дагавораў на паслугі сувязі, у якой працуюць 3 спецыялісты і 2 аператары па разліку з абанентамі; другое — пункт калектыўнага карыстання, дзе прадастаўляецца калектыўны доступ у інтэрнэт і ажыццяўляецца аплата за паслугі сувязі. Тэхналогіі сувязі, якія ўдала «прадаюцца» аддзелам насельніцтву і дазваляюць выконваць усе прагнозныя паказчыкі, — тэлефанія і перадача даных. Апошняя — гэта высокаскорасны інтэрнэт гандлёвай маркі byfly, інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA і бесправадны інтэрнэт (з прыладай 3G-мадэм). Колькасць тэлефонных абанентаў АТС у раёне па стане на 1 красавіка — 12048 чалавек, карыстальнікаў высокаскораснага інтэрнэта — 3714.
Ляхавіцкі РВЭС з’яўляецца лідарам па колькасці карыстальнікаў лічбавага тэлебачання ZALA — 3812 чалавек яго пастаянныя кліенты (планавыя заданні выкананы на 163 працэнты). Што так вабіць прыхільнікаў ”лічбы”?
— Па-першае — інтэрактыўнасць і зручнасць: чалавек кіруе і падстройвае тэлебачанне пад сябе, глядзіць любімыя перадачы ў зручны для сябе час. Па-другое — разнастайнасць тэматыкі каналаў. Па-трэцяе — выдатная якасць карцінкі і стэрэагук.
Дарэчы, РВЭС і «ЛВ» — даўнія партнёры. Менавіта на вузле электрасувязі ажыццяўляецца запіс і вяшчанне праграмы Ляхавіцкага раённага радыё. А абласная служба 166 Белтэлекама не першы год цесна супрацоўнічае з раёнкай па прыёме аб’яў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *