Вясенні марафон. Працяг
Калектыву СВК «Дарава»
Шаноўныя ўдзельнікі пасяўной кампаніі!
Шчыра віншуем вас з паспяховым завяршэннем сяўбы зерневых і зернебабовых першымі ў раёне. Вы зрабілі сур’ёзную заяўку на важкі колас-2010. Вы, вашы адносіны да справы ў спалучэнні з мудрым кіраўніцтвам, дакладным захаваннем агратэхналогіі, гаспадарскім падыходам да зямлі, клопатам пра яе — прыклад для калег.
Жадаем здароўя, бадзёрасці, новых поспехаў і здабыткаў. Дзякуй за працу!
Дзмітрый БУРДУК, старшыня раённага выканаўчага камітэта.
Яўгеній ЮРЛЕВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Адмысловы вясенні гоман чутны і бачны ўжо паўсюдна. У дрэвах, лугавых угоддзях і асабліва ў полі. Дружна і вельмі натхнёна пайшлі ў рост азімыя. Ды што там: прыкладна дзесяцідзённыя яравыя пасевы і то далі ўжо месцамі першыя ўсходы. Палявыя ж работы працягваюцца і перадых ведаюць хіба толькі ўначы.
Асобныя з сельгаспрадпрыемстваў раёна, між тым, ужо справіліся – поўнасцю ці амаль – з сяўбой групы ранніх зерневых і зернебабовых культур. Сярод выдатнікаў значацца СВК “Дарава”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Канюхі”, “Ляхавіцкі”… Тэмпы і якасць – гэта пра іх.
У дзвюх апошніх гаспадарках, пры ўсім іх адрозненні, мае месца і пэўнае падабенства, характэрныя сёлетняму сельгассезону агульныя моманты. Прынамсі, такая выснова просіцца пасля пазаўчарашняга іх наведвання. “Сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых амаль завяршылі. Іх у нас нямногім больш за 2 сотні гектараў – не так ужо і шмат”, – засведчыў галоўны аграном СВК “Канюхі” Уладзімір Адаська. Амаль — таму, што заставаліся яшчэ незасеянымі невялікія, хоць і даволі частыя, кавалачкі палёў, якія з-за іх пераўвільготненасці падчас асноўных работ даводзілася прапускаць. Нізкія месцы зараз у значнай ступені сталі даступнымі для тэхнікі, пачаргова засяваюцца.
Негатыў, характэрны сёлета і для “Канюхоў”, і для “Ляхавіцкага”, і, магчыма, некаторых іншых гаспадарак раёна, у тым, што далёка не ўсе азімыя пасевы рапсу здолелі “перажыць” зіму. У “Канюхах”, у прыватнасці, поўнасцю вымерзлі 60 гектараў са 150 пасеяных. Аднаўленчыя работы пачаліся і працягваюцца. На змену рапсу азімаму прыйдзе яго яравы сабрат. Культура, па сведчанні спецыялістаў, менш ураджайная, з больш познім тэрмінам паспявання, што стварае дадатковыя складанасці падчас уборачнай кампаніі. Аднак, выбіраць асабліва не даводзіцца.
Паралельна таму канюхоўцы разгарнулі работы і на льняных палетках. У аднаго з самых паспяховых ільнаводаў раёна сёлета гэта культура будзе пасеяна на 120 гектарах. Выкананне работ на прыкладна трэцяй частцы названых аб’ёмаў – здзейснены факт. Дапамагла і паспяхова будзе задзейнічана ў далейшым свежанабытая адмысловая сеялка.
Розніца ў абсалютных лічбах, аднак, падабенства вышэйапісанаму назіраецца і ў “Ляхавіцкім”. Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Івана Вітко, літаральна на кожным з пасеяных палёў меліся некранутыя сеялкай пераўвільготненыя ўчасткі. Падабенства і з рапсам: з пасеяных восенню 160 гектараў 90 перазімаваць не здолелі. Зразумелая справа, патрабуецца замена на яравы аналаг: на момант нашага наведвання перасеў завяршыўся. Для работы выкарыстоўвалася сеялка, прыстасаваная для сяўбы па ржышчы, ці, як у нашым выпадку, па азімых пасевах. Гэткая камбінацыя непасрэдна сеялкі і дыскавай бараны. Аператыўна, хоць не без агратэх-нічных асаблівасцяў.
Увогуле ж сяўба ранніх зерневых і зернебабовых у раёне выйшла за завяршальную чвэрць дыстанцыі. СВК “Востраў-Агра”, нягледзячы на тое, што пачаў сеяць ці не самым першым у раёне, некалькі паадстаў. “Жарабковічы” таксама знаходзяцца ніжэй сярэднераённага паказчыка. Але ж яны і пачыналі апошнімі: вясна на тамашнія глебы прыходзіць пазней.
Іван КАВАЛЕНКА.