2 мая ветерану Великой Отечественной войны Владимиру Дедечко из Ляховичского района исполнилось 90 лет

Тую, некалькі гадоў назад, журналісцкую камандзіроўку ў вёску Заліпенне, карэспандэнты «ЛВ» не забыліся дасёння. Гэта была сустрэча з вельмі цікавым чалавекам — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Уладзімірам Дзядзечкам. Здавалася, слухаць Уладзіміра Васільевіча можна бясконца — так шчыра ён расказваў пра сваё жыццё — столькі падзей і выпрабаванняў.
2 мая ветэран Вялікай Айчыннай вайны адзначыў шыкоўны юбілей — Уладзіміру Дзядзечку споўнілася 90 гадоў! За плячыма — вялікі жыццёвы шлях. На ім было многае, у тым ліку цяжкае дзяцінства, безбацькоўства. Не дзіўна, што яшчэ з маленства ведаў, як пасвіць кароў, араць, сеяць, будаваць. З пачатку фашысцкай акупацыі 18-гадовы Уладзімір разам з дзядзькам трымаў сувязь з партызанамі, адвозіў ноччу ў атрад адзенне, прадукты, быў сувязным — здабываў звесткі пра ворага.
У сакавіку 1943 года ў вёску награнулі фашысты. Сагналі некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат для адпраўкі ў Нямеччыну. Уладзімір разумеў, чым для яго павернецца «шчаслівае» жыццё на чужыне, таму адразу вырашыў: трэба абавязкова уцякаць, нават рызыкуючы жыццём. Пабег каля вёскі Падбарочча аказаўся ўдалым. Некалькі сутак хлопец блукаў па лесе галодны і халодны, пакуль не знайшоў прытулак на хутары каля Малышоў.
На гэтым вайна для Уладзіміра Дзядзечкі не скончылася. Пасля вызвалення раёна яго прызвалі ў дзеючую армію. Кулямётчык 76-й Чарнігаўскай гвардзейскай дывізіі Уладзімір Дзядзечка са сваім верным баявым сябрам «максімам» разам з аднапалчанамі вызваляў ад гітлераўцаў краіны Еўропы. Пацвярджэннем праяўленых у баях мужнасці і гераізму сталі заслужаныя ўзнагароды — ордэны Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступені, шматлікія медалі за доблесць і адвагу. Яны і сёння ўрачыста зіхацяць на святочным пінжаку героя. А потым пачалося мірнае жыццё ў роднай вёсцы, праца ў лясніцтве і мясцовай гаспадарцы.
Ва Уладзіміра Дзядзечкі цікавая і гераічная біяграфія, а яшчэ вялікая і дружная сям’я — дзеці, унукі, праўнукі.
Доўгіх гадоў жыцця, моцнага здароўя і толькі прыемных успамінаў і добрых навін шаноўнаму ветэрану Вялікай Айчыннай вайны жадае «Ляхавіцкі веснік»!
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *