І загучала «Спадчына». Юныя ляхавічане з’яўляюцца ўдзельнікамі ўзорнага ансамбля народнай песні і музыкі «Спадчына» гарадскога Дома культуры
У кожнага пакалення свае музычныя прыярытэты, свае куміры сярод спевакоў і груп, але па-ранейшаму нямала сярод хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат тых, каго прыводзіць у захапленне песня, якую выконвалі іх бабулі, прабабулі. Адны любяць слухаць старадаўнія і вечна маладыя творы, а ёсць і тыя, хто з інтарэсам спявае іх. Менавіта такія юныя гараджане і сталі ўдзельнікамі ўзорнага ансамбля народнай песні і музыкі «Спадчына» гарадскога Дома культуры.
Гісторыя калектыву, багатага на таленавітых удзельнікаў, цікавыя падзеі, шырокую геаграфію выступленняў, пачалася на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады дзіцячая група задумвалася як падрастаючая дастойная змена ансамблю народнай песні «Крыніца» ГДК. Акрамя песеннай творчасці, хлопчыкі і дзяўчынкі разам са сваімі старэйшымі сябрамі – педагогамі – дэманстравалі фрагменты народных абрадаў, танцавалі.
І такім чынам рабілі свой уклад у адраджэнне нацыянальнай культуры. Абодва калектывы тады ўзначаліла ўлюбёная ў народную беларускую творчасць Людміла Ламака.
І загучала «Спадчына» звонка, узнёсла, запамінальна. Яе з задавальненнем запрашалі на разнастайныя канцэрты, праграмы, святы. Дзе толькі ні выступае, радуе слухачоў і гледачоў сваёй творчасцю гэты самабытны калектыў. Вось дзяўчаты ў шыкоўных
вяночках «запальваюць» на свяце Купалле. А гэта ўжо шчадруюць на свяце «А Калядкі – добрыя святкі», услаўляюць Масленіцу і вясну гукаюць. Цікавыя нумары «Спадчына» традыцыйна прадстаўляе на адкрыцці гарадской ёлкі «Калядная саната» і на раённым свяце «Вясёлка дзяцінства». А яшчэ яны актыўныя ўдзельнікі аглядаў-конкурсаў, фестываляў, забаўляльных праграм, якія
ладзяцца на Ляхавіччыне і не толькі.
Пасля такіх выступленняў заўсёды гучаць апладысменты. Гледачы палюбілі ансамбль, а яго ўдзельнікі стараюцца радаваць прыхільнікаў сваёй творчасці новымі песнямі, імправізацыямі, пастаноўкамі.
За амаль трыццацігадовую гісторыю склад ансамбля мяняўся неаднойчы, але кіраўнікам удавалася аб’яднаць рабят з рознымі звычкамі, характарамі, захапленнямі. І заўжды гэта быў вельмі творчы і натхнёны калектыў. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі падбіралі рэпертуар, рэпеціравалі, выступалі, але і вывучалі гісторыю і традыцыі роднага краю.
Аснова рэпертуару – па-ранейшаму народныя песні. Зразумела, зацікавіць сённяшніх падлеткаў спяваць фальклорныя творы не проста, але ў кіраўнікоў калектыву гэта атрымліваецца. Беларускія народныя песні, творы сучасных беларускіх кампазітараў, аўтарскія песні, асаблівая ўвага – на патрыятычную тэматыку – рэпертуар шырокі і разнапланавы.
Званне «ўзорны» ансамблю «Спадчына» прысвоена ў 1995 го-
дзе. І ўжо неаднойчы калектыў яго паспяхова пацвярджаў. У чым сакрэт поспеху?
– Перш за ўсё, у тым, што аб’ядноўвае і рабят, і дарослых, – у любві да песні, сваёй Радзімы, жаданне дарыць людзям радасць, ствараць добры настрой, дабаўляць у жыццё аптымізм, запальваць задорам і энер-
гіяй, – расказвае мастацкі кіраўнік узорнага ансамбля Людміла Ламака.
Дарэчы, пра кіраўнікоў, на якіх калектыву заўжды шанцавала. Людміла Ламака не толькі стварыла ансамбль, але старалася разнастаіць яго рэпертуар, працэс навучання арганізоўвала ад прос-
тага да складанага. Святлана Сталярчук – асоба творчая, сама піша музыку і вершы, асаблівую ўвагу акцэнтавала на здольнасці і інтарэсы ўдзельнікаў, іх узроставыя асаблівасці. Па радках, куплетах, ад ноты да ноты, нібы мадэльер, канструявала кожны нумар для юных выканаўцаў Кацярына Ламака.
Без усякіх сумненняў, ва ўзорнага ансамбля народнай песні наперадзе цікавае жыццё, але, напэўна, свой галоўны прыз яны атрымалі – любоў і сімпатыі гледачоў розных узростаў – равеснікаў і дарослых
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.