Вішнёвы сад

Нарэшце выдаўся па-сапраўднаму вясновы дзень: з самага ранку сонца, яркі нябесны блакіт, здаецца, вішні ў садзе вось-вось выпусцяць лісточкі насустрач абноўленаму жыццю. Уладзімір Пятровіч выйшаў на ганак, у зацішку прысеў на лавачку. — Якая прыгажосць наўкол! А тут і госці на парог — былыя калегі — супрацоўнікі міліцыі — да свайго шаноўнага Пятровіча на дапамогу: трэба пасадзіць бульбу, прыбраць пасля зімы сад. Нечакана новыя візіцёры — журналісты з рэспубліканскай газеты, раённай — усе з адной просьбай: раскажыце, Пятровіч, пра вайну…
Цяжкія гэта ўспаміны, але яны патрэбныя маладым — унукам, праўнукам, каб ведалі і помнілі пра подзвіг сваіх дзядоў.

…Валодзя Пархомчык у 1941 годзе закончыў 9 класаў Сінчанскай сярэдняй школы, што ў Пухавіцкім раёне. Жыццё толькі пачыналася, і хлопцы-падлеткі будавалі планы, выбіралі прафесіі, рыхтаваліся да самастойнасці. Ды сталі яны дарослымі намнога раней: пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацьку і старэйшага брата Аляксандра, якому ўжо споўнілася 18 гадоў, прызвалі ў Чырвоную Армію. Валодзя застаўся ў сям’і за старэйшага. Двух ваенных гадоў хапіла не толькі, каб пасталець, адчуць адказнасць за ўсё, што адбывалася навокал, але і прыняць важнае рашэнне: іду ў партызаны.
Па сутнасці, уся вёска Сінча, асабліва моладзь, паднялася на барацьбу з акупантамі. У атрадзе, якому далі назву «25 гадоў ВЛКСМ», спачатку налічвалася 40 чалавек. І ўваходзіў ён у склад трэцяй Мінскай брыгады імя Будзённага. Смеласцю, хуткасцю, спрытам вызначалася брыгада падрыўнікоў, у складзе якой быў і Уладзімір Пархомчык. Гэтыя 5 хлопцаў найчасцей учынялі дыверсіі на чыгунцы. Спачатку выбіралі зручнае месца, суткамі сядзелі ў засадзе, вывучалі расклад руху цягнікоў, змену каравулаў, чакалі саставаў, гружаных тэхнікай ці жывой сілай праціўніка. Кожны член групы дакладна ведаў сваю работу: па сігналу разведчыкаў хлопцы імгненна закладвалі пад рэйкі тол, маскіравалі яго і паспявалі да выбуху вярнуцца ў засаду. Пад адхон пайшлі тры фашысцкія эшалоны.
— Непадалёку ад чыгункі акупанты нарыхтоўвалі і адпраўлялі ў Германію лес, — расказвае былы партызан. — Смела сябе паводзілі, бо побач размяшчаўся фашысцкі гарнізон…
Маладых партызан гэтыя экстрэмальныя абставіны яшчэ больш настройвалі на аперацыю па захопу фашыстаў-лесанарыхтоўшчыкаў. У белых мас-кіровачных халатах (было гэта зімой) першай пайшла разведка, але ўступіла ў перастрэлку. У гарнізоне падумалі, што на іх партызаны наступаюць, занялі баявыя пазіцыі ва ўмацаваннях, падмогі на лесасеку не выслалі.

У 70-х гадах служыў у Ляхавіцкім РАУС.

— Мы гэтым часам спакойна ўзялі ў палон лесанарыхтоўшчыкаў і вярнуліся ў атрад. А на гарнізон напалі тады, калі нас не чакалі, — расказвае Уладзімір Пархомчык.
Кожны эпізод з партызанскага жыцця ён успамінае і з радасцю, і з журбой. Удалыя аперацыі, якія прыдавалі сілы ў барацьбе з ворагам, заўсёды цяжкія страты сяброў і блізкіх — гэта ўсё старонкі яго жыцця. Дакладней, яго пачатку, бо на той час было юнаку 19 гадоў. Загартаваны, смелы і адданы камсамолец Уладзімір Пархомчык у ліку першых сустракаў і савецкіх танкістаў: у Старых Дарогах партызаны напаткалі бравых воінаў на магутных машынах. Неўзабаве і сталіцу вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
—У разбураным горадзе быў парад войскаў і партызанскіх фарміраванняў, якія вызвалялі Мінск, — працягвае свой расказ ветэран. — Я таксама маршыраваў у складзе партызанскай брыгады. Здаецца, і сёння памятаю той радасны настрой, пачуццё гонару за свой няскораны народ…
Тады ў ліпені 1944 года былы партызан прымераў ваенную форму і з часцямі Чырвонай Арміі рушыў на Захад. З баямі дайшоў да Варшавы.
Трэба думаць і пра мірнае жыццё, якое на вызваленай тэрыторыі толькі наладжвалася. Але рыскалі паўсюдна недабітыя фашысты і ўласаўцы. Уладзіміра Пархомчыка накіравалі на вучобу ў палітчасць, а пасля — на службу ва ўнутраныя войскі: вайна працягвалася для яго і пасля Перамогі. Не адну банду ліквідаваў знішчальны батальён.
У верасні 1945 года Уладзімір Пархомчык падаў рапарт на вучобу ў трохгадовую школу па падрыхтоўцы юрыстаў. У якасці адваката прыехаў працаваць у Гарадзішча Баранавіцкага раёна. Пасля зноў вучоба — юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта і накіраванне ў Ляхавічы.
Вельмі насычаным, багатым на падзеі было яго жыццё, захапляла цікавая і небяспечная работа. Можа таму Уладзімір Пархомчык не захацеў мяняць месца жыхарства, хоць былі прапановы на больш ціхія і спакойныя пасады. Па душы яму і жонцы Надзеі Іванаўне прыйшоўся наш гарадок, дзе ўсё і ўсе на віду.
…Ён бачыў шмат нястач і гора ў пасляваенных вёсках. Праводзілі агітацыйную работу па дзяржпастаўках хлеба, падпісцы дзяржаўнай пазыкі, арганізоўвалі калгасы, стваралі камсамольскія ячэйкі… Голад, многія яшчэ толькі сталі перасяляцца з зямлянак у злепленыя на хуткую руку хаткі. Нягледзячы на гэта, людзі аддавалі часта апошні хлеб, каб пасеяць.
А потым стала лепш. Жыццё працягвалася, мірнае і стваральнае. У Пархомчыкаў падрасталі сын і дачка. Уладзімір Пятровіч пачаў будаваць свой дом і пасадзіў сад, пераважна вішнёвы. Ён заўсёды марыў, што яшчэ будзе час пасядзець на прызбе і палюбавацца вясновай квеценню гэтых казачных дрэў. І абавязкова, каб побач былі яго родныя і блізкія, і каб неба было блакітна-сонечным — мірным…
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Калі матэрыял ужо быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што гэтага Дня Перамогі Уладзімір Пархомчык не дачакаўся. Смуткуем і выказваем родным спачуванні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *