«ЛВ»-70. Дарагі наш патрыёт
У кожным радку гучала вера ў Перамогу. Кожны радок кіпеў нянавісцю да праклятых фашыстаў. Пажаўцелыя лісткі «Совецкага патрыёта» , пазначаныя канцом кастрычніка 1943 года, — першыя нумары газеты, якая была органам Ляхавіцкага падпольнага РК КП(б)Б, пачыналіся заклікам «Смерць нямецкім акупантам!» У Машукоўскім лесе нарадзілася яна, стаўшая самай маладой партызанкай нашага раёна. У Машукоўскім лесе пад шэпт векапомных соснаў ды бяроз складалі ў друкаваныя радкі ад сэрца ідучыя словы пра барацьбу з акупантамі тыя, каго сёння з пашанай і ўдзячнасцю называем першымі ад нараджэння нашай раёнкі газетчыкамі.
У склад рэдкалегіі ўваходзілі Вікенцій Бурло, Павел Вярбіцкі, Якаў Шэвелеў. Непасрэдна кіраваў выданнем сакратар падпольнага райкама партыі Сцяпан Дзесюкевіч, пра гэта і сёння ахвотна і падрабязна ўспамінае Вікенцій Бурло.
Паглядзіце на ксеракопіі матэрыялаў «Совецкага патрыёта», учытайцеся, праз сэрца прапусціце боль і мужнасць, веру і перакананасць, святую любоў і нянавісць, якімі напоўнены яго публікацыі. Газета ваявала, клікала ў бой, натхняла на тое, каб уперад, каб не скарыцца, усяляла веру ў Перамогу.
Мы чытаем пра злачынствы фашыстаў на тэрыторыі раёна, пра акцыі партызан супраць іх, пра земляка, які ў час акупацыі захаваў сцяг райвыканкама, і ўсведамляем: гэта наша гісторыя, такая дарагая і такая наша.
Пасля вызвалення раёна рэдагаваць газету быў прызначаны наш славуты зямляк, ветэран Вялікай Айчыннай Аляксандр Астапаў, чыё імя сёння носіць адна з вуліц райцэнтра. А яшчэ ў рэдакцыі шмат гадоў працаваў былы партызан, добры і спагадлівы чалавек Ісаак Бярковіч. На агеньчык у «мірную» раёнку часта заходзілі былыя франтавікі і партызаны Якаў Мясішчаў, Васілій Каравы, Сцяпан Бусел, Мікалай Стэцко, Алена Пацкевіч, Кацярына Інтарынава і многія іншыя. Няхай іх сёння няма сярод жывых — і яны былі аўтарамі Перамогі, і яны родныя для нашай раёнкі.
Сёлета 24 кастрычніка ёй споўніцца 70 гадоў. Яшчэ неаднойчы мы прагартаем старонкі сваёй газеты. Сёння — з першых яе нумароў, калі «Ляхавіцкі веснік» зваўся «Совецкім патрыётам». Патрыётамі не нараджаюцца? Аказваецца, што нараджаюцца!
Вольга БАРАДЗІНА.