Ляхавіччына: прагучаў апошні званок
Апошні дзень мая, апошні дзень вясны. Ён стаў асаблівым для 272 адзінаццацікласнікаў і 315 дзевяцікласнікаў гарадскіх і сельскіх школ Ляхавіччыны — днём развітання не толькі са школай, але і з дзяцінствам.
Раніца. Двор Крывошынскай СШ напоўнены гулам галасоў, колькі тут кветак, рознакаляровых паветраных шароў, усмешак і добрага святочнага настрою (яго не сапсаваў нават дождж). Як заўсёды, хвалююцца настаўнікі і бацькі, весяляцца пачаткоўцы — канікулы ж пачынаюцца. Імкнуцца быць сур’ёзнымі вучні сярэдняга звяна. А вось 13 адзінаццацікласнікаў, як і 22 дзевяцікласнікі — крыху разгубленыя. Менавіта яны — галоўныя героі ўрачыстай лінейкі, прысвечанай заканчэнню навучальнага года.
Гучалі віншаванні, цёплыя і шчырыя словы, адрасаваныя выпускнікам, усім вучням, настаўнікам, бацькам. Да рабят звярнуўся і старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук:
— Дарагія выпускнікі! Перад вамі вялікая будучыня. Не трэба яе баяцца, усё ў вас абавязкова атрымаецца. Трэба толькі выбраць мэту і прыкласці ўсе намаганні для яе дасягнення. Мы разлічваем на вас, вашы веды і спа-дзяёмся, што праз гады вы вернецеся на Ляхавіччыну дыпламаванымі спецыялістамі, каб працаваць дзеля працвітання нашай краіны.
Віншавалі рабят дырэктар школы Юрый Чаранкевіч, выконваючая абавязкі старшыні Крывошынскага сельвыканкама Святлана Курэц, ад імя шэфаў — дырэктар лясгаса Міхаіл Свістун, першая настаўніца Ала Гуліцкая, класны кіраўнік Вольга Буцько, бацькі, першакласнікі. Святлана Курэц уручыла першаклашкам падарунак ад Белаграпрамбанка — мячы.
Вось і прагучаў апошні школьны званок не толькі для выпускнікоў Крывошынскай школы. Яго з хваляваннем слухалі ва ўсіх школах краіны. Лічаныя дні — і ўчарашнім школьнікам давядзецца спрабаваць свае сілы ў іспытах за права атрымаць студэнцкі білет. Поспехаў вам, выпускнікі, настойлівасці ў дасягненні мэты, спраўджаных мар!
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.