2 чэрвеня УП «Ляхавіцкае ПМС» адзначыць прафесійнае свята
Валодае вельмі вузкай інфармацыяй той, хто асацыіруе меліярацыю адзіна толькі з асушэннем забалочаных ці проста пераўвільготненых месцаў. Меліярацыя — гэта карэннае паляпшэнне зямель у выніку ажыццяўлення шырокага комплексу мер. Асушэннем, у тым ліку і, бадай, у найбольшай ступені. Але і арашэнне, і барацьба з кустоўем-купінамі, і вапнаванне-гіпсаванне, і супрацьэразійныя мерапрыемствы, і ўмацаванне сыпучых пяскоў таксама знаходзіцца ў сферы клопатаў меліяратараў, у тым ліку УП «Ляхавіцкае ПМС».
Эканоміка правіць баль, уяўляецца печкай, ад якой і вакол якой і адбываюцца ўсе падзеі. Сёлета ПМС праводзіць маштабныя работы па падрыхтоўцы нашага райцэнтра да ролі сталіцы абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2013». У якім выглядзе паўстане ў верасні горад, у немалой ступені залежыць і ад Ляхавіцкага ПМС. Напрыклад, адказны і інжынерна зусім няпросты праект па пракладцы гарадской ліўневай каналізацыі даручана ажыццявіць іменна меліяратарам. Не проста, што называецца, «па-зямляцку», а зыходзячы з іх рэальных вытворчых і кадравых магчымасцяў, выканальніцкай адказнасці, што ў суме і выліваецца ў патрэбную якасць зробленага.
Зроблена, дарэчы, ужо нямала і, як падзяліўся думкамі дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Сяргей Юшкевіч, паказальным і асабліва напружаным выдаўся ў гэтым сэнсе красавік: «Анамальны снег сакавіка фактычна выключыў нас з работы. Якая выніковасць можа быць у такіх умовах надвор’я? Дагнаць не па сваёй віне ўпушчанае пастараліся ўжо ў красавіку. Часта працавалі звышурочна, да 9-10 гадзін вечара, каб завяршыць аб’ект максімальна хутка, звесці тым самым да мінімуму нязручнасці для гараджан. Нашы людзі з разуменнем успрынялі такі графік работы. Ніякіх адмоў, за што вялікі ім дзякуй».
Добраўпарадкаванне гарадской зоны адпачынку на рацэ Ведзьма таксама з’яўляецца зонай адказнасці меліяратараў. Ювелірная работа экскаватара ўжо на працягу дзясяткаў прыбярэжных метраў. Работы працягнуцца, і на фінішы пляжнае наваколле будзе не пазнаць: з’явяцца пешаходныя дарожкі, пераходныя масткі, лесвічны спуск да вады. Мяркуецца ўладкаванне прычала, спартыўных пляцовак і многае іншае. Будзем чакаць.
Рэканструяваць меліярацыйную сістэму «Ведзьма», задача якой у асушэнні нізкіх ваколіц горада, — работа для ПМС, што называецца, па ўмаўчанні. Чыстка каналаў ужо ажыццяўляецца, у далейшым запраектавана добраўпарадкаванне тэрыторый, сяўба траў, іншае. «Работа штатная. Хіба крыніцы, якіх тут нямала, уносяць некаторыя карэктывы: бьюць проста з-пад гусеніц экскаватара», — спыняецца на падрабязнасцях кіраўнік прадпрыемства.
Магутнасць і майстэрства калектыву ПМС «на ўра» ідуць і ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна. У цэйтноце сёлетняй яравой кампаніі дапамога меліяратараў прыйшлася некаторым з гаспадарак асабліва дарэчы. Да гэтай пары трактары прадпрыемства знаходзяцца ў карыстанні СВК «Тальмінавічы», «Ліпнянка», ДП «Нача». «Як выкарыстоўваюцца? У прынцыпе, гатовы выконваць любыя сельгасработы. З кіраўніцтвам большасці сельгасарганізацый у нас поўнае паразуменне, хоць, канешне, і не без рабочых спрэчак. Напрыклад, начаўскі дырэктар Мікалай Тарлюк у любых пытаннях ідзе нам насустрач. Не адмаўляе ў месцах для стаянкі машын, садзейнічае іх рамонту ў выпадку такой неабходнасці. Адпаведна і мы — адказваем той жа «манетай», — гаворыць Сяргей Вікенцьевіч.
У працяг — пра «знешнія» стасункі ляхавіцкіх меліяратараў.
«Па чэрвеню» — дырэктарскі выраз — ПМС «закрывае» меліярацыйную сістэму «Альманы» ў Столінскім раёне. Праведзеная рэканструкцыя — уладкаванне новых і ачыстка існуючых каналаў, карчаванне кустоўя і іншыя культуртэхнічныя мерапрыемствы — настолькі задаволіла столінцаў, што кіраўніцтва тамашняга сельгаскааператыва хадайнічае аб далейшым супрацоўніцтве. Прапаноўваецца праект удвая больш аб’ёмны, чым «Альманы».
Ёсць у ляхавічан і дзелавая прапанова ад калег са Столінскага ПМС, з Ганцавіцкага раёна, працягваецца супрацоўніцтва з Баранавіцкім раёнам.
Нестандартным падаецца імкненне нашых меліяратараў атрымаць сертыфікат на права выконваць укладку тратуарнай пліткі і бардзюрнага каменя. Праведзена неабходная падрыхтоўка, і ёсць спадзяванне, што дазвол «прыйдзе» ў бліжэйшы час. «Каб паспець яшчэ папрацаваць на добраўпарадкаванні горада. У камандзіроўках добра, а дома лепш», — тлумачыць пазіцыю дырэктар.
Лічбы, канешне, не зусім фармат для святочнага матэрыялу. Але дзеля дакладнага разумення маштабнасці адзначым: бізнес-план 2013 года вызначае для ПМС падрад у грашовым выражэнні на 13,1 мільярда рублёў. «Але мяркуем выйсці мільярдаў на 18. На гэту лічбу і настройваем людзей. Каб добра жыць», — гаворыць Сяргей Юшкевіч.
Банальны штамп пра сплаў вопыту і маладосці, тым не менш, характарызуе і Ляхавіцкае ПМС. Побач са спрактыкаванымі за дзесяцігоддзі службы прафесіі і прадпрыемству ветэранамі працуюць маладыя спецыялісты. Скарбніца вопыту і майстэрства Ганаровыя меліяратары Белмеліявадгасу Міхаіл Дзянішчык, Іван Краўчук, Аляксандр Гутырчык. Экскаватаршчыкі-ювеліры, за плячамі кожнага цэлая працоўная эпоха, мабыць, сотні тысяч кубаметраў выцягнутага грунту. За працоўныя заслугі да сёлетняга свята «ганаровы» спіс Ляхавіцкага ПМС дапоўніць Анатолій Цімашкевіч. Бульдазерыст Уладзімір Халецкі — адзін з лепшых у сваёй справе сярод меліяратараў вобласці. Прапанову перасесці на іншую марку машыны адхіляў неаднойчы. Угаварылі: параўнальна нядаўна «здрадзіў» свайму далёка не першай маладосці ДТ-75 з прынцыпова іншай машынай айчыннай вытворчасці. Выканаўчай дысцыплінай, якасцю работы вызначаюцца трактарысты Вікенцій Дыдышка, Сяргей Клімовіч і многія іншыя з ляхавіцкіх меліяратараў.

Майстар Аляксей Кулікоў, руславыя рабочыя Віктар Кожан і Аляксей Петух, экскаватаршчык Сяргей Сайко.
«Прыходзіць у калектыў ініцыятыўная моладзь са сваімі ідэямі. Усе — «камп’ютарызаваныя», і, у многім дзякуючы ім, у чэрвені мы завершым распрацоўку і запусцім свой сайт. Гэта не модная тэндэнцыя — неабходнасць. Многія здзелкі, конкурсы, аўкцыёны праводзяцца зараз у «сетцы». Граматным спецыялістам паказаў сябе майстар Вячаслаў Кірыковіч, на такую ж пасаду вярнуўся пасля службы ў войску і Андрэй Шумік. За імі будучыня. Але прыходзяць не толькі ІТР — трактарысты, бульдазерысты, экскаватаршчыкі. Можна нават гаварыць пра канкурэнцыю ў асяродку названых прафесій,» — не без задавальнення адзначае дырэктар.
Здаецца, гаворачы пра заўтрашні дзень ПМС, правільна было б пачаць з Сяргея Юшкевіча. За няпоўны дзясятак пасляўніверсітэцкіх гадоў ён прайшоў на прадпрыемстве ўсе прыступкі службовай лесвіцы. Майстар, прараб, галоўны інжынер, цяпер — дырэктар.
Жыць добра, па версіі Ляхавіцкага ПМС, гэта, у тым ліку, і добра адпачываць. Актыўна, разнастайна, пазнавальна, з карысцю для сябе і на агульную карысць. Спартспаборніцтвы, калектыўныя экскурсіі і экспрэс-туры — трэнд, як модна казаць, ляхавіцкіх меліяратараў. Гэтымі днямі дадатковым для іх святочным бонусам стане паездка ў Нясвіж з наведваннем, у прыватнасці, знакамітага палацавага комплексу і адной з мясцовых аграсядзіб.
Далей — работа. У тым ліку і па стварэнні музея меліярацыі Ляхавіцкага раёна. Пачатак пакладзены. У далейшым жа фарміраванні яго экспазіцый можаце прыняць удзел і вы, паважаныя жыхары раёна. Калі падзеліцеся фотаздымкамі, старымі прыладамі працы, абсталяваннем. Усім, што складае гісторыю меліярацыі раёна.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.