На молочнотоварную ферму в Большую Лотву приезжают, чтобы перенять опыт реконструкции старого в новое

У кожным населеным пункце ёсць нешта адметнае, што, як гавораць, можна паказаць людзям. У вёсцы Вялікая Лотва з нядаўняга часу гэта малочнатаварная ферма, куды сёння едуць, каб пераняць вопыт рэканструкцыі старога ў новае.
Аператары машыннага даення, якія тут працуюць, нават не хочуць успамінаць той час, калі працавалі ў чатырох памяшканнях са старым, амаль што непрыгодным для выкарыстання абсталяваннем: гадавалі цялят, даглядалі малочны статак. Умудраліся і тады дабівацца неблагіх надояў і нядрэннай якасці прадукцыі. Цяпер ужо і ўявіць цяжка малакаправод даўжынёй у кіламетр — такі «шлях» праходзіў сырадой, перш чым трапіць у халадзільнік. Для параўнання: сёння даўжыня малакаправода складае 40 метраў.
У ранейшых умовах не даводзілася нават і гаварыць пра ўкараненне ў вытворчасць новых тэхналогій — ферма выжывала. Мясцовыя даяркі зайздросцілі навасёлкаўскім, якім працавалася з камфортам.
Правесці рэканструкцыю МТФ, каб палепшыць умовы ўтрымання жывёлы, аблегчыць работу людзей (да мінімуму звесці долю ручной працы), старшыня СВК «Шлях новы» Аляксандр Вашчук меў намеры бадай што адразу, як узначаліў сельгаскааператыў. Калі па патрабаванні Прэзідэнта пачалася кампанія па рэканструкцыі старых і будаўніцтва новых памяшканняў МТФ па ўсёй рэспубліцы, планы пачалі ўвасабляцца ў жыццё.
Сучасны комплекс у Навасёлках быў лепшым доказам таго, наколькі важна сёння ўкараняць у малочную жывёлагадоўлю новыя тэхналогіі, бо гэта колькасць, якасць прадукцыі, «жывыя» штодзённыя грошы. А яшчэ — вырашэнне кадравага пытання: працаваць у новых умовах, калі чыста, камфортна, значна менш фізічнай нагрузкі і бачны вынік намаганняў, жадаючых хапае. Іменна пра такія перамены на Вялікалотаўскай МТФ думаў Аляксандр Вашчук.
Сёння тут ёсць на што паглядзець і зблізку, і здалёку: пафарбаваная бетонная агароджа ўзяла пад сваю «ахову» ўсю тэрыторыю фермы, пад’езды і пляцоўкі заасфальтаваны, навокал чысціня і парадак. Памяшканні — асобая размова. Пасля рэканструкцыі, на якую сельгаскааператыў ужо затраціў каля 3 мільярдаў рублёў (з іх каля 2-х мільярдаў ільготныя крэдыты дзяржавы), ферма набыла выгляд сучаснай і ўся работа арганізавана па новых тэхналогіях. Жывёла ўтрымліваецца беспрывязна: у трох памяшканнях — 600 кароў. Выдзелены цэх сухастою, які засялілі 160 жывёлін, функцыянуе радзільнае аддзяленне. Вось-вось пачне працаваць малочны блок: завяршаюцца аддзелачныя работы, манціруецца сучаснае абсталяванне. Плануецца, што малочны блок ні ў чым не будзе саступаць таму, што функцыянуе на новым комплексе ў Навасёлках.
Умовы працы для аператараў машыннага даення і жывёлаводаў таксама будуць ўзорна-паказальныя: для пяці даярак, дзвюх цялятніц, шасці пастухоў, абслуговага персаналу, які адказвае за тэхнічны стан абсталявання, неўзабаве адкрыюцца бытавыя памяшканні, можна сказаць, з усімі выгодамі. Знойдзецца месца для кабінетаў загадчыка фермы і іншых спецыялістаў.
Частка фермы — сучасны «гарадок» для гадавання цялят. На асфальтаванай пляцоўцы размясціліся «кварталы» пластыкавых домікаў для маладняку — пакуль іх 150. Аднак у планах старшыні сельгаскааператыва новая будоўля, якая дазволіць гадаваць значна большую колькасць цялят. Ужо закладзены фундамент для ўзвядзення каркасна-тэнтавага памяшкання, плануецца пабудаваць яшчэ адно. Мяркуецца, што тут размесціцца прафілакторый на 200 галоў маладняку і на такую ж колькасць жывёлы — цялятнік для дарошчвання.
Тое, што сёння ўжо ёсць на Вялікалотаўскай МТФ і што плануецца на будучыню, — сапраўдны стымул у працы для ўсіх. СВК «Шлях новы» — лідар у раёне па рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў і вытворчасці прадукцыі. На малочны завод штодзень з гэтай гаспадаркі паступае па 40 тон сырадою, а сельгаскааператыў залічвае на свой рахунак па 120 мільёнаў рублёў за прададзенае малако. Які ўклад Вялікалотаўскай фермы? Важкі: штодзень адсюль адпраўляецца на перапрацоўку 6 тон малака вышэйшага гатунку, у грашовым выяўленні гэта 17 мільёнаў рублёў.
Аляксандр Вашчук задаволены арганізацыяй работы і вытворчымі вынікамі Вялікалотаўскай МТФ. Калі распачыналася рэканструкцыя і падлічваўся эканамічны эфект ад яе, планавалі, што затраты тут акупяцца прыкладна за 8 гадоў. Сёння старшыня канстатуе: пройдзе максімум 5 гадоў, і малочнатаварная ферма будзе даваць чысты прыбытак.
…Хтосьці дэманструе заезджым людзям прыродныя ці гістарычныя помнікі, іншыя — новыя вуліцы катэджаў, сучасную тэхніку. У СВК «Шлях новы» ўсё гэта ёсць і шануецца. А цяпер яшчэ ў сельгаскааператыве і ўзорныя малочнатаварныя фермы, якія прыносяць гаспадарцы стабільны прыбытак. Не грэх паказаць і гэтыя жамчужыны.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяогея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *