У Ляхавіцкай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы сустракаліся с паэткай Верай Дыдышка

Людзі самых розных узростаў і прафесій прыйшлі ў раённую бібліятэку на сустрэчу з землякамі — паэткай Верай Дыдышка і музыкантам Мікалаем Сокалам са Свяціцы. Паэтычныя зборнікі Веры Дыдышка «Святло душы», «Надзея», якія ўбачылі свет у 2004 годзе, сталі сапраўднай падзеяй у культурным жыцці нашага раёна. Вера Іосіфаўна піша з любоўю і пра любоў. Да зямлі, чалавека, матулі, да жыцця. Творчасць прыносіць ёй вялікае задавальненне, найвялікшую радасць адчуваць, што знойдзена шчырае слова, вобразны малюнак, які ўдала данесены да чытача. Таму і прыхільнікаў творчасці Веры Дыдышка нямала. Гэта і землякі, знаёмыя з творчасцю паэткі са старонак раённай газеты, і чытачы рэспубліканскіх часопісаў «Нёман», «Полымя», «Маладосць», «Настаўніцкай газеты».

Доўгія гады педагагічнай працы вызначылі характар гэтай жанчыны, сфарміравалі погляд на жыццё, людзей, выпрацавалі манеру пісаць пра іх душэўна і ўсякі раз па-новаму. Трэба заўсёды працаваць над сабой — такі жыццёвы прынцып Веры Іосіфаўны, і ён у яе вершах вызначае характар і ўменне адлюстроўваць убачанае па-свойму — шчодра, але не трацячы дарма ні аднаго слова.
Што такое шчасце? Напэўна, кожная жанчына спрабавала адказаць на гэтае пытанне. Але як трапна сказала пра гэта Вера Дыдышка:
Я Богу ў нечым
вельмі дагадзіла:
Такіх харошых хлопцаў
нарадзіла!
Усё ў дарагіх маіх сыночкаў ёсць:
Сумленне, дабрыня
і прыгажосць.
Я самая шчаслівая жанчына,
Бо закахана ў сваіх мужчынаў!
І гэта цудадзейны плён дае:
Шчаслівыя й яны, сыны мае.

Вера Дыдышка вяла шчырую размову з прысутнымі, якія лавілі кожнае слова паэткі. Магчыма таму, што і слухачы яе ўспрымалі гэтак жа душэўна, — атмасфера ў зале была цёплай і добразычлівай. Вера Іосіфаўна расказала, як у яе нараджаюцца вершы, з любоўю гаварыла пра сваю родную вёску, пра школу, у якой працавала, пра сяброў і дарагіх ёй людзей. І, бадай, галоўным радком праз усю яе споведзь праходзіла пажаданне нашчадкам — не цурацца роднай мовы, бо гэта галоўны скарб, які трэба берагчы.
У апошнія гады многія вершы Веры Дыдышка сталі песнямі, дзякуючы мясцоваму кампазітару, мастацкаму кіраўніку Свяціцкага Дома культуры Мікалаю Сокалу. Вера Іосіфаўна лічыць яго сваім вучнем у літаральным сэнсе слова: у школе была яго класным кіраўніком, адзначала, наколькі тонка ён успрымае музыку. Хлопец закончыў Ляхавіцкую музычную школу, Сімферопальскае музычнае вучылішча. Яго першыя песні — «Афганістан», «Наша ХХ стагоддзе». На вершы Веры Дыдышка ён напісаў музыку і атрымаліся песні «Маленне», «Свяціцкая лірычная», «Песня пра маму», «Рапсодыя», «Белая лілея», «Ветэранам». Вера Іосіфаўна расказала гісторыю кожнага сумеснага твора, падкрэсліваючы талент самадзейнага кампазітара.
У час сустрэчы былі выкананы песні, напісаныя сумесна з Верай Дыдышка і асабіста Мікалаем Сокалам, гучалі вершы паэткі з новай кнігі «Узрушэнне сэрца», якая павінна хутка ўбачыць свет.
Пераканана, што пасля гэтай сустрэчы ў Веры Дыдышка і Мікалая Сокала з’явілася шмат новых прыхільнікаў іх творчасці. Прыемна ўсведамляць, што мы жывём побач з такімі таленавітымі людзьмі і маем магчымасць атрымаць асалоду ад прыгожага стылю і меладычнага спеву.
Рыма ПРЫТУЛЬЧЫК,
загадчыца аддзела
абслугоўвання раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *