На мінулым тыдні ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Ляхавічы прайшоў чарговы раённы конкурс пад назвай «Шчаслівы дом — калі дзеці ў ім»
Свет, дзе мы ўсе жывём…
Тут сонейка — адно на ўсіх… Так падчас прэзентацыі на конкурсе замяшчаючых сем’яў разважалі пра сям’ю дзеці.
Для большасці людзей сям’я — самае галоўнае ў жыцці. На жаль, ёсць дзеці, якія па розных прычынах засталіся без бацькоўскай апекі, клопату, пяшчоты. Некаторым з іх лёс падарыў яшчэ адзін шанц знайсці сям’ю — сапраўдную, дружную. Дзяржава клапоціцца пра тое, каб усе дзеці раслі ў паўнацэнных сем’ях, вучыліся з радасцю выконваць дамашнія абавязкі, каб потым, стаўшы дарослымі, самі маглі стварыць і пабудаваць сваю шчаслівую сям’ю. Для гэтага і існуюць ў нашай краіне замяшчаючыя сем’і. На сённяшні дзень на Ляхавіччыне іх 80: 45 прыёмных, 32 апякунскія і 3 дамы сямейнага тыпу. Гэта сёння ўсе яны шчаслівыя аднолькава, як сапраўды геніяльна вызначыў шчаслівыя сем’і Леў Талстой. Але дарога да гэтага шчасця была няпростай і для дзяцей, і для дарослых.
На мінулым тыдні ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў чарговы раённы конкурс пад назвай «Шчаслівы дом — калі дзеці ў ім». У гледачоў, якіх была поўная зала, раз-пораз на вочы набягалі слезы. Справа ў тым, што спаборнічалі ў творчасці сем’і незвычайныя — замяшчаючыя, так называюць іх у дакументах. У першым этапе конкурсу прынялі ўдзел больш як 20 сем’яў. На суд журы яны прадставілі «Кнігу жыцця» дзяцей, таксама ўлічвалася і афармленне дзіцячага пакоя. Пы выніках папярэдняга этапу ў фінал прайшлі 5 сем’яў: Вілько з вёскі Крывошын, Кажакар з Альхоўцаў, Гачко з аграгарадка Ліпск, Кульбіцкіх з Малога Гарадзішча і Калядзіч з Ляхавіч.
Фінал сапраўды быў падобны на казку. Колькі цікавых, запамінальных, вясёлых, шчырых і шчымлівых момантаў было падчас трох іспытаў: прэзентацыі сем’яў «Пазнаёмцеся: гэта мы», «Педагагічная майстэрня» (у ёй бацькі дэманстравалі прафесіяналізм у вырашэнні праблемных сітуацый, звязаных з выхаваннем дзяцей). А конкурс «Творчая майстэрня» і ўвогуле пакарыў і гледачоў, і журы. Якія ж таленавітыя і рабяты, і дарослыя! А разам і ўвогуле ствараюць сапраўдныя шэдэўры: карціны, пано, вышыванкі, абярэгі, розныя ласункі. А яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі спяваюць, танцуюць, складаюць вершы. І ва ўсім галоўныя памочнікі — мамы, таты, брацікі і сястрычкі, няхай нават і ўжо дарослыя.
Даволі не проста было журы вызначаць пераможцу. Але ўсё ж конкурс ёсць конкурс. У выніку перамогу святкавалі ліпчане — Яніна Гачко і яе сыны — 12-гадовы Валерый і 6-гадовы Даніла. На другім і трэцім месцах адпаведна сям’я Валянціны Кажакар і самая маладая па стажы прыёмная сям’я Віктара і Галіны Кульбіцкіх.
Усе ўдзельнікі фіналу атрымалі падарункі ад аддзелаў адукацыі, па справах моладзі райвыканкама, райкама ГА БРСМ, касметычнай маркі LivDelano.
Таццяна ГАЎДЗІС,
педагог-псіхолаг
сацыяльна-педагагічнага
цэнтра.
Віктар і Галіна Кульбіцкія — бацькі двух дарослых сыноў, якія даўно жывуць асобна ад бацькоў. Пра дачушку муж і жонка Кульбіцкія марылі даўно. І вось лёс падарыў яе: крыху больш за паўгода, як у іх сям’і з’явілася Насця. З таго часу сонейка не перастае свяціць у вокны іх дома. Здаецца, прайшло зусім мала часу, як дзяўчынка жыве ў новай сям’і, але яна паспела стаць тут роднай і любімай. Галіна і Віктар акружылі дзяўчынку клопатам, увагай, дабрынёй і пяшчотай. І Настачка, у якой у яе яшчэ нядоўгім жыцці было нямала гора і слёз, адтаяла, ажыла, нібы кветачка, якую, нарэшце, палілі пасля доўгага перапынку. Яна нібы па-новаму вучылася ўсміхацца, радавацца жыццю і, галоўнае, ўсведамляць, што камусьці патрэбная, што яе любяць, радуюцца яе поспехам і першым перамогам. Настачка ў сям’і Кульбіцкіх свая.
І як жа падчас конкурсу дзяўчынка азіралася, шукаючы пахвальны погляд мамы Галі і бадзёры — татачкі Віці.
Некалі, шмат гадоў назад, з адной з тэлепраграм сям’я Гачко даведалася пра няпросты лёс хлопчыка, бацькі якога прамянялі дзіця на кампаніі і алкаголь. І моцна зашчымела сэрца ў Яніны Іосіфаўны. Так ёй было шкада хлопчыка, што гатова была адразу кінуцца і забраць яго з дзіцячага прытулку. Параілася з мужам, дарослымі дочкамі і, не адкладваючы на потым, паехала за ім.
У жыцці, на шчасце, бываюць цуды. З цягам часу родная маці хлопчыка адумалася, узялася за розум, і органы апекі вярнулі ёй хлопчыка.
— Цяжка было развітвацца, плакала — не тое слова. Але ўсё ж яна — родная маці, — расказвала Яніна Гачко.
Неяк пуста стала ў доме. На сямейным савеце сабраліся, пагаварылі і… ўзялі на выхаванне яшчэ аднаго хлопчыка. Валера жыве ў сям’і чацвёрты год. Гэта вельмі цікаўны, няўрымслівы, вясёлы і завадны хлопчык.
— Мая мама — самая-самая лепшая, — сёння з пяшчотай гаворыць Валера пра Яніну Іосіфаўну.
— І я яе вельмі люблю, — тут жа дадае 6-гадовы Данілка. Ён у сям’і Гачко нядаўна. Але адразу пакарыў усіх і дарослых, і новага браціка Валеру шчырасцю і непасрэднасцю. У сям’і Гачко разам усім так добра. А паслухаць сямейны міні-хор і ўвогуле задавальненне. А песня, як вядома, жыць і будаваць дапамагае.
Пра сваю 14-гадовую прыгажуню і разумніцу Кацярыну Валянціна Кажакар гатова гаварыць бясконца.
— Гэта такое шчасце і радасць, што ў мяне ёсць Кацюша! Мае ўласныя дзеці дарослыя, я нават ужо бабуля. А з таго моманту, як ў маім доме з’явілася Каця, жыццё набыло новы сэнс, — з хваляваннем гаворыць Валянціна Юльянаўна.
Каця не першы год жыве ў сям’і Кажакар, для яе Валянціна Юльянаўна па-сапраўднаму стала мамай, а яе дзеці — братам і сястрой. Менавіта сястра навучыла Кацю рабіць прыгожыя рэчы са звычайнага матэрыялу — паперы, фольгі, а яшчэ вышываць, займацца салома-пляценнем і многаму іншаму. Заўсёды побач — падкажа, параіць — мама. Увогуле, Каця — творчы і таленавіты чалавек. У яе цудоўны голас, а яшчэ яна спрабуе складаць вершы. Марыць пра тое, каб мама заўсёды была здаровай і жыла доўга-доўга, а навокал усе бераглі адзін аднаго.
Галіна КАНЬКО.