Пуцявік з Зарэчча

Па слаўнай традыцыі штогод 9 мая у гасцінным доме Івана і Марыі Чарняўскіх збіраюцца родныя і блізкія, каб разам адзначыць вялікае свята – Дзень Перамогі. А як жа інакш, галава сям’і Іван Сцяпанавіч унёс сваю часцінку ў перамогу над ворагам.
Нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў ён у невялікай вёсцы Зарэчча Ляхавіцкага раёна. У 1943 годзе 18-гадовы юнак разам з равеснікамі-аднавяскоўцамі вучыўся на бухгалтарскіх курсах у Барана-вічах. У адзін з дзён да іх зайшлі фашысты, і іх прыспешнікі-паліцаі прапанавалі “добраахвотна” паехаць на работы ў Германію.
– Ніхто не хацеў ехаць і быць парабкам у нацыстаў. Каб не адправілі ў Германію, разам з сябрамі ўцёк працаваць на чыгунку. Было вельмі цяжка: з самага ранку да позняга вечара — работа.
Менавіта з таго часу ў юнака наладзіліся стасункі з партызанамі. Пуцевікі пастаўлялі сувязным звесткі пра фашысцкія эшалоны, здабывалі зброю, дапамагалі харчаваннем і адзеннем, неаднойчы рызыкавалі жыццём. Але інакш не маглі, бо не хацелі мірыцца з тым, што вораг топча родную зямлю, забівае людзей і імкнецца навесці свой парадак.
Пасля доўгачаканага вызвалення Беларусі Івана Чарняўскага разам з іншымі аднавяскоўцамі, якія дасягнулі прызыўнога ўзросту, прызвалі ў дзеючую армію. Трапіў у Мінскі запасны полк сувязі, адтуль накіравалі на далейшую вучобу ў Маскву. Менавіта там пачулі доўгачаканую вестку – Перамога! Але для радавога Чарняўскага вайна працягнулася, праўда, ужо на Далёкім Усходзе з мілітарысцкай Японіяй. У складзе 717-га палка сувязі 277-й дывізіі Іван Сцяпанавіч разам з аднапалчанамі чакаў сігналу (у якасці якога павінны былі прагучаць стрэлы знакамітай “кацюшы”) для пачатку наступлення.
– Мы ішлі другім эшалонам. Адзін з салдат-смертнікаў японскай арміі забіў начальніка штаба. А на пяты дзень наступлення такі ж лёс ледзьве не напаткаў і мяне. Крокаў дзесяць заставалася да смерці, – расказвае былы сувязіст. Гэта і стала яго баявым хрышчэннем. Потым былі іншыя баі, давялося суправаджаць і калону з боепрыпа-самі.
Мабыць, анёл ахоўваў радавога Чарняўскага. Ён цудам застаўся жывым, калі падарваўся эшалон з савецкімі салдатамі. Памятае і свой апошні бой у гарах Маньчжурыі. Потым была служба на станцыі Лазо каля Уладзівастока. У красавіку 1947 года Іван Чарняўскі дэмабілізаваўся.
Мірнае жыццё салдат не ўяўляў без роднай Беларусі і такой мілай і дарагой сэрцу вёскі Зарэчча. Таму, нягледзячы на прапановы прадаўжаць воінскую службу, юнак вярнуўся дамоў. Там і даведаўся, што з дзевяці сваякоў (шасцёра загінулі на вайне, а двое памерлі) у жывых застаўся толькі ён.
– Адразу пайшоў працаваць на чыгунку. Так і застаўся там амаль на цэлае жыццё. Да 1993 года быў пуцевіком, абслугоўваў участак чыгункі Русіно – Кавалі. Ведаў кожную рэйку, кожную шпалу на сваім участку, – расказвае пра сваю работу Іван Сцяпанавіч.
У каханні і згодзе, падтрымліваючы і дапамагаючы адзін аднаму ўжо 59 гадоў разам Іван Сцяпанавіч і Марыя Лук’янаўна Чарняўскія. Нялёгкім было іх пасляваеннае жыццё, але ўсё ж радасных імгненняў было значна больш. Шчырымі, спагадлівымі, працавітымі выраслі абедзве дачкі, радуюць двое ўнукаў. Дарэчы, 23-гадовы ўнук Дзмітрый свядома вырашыў узяць дзявочае прозвішча маці, каб прадоўжыць род Чарняўскіх, хутка ў яго маладой сям’і – папаўненне, і медыкі абяцаюць, што народзіцца хлопчык. Магчыма, ён таксама будзе мець матэматычны склад розуму, як і яго мужны і працавіты пра-дзядуля Іван, які ў 85-гадовым узросце можа без лічыльнікаў і паперы множыць трохзначныя лічбы…
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *