Ляхавіцкія гімназісты паказалі нядрэнныя рэзультаты
У студзені Брэст і Кобрын прымалі лепшых юных інтэлектуалаў Брэстчыны – удзельнікаў абласных прадметных алімпіяд. Ляхавіцкая каманда ў складзе 23 разумнікаў, пераважна з гарадскіх школ, удзельнічала ў спаборніцтве па большасці прадметаў.
Поспех спадарожнічаў самым кемлівым, эрудзіраваным і падрыхтаваным. Дыплом ІІ ступені па біялогіі — у 10-класніка гімназіі Сяргея Краўцэвіча (настаўніца Ніна Смаршчок). Удала выступілі і знаўцы замежных моў. Дыплома ІІІ ступені ўдастоены таксама гімназісты – 10-класніцы Алёна Максімчык (настаўніца Ніна Касміна) па англійскай мове і Юля Сілакова (настаўніца Марыя Чыркун) па нямецкай мове. Трэцяе месца па геаграфіі ў інтэлектуальных баталіях заняў вучань 11 класа СШ № 2 райцэнтра Сяргей Дыдышка (настаўніца Марыя Ракуць). Па выніках алімпіяды трое нашых юных землякоў атрымалі пахвальныя водзывы. Па матэматыцы і астраноміі – выпускнікі гімназіі Максім Ціхан (настаўніца Валянціна Русакевіч) і Арцём Прыхач (настаўнік Пётр Чарток), па рускай мове – 11-класніца СШ № 2 Кацярына Маліхтаровіч (настаўніца Ала Долмат).
У хуткім часе Сяргея Краўцэвіча чакаюць яшчэ больш складаныя іспыты на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. Жадаем поспеху Сяргею і іншым таленавітым рабятам, а таксама іх настаўнікам.
Таццяна ГЕРАСІМАВА, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама.
Молодцы, ребята! Так держать! Гордимся вами! =)