Представители 56 стран мира принимают участиев в XV Всемирном конгрессе русской прессы
20 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыўся XV Сусветны кангрэс рускай прэсы. У пленарным пасяджэнні кангрэса прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў Сусветнага кангрэса рускай прэсы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на тое, што яны прадстаўляюць самыя розныя краіны, а іх выданні выказваюць самыя розныя пункты гледжання на падзеі, усіх іх аб’ядноўвае адно — вялікая, багатая і мудрая руская мова. «Менавіта яна стварае ўнікальную духоўную прастору, якая ўмяшчае ў сябе мільёны людзей ва ўсіх кутках нашай планеты», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі асаблівае стаўленне да рускай мовы. «Добра помню, як на мяне пасыпаўся град абвінавачванняў нашых мясцовых радыкалаў-нацыяналістаў за мае словы аб тым, што для беларуса руская мова не чужая, а родная, гэта агульны здабытак і рускіх, і ўкраінцаў, і беларусаў… Я і сёння цвёрда прытрымліваюся такой пазіцыі. Руская мова стварыла вялікую рускую культуру, якая таксама з’яўляецца здабыткам многіх народаў і да якой, калі браць паняцце рускай культуры і рускай цывілізацыі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, адносімся ўсе мы», — сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што ў Беларусі ўдалося пабудаваць мірную, спакойную, добрую краіну, у якой нікому нават у галаву не можа прыйсці думка цясніць чалавека з-за таго, што ён размаўляе на нейкай «не той» мове.
Прэзідэнт адзначыў, што ў аснову беларускай дзяржаўнасці і таго, што прынята называць беларускай мадэллю развіцця, пакладзены асаблівыя духоўныя каштоўнасці і культурныя дасягненні, якія далі чалавецтву руская цывілізацыя, рускі свет. «Салідарнасць і справядлівасць — вось два ключавыя словы, якімі можна было б апісаць прынцыпы, якіх мы прытрымліваемся», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
На думку Прэзідэнта, няма вялікай праблемы ў тым, што з каласальным ростам папулярнасці інтэрнэту ў крызісе могуць аказацца друкаваныя выданні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многія такія выданні асвоілі выпуск электронных версій і паспяхова канкурыруюць у інтэрнэт-прасторы. «Гэта яшчэ раз пацвярджае просты факт: у аснове ўсяго застаецца жывое слова. Так было заўсёды ў гісторыі чалавецтва і, напэўна, так будзе і ў далейшым. Слова і думка даносіліся рознымі тэхнічнымі спосабамі — ад старажытнага папірусу да сучаснай камп’ютарнай сеткі, — але галоўнымі ўсё роўна заставаліся сэнс і змест», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што таму дачасна гаварыць аб адміранні прафесіі журналіста, выдаўца і рэдактара. «Дзякуючы інтэрнэту тэхнічна кожны можа стаць «журналістам» і вяшчаць аб чым заўгодна. Але гэта зусім не значыць, што кожнаму гарантаваны ўвага чытачоў, поспех і прызнанне. Майстэрства, нягледзячы на любыя тэхнічныя навацыі, па-ранейшаму застаецца рэдкасцю. Па-ранейшаму сапраўдныя таленавітыя тэксты здабываюцца працай, вышэйшым напружаннем розуму і волі. Таму будучыня прэсы, будучыня СМІ ўсё роўна застанецца за такімі людзьмі, як вы, — таленавітымі, сумленнымі і адданымі сваёй справе», — сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў кангрэса. Прывітанне ўдзельнікам форуму накіраваў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Глыбока сімвалічна, што ў гэтым годзе Сусветная асацыяцыя рускай прэсы праводзіць форум у Беларусі, у праслаўленых гарадах Мінску і Брэсце, гаворыцца ў прывітанні, якое зачытаў прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы Віталь Ігнаценка.
Ён падзякаваў Беларусі за гасціннасць. Адзначыў таксама, што ў краіне добра ставяцца да рускай мовы і яна глыбока ўвайшла ў культуру народа.
Сусветны кангрэс рускай прэсы — традыцыйная штогадовая сустрэча кіраўнікоў рускамоўных СМІ замежжа, на якой абмяркоўваюцца актуальныя пытанні развіцця сусветнай рускамоўнай інфармацыйнай прасторы, захавання рускай мовы, чацвёртай па распаўсюджанасці ў свеце.
У XV Сусветным кангрэсе рускай прэсы прынялі ўдзел журналісты з трохсот сродкаў масавай інфармацыі — газет, часопісаў, інфармацыйных агенцтваў, інтэрнэт-выданняў, тэлеканалаў, радыёстанцый і праграм рэгіянальнага радыёвяшчання з 56 краін.
Удзельнікі XV Сусветнага кангрэса рускай прэсы былі запрошаны ў Брэст, дзе раніцай 22 чэрвеня прынялі ўдзел у памятных мерапрыемствах у Брэсцкай крэпасці-героі.
Па інфармацыі БЕЛТА.