У Ляхавічах Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны быў прысвечаны аўтапрабег з удзелам членаў грамадскіх аб’яднанняў

Удзельнікі аўтапрабегу.

Самаму доўгаму дню ў годзе наканавана было стаць Днём усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай: у самую кароткую ноч 72 гады назад пачалася вайна…
Вымярэнне ахвярнасці і гераізму. Памяць святая, памяць балючая. Далей па часе — не далей ад сэрца: вялікае бачыцца на адлегласці. Выпрабаванні Айчыннай, высокі подзвіг, Вялікая Перамога.
Менавіта ў Брэсце пачыналіся доўгія вёрсты вайны і адсюль, з першага яе імгнення, — шлях да Перамогі. Праз кроў і полымя, праз смерць і запаленыя зоркі, праз «Паміраем, але не здаёмся!» і «Смерць фашысцкім акупантам!».
Больш сямі дзесяцігоддзяў аддзяляюць нас ад таго страшнага 22-га дня першага месяца лета. У гэты ж дзень, у той жа час, а дакладней, роўна ў 4 гадзіны раніцы цяпер наш прыгожы і любімы Брэст шчымліва ўспамінае, як яно было. І ў Брэсцкай крэпасці адбываецца мітынг-рэквіем. І няма ніводнага раўнадушнага, таму што на раўнадушнасць — табу, таму што гаворыць гісторыя, таму што світанкі ў нас ціхія і мірныя.
Сёлета ў крэпасці-героі, як заўсёды, успаміналі яе абаронцаў. Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны тут перазахавалі астанкі двух чырвонаармейцаў, знойдзеных пошукавікамі, і імя аднаго з іх ужо вядомае (на флязе выгравіравана В. П. Пешахонаў)…
Кадры рэпартажу з Брэста, з крэпасці-героя ўрэзаліся ў душу і засталіся ў ёй. Такая памяць нам патрэбна — памяць, якая загартоўвае сэрцы. Словы старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара, які падзякаваў ветэранам, шчымлівая мелодыя над начным горадам, белыя галубы ў небе, рамонкі ў руках дзяўчынкі, якая накіроўваецца да Вечнага Агню, слёзы ў вачах сівога ветэрана, сённяшнія салдаты ў ганаровай варце — мір нашаму дому!
Дарэчы, удзельнікі ХV Сусветнага кангрэса рускай прэсы з 56 краін свету разам з брастаўчанамі бачылі і ўспаміналі тое, што забыццю не падлягае.

У Ляхавічах Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны быў прысвечаны аўтапрабег з удзелам членаў грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», БРСМ, Беларускага саюза афіцэраў, раённай ветэранскай арганізацыі, таварыства Чырвонага Крыжа. Пачаўся ён мітынгам на плошчы Перамогі ў райцэнтры і ўскладаннем вянкоў да помніка загінуўшым воінам. Потым маршрут пралягаў да Завінскай горкі і Кургана Славы, да падножжа якога таксама былі ўскладзены кветкі. Наогул, у гэты дзень, мусіць, да ўсіх помнікаў і абеліскаў над магіламі савецкіх воінаў, загінуўшых у баях з фашыстамі, ляглі вянкі, карзіны кветак ці букецікі — не важна, з ружаў ці палявых валошкаў і рамонкаў…
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *