Один день с чемпионами провели школьники СШ №1 г.Ляховичи

Узяць на памяць аўтограф, сфатаграфавацца і задаць пытанні тытулаваным спартсменам вобласці маглі члены алімпійскага клуба СШ №1 г. Ляхавічы. 23 чэрвеня ў Брэсце яны прынялі ўдзел у Міжнародным алімпійскім дні, які праходзіў пад кіраўніцтвам старшыні прадстаўніцтва НАК па Брэсцкай вобласці, намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка.
На плошчы Алімпійскай славы Брэстчыны ў прысутнасці чэмпіёнаў і ўдзельнікаў алімпійскіх гульняў, ветэранаў спорту 3 новыя медалі з імёнамі алімпійскага чэмпіёна гульняў ХХХ Алімпіяды ў Лондане Сяргея Мартынава, бронзавых прызёраў Ірыны Кулешы і Любові Чаркашынай упрыгожылі стэлу. Спартыўнае свята прадоўжылася ў лёгкаатлетычным манежы на VI абласной Алімпійскай спартакіядзе.Тут 20 каманд — прадстаўнікоў клубаў «Юны алімпіец» з усёй Брэстчыны — мераліся сіламі ў хуткасці і спрытнасці. Пераходны кубак спартакіяды застаўся ў Брэсце. Усім удзельнікам спаборніцтва ад абласнога прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта былі ўручаны салодкія прызы і сувеніры з сімволікай НАК.
Вярталіся рабяты з цудоўным настроем і ні з чым не параўнальнымі ўражаннямі ад стасункаў са спартсменамі і асаблівай атмасферы праведзенага дня. Па словах юных алімпійцаў з СШ №1, удзел у такім свяце — ганаровы і прэстыжны. Гэта натхняе на рэкорды і новыя конкурсы і спартыўныя мерапрыемствы.
Хто ведае, можа праз пару гадоў з’явяцца на стэле і медалі, якія будуць заваяваны нашымі землякамі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота прадастаўлена настаўніцай СШ №1 г.Ляхавічы Вольгай ДЫДЫШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *