Вручение оружия новому пополнению в 1073-ем командном пункте Западного оперативно-тактического командования Военно-воздушных сил и войск ПВО
Шмат слаўных традыцый і рытуалаў на 1073-ім камандным пункце Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў СПА. Адзін з іх — уручэнне зброі новаму папаўненню — адбыўся ў першы дзень ліпеня.
Рады ваеннаслужачых КП падчас гэтага прызыву папоўнілі 8 маладых салдатаў — нашых землякоў і ўраджэнцаў Баранавіцкага раёна.
І вось яны — учарашнія інжынер, ветурач, трактарысты, індывідуальны прадпрымальнік, вадзіцель — атрым-ліваюць з рук камандзіра роты старшага лейтэнанта Сяргея Бурбы аўтамат АК-74, і гучаць традыцыйныя, але заўсёды такія значныя словы «Служу Рэспубліцы Беларусь!».
Камандзір падраздзялення палкоўнік Сяргей Наліўка пажадаў, каб салдаты прымянялі зброю толькі ў мірных мэтах, падчас вучобы. І прыгадаў, што і сам калісьці быў удзельнікам падобнага рытуалу.
— Мне баявая зброя была ўручана падчас вучобы ў Вільнюскім вышэйшым камандным вучылішчы радыёэлектронікі СПА і не ў такой святочнай абстаноўцы, як сёння. Нам, курсантам, яе ўручалі яшчэ да прысягі. І, канешне, гэта была ўрачыстая і хвалюючая падзея, якая накладвала пэўныя абавязацельтвы і адказнасць, — падзяліўся Сяргей Уладзіміравіч.
Па словах палкоўніка, зараз моладзь свядома ідзе служыць ва Узброеныя Сілы. На камандным пункце апошнія 3 прызывы — узорныя. Добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў, пільна нясуць баявое дзяжурства.
— Спадзяюся, і новае папаўненне не падвядзе. Рабяты ўвальюцца ў рады каманднага пункта, атрымаюць воінскія спецыяльнасці, магчыма, хтосьці выбера армію сваім жыццёвым шляхам, — адзначыў Сяргей Наліўка.
Настаяцель Дараўскіх храмаў Свяціцеля Мікалая Цудатворца і Свята-Троіцкага іерэй Іаан адслужыў малебен, благаславіў воінаў і правёў абрад асвячэння зброі.
Салдаты, узрушаныя і гордыя, гаварылі пра значнасць і сур’ёзнасць падзеі, пра абарону паветранай прасторы, пра першыя крокі вайсковай службы. А традыцыйнае мерапрыемства «Прадстаўляюся калектыву», якое прайшло пасля рытуалу ўручэння зброі, дапамагло бліжэй пазнаёміцца з таварышамі па службе, з доблеснай гісторыяй часці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.