В Ляховичском районе официально утверждены 3 зоны отдыха
Сонейка свеціць, і хочацца ўсміхнуцца, парадавацца ласкавым промням, прабегчыся па зялёнай траўцы, акунуцца ў водную прахалоду. Адным словам, адчуць усю прывабнасць летняга дзянька.
У нашым раёне афіцыйна зацверджаны 3 зоны адпачынку: на рэках Ведзьма ў Ляхавічах, Шчара ў Дараве, на вадаёме аздараўленчага лагера «Чайка». На Ведзьме, ўжо каторы год запар, на пачатку купальнага сезона ўстаноўлена перавышэнне колькасці мікраарганізмаў. Праўда, і да гэтага з-за добраўпарадкавання прыбярэжнай паласы купанне было часова прыпынена. Па словах урача-гігіеніста райЦГіЭ Віталія Дзягцярова, неаднойчы браліся пробы ў Шчары — першая адпавядала норме, а іншыя выявілі перавышэнне нарматыўных паказчыкаў бяспекі. Такая ж сітуацыя і на вадаёме ў Галаўнінцах — купанне пакуль часова прыпынена.
Што датычыцца чысціні прыбярэжнай тэрыторыі, то камунальнікі ўсё роўна падтрымліваюць парадак на гарадскім пляжы, нягледзячы на забарону купання ў Ведзьме. З 10 да 22 гадзін тут нясуць сваю службу выратавальнікі Асвода.
Па словах намесніка дырэктара камунгаса Вячаслава Кучэйкі, да купальнага сезона зоны адпачынку традыцыйна абсталяваны. На Шчары адрамантаваны і заменены лавачкі і «грыбкі», раздзявалкі, абкошана тэрыторыя, падсыпаны чысты пясок, адрамантаваны туалеты, устаноўлены агароджа і кантэйнеры для збору смецця. Смецце, дарэчы, камунгасаўцы вывозяць па меры накаплення, але не радзей двух разоў на тыдзень. Штодзень прыбіраецца тэрыторыя.
Заўважу, што часам самі людзі перашкаджаюць свайму камфортнаму адпачынку. Якія прыгожыя лаўкі каля гарадскога Дома культуры — выдатнае месца для вячэрніх пасядзелак. Але амаль кожную раніцу даводзіцца абыходзіць кучы шалупіння ад з’едзеных семак. Пытанне адносін да навакольнага асяроддзя ўжо, мабыць, набіла аскоміну. Але на тым жа гарадскім пляжы моладзь, часам, каб развесці вогнішча (што наогул забаронена) не грэбуе… лавачкамі. А гэта ўжо адміністрацыйнае правапарушэнне.
Добраўпарадкаванне тэрыторыі — клопат камунгаса, а вось прыбрацца пасля сябе — абавязак адпачываючых.
У адзін з чэрвенскіх дзён карэспандэнт «ЛВ» адправіўся ў Дарава на Шчару. Нягледзячы на вечар буднага дня, адпачываючых ў гэтым маляўнічым месцы хапала. На заўвагу, што купанне забаронена, маладыя людзі адказалі, што вада добрая і іх усё задавальняе.
Аднак, настрой псаваў яшчэ і ўзровень выхаванасці папярэдніх адпачываючых: пустыя бутэлькі, пакеты ад соку, недакуркі, рэшткі вогнішча. Прапісная, здаецца, ісціна для дзяцей і дарослых «Беражыце прыроду» не ўсім аматарам дараўскай зоны адпачынку знаёма.
Што датычыць камфорту, то добра было б, каб, акрамя «грыбкоў» з’явіліся і лежакі, больш утульныя лавачкі з навесамі, дзіцячыя арэлі. А яшчэ берагі зарослыя, скрозь пясок пляжа дзе прабіваеца, а дзе і расце трава.
Недалёка ад рэчкі аб’ект прыдарожнага сэрвісу — абсталяванае для адпачынку месца з альтанкай, стаянкай для транспарту і г.д. Але ён больш нагадвае сметнік — адпачываючыя «пастараліся». Вакол неахайнасць і бруд.
Карыстаецца вялікай папулярнасцю (і не толькі ў ляхавічан) вадасховішча ”Мінічы”, на беразе якога ў выхадныя дні яблыку няма дзе ўпасці. Пробы вады тут не бяруцца (вадасховішча не ўваходзіць у спіс афіцыйных зон адпачынку), але на выгляд яна празрыстая і чыстая. Можа варта з-за адсутнасці ў раёне зон адпачынку, дзе спалучаюцца чыстая вада і пляж, абсталяваць гэта вадасховішча, наладзіць тут продаж ахаладжальных напіткаў, прапанаваць цікавыя бяспечныя забавы?
Спадзяёмся і марым, што ўсе гэтыя выгоды цывілізацыі будуць даступныя пасля рэканструкцыі Ведзьмы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.