На безыменнай вышыні
Вось ужо 15 гадоў, як Іван Трафімавіч жыве адзін у сваёй хаце, якую пабудаваў некалі сам. Іншы раз сумуе па жонцы, з якой пражылі добры век, выгадавалі чацвёра дзяцей, і якой, на вялікі жаль, ужо няма. Але ісці са свайго роднага кутка не збіраецца, хоць клічуць да сябе дочкі. Іншая справа – паехаць пагасціць ды парадавацца, што мае 10 унукаў, 5 праўнукаў, якія вельмі любяць і паважаюць свайго дзядулю-ветэрана. Тут жа вяртаецца ў родную вёску: дома – усё вядома. Іван Трафімавіч, хоць мае за плячамі ўжо 87 гадоў, любіць парадак, размеранае жыццё, у якім сам сабе гаспадар. Асабліва радуецца прыходу вясны, калі ўсё навокал абуджаецца, напаўняецца новым жыццём, і ён лічыць гэта сімвалічным, бо вайна іменна ў маі завяршылася Вялікай Перамогай.
Столькі прайшло гадоў, а яго памяць утрымлівае ў сабе ўсё да драбніц: і як пасля вызвалення Беларусі ў 1944-ым быў прызваны ў армію, трапіў у артылерыю, з Жытоміра былі перакінуты ў Эстонію, а адтуль накіраваліся на Берлін, і як фарсіравалі раку Одэр… Але асабліва часта ўспамінае Іван Трафімавіч, як бралі безыменную вышыню, на якой трывала замацаваўся вораг. Памятае сваіх аднапалчан, з кім не раз хадзіў у атакі і хто застаўся на полі бою. Яны былі такімі ж маладымі, як і ён. Пасля жорсткіх баёў, што пачаліся на досвітку без усялякай артпадрыхтоўкі і падтрымкі з паветра, аднапалчан засталося ў жывых толькі адна рота…
Калі вышыня была ўзята, нашы войскі імкліва сталі рухацца на Берлін. Але вось зноў фашысцкае ўмацаванне — невялікі гарадок. На гэты раз спачатку ўдарылі ”кацюшы”, пасля на падмогу прыляцелі самалёты і горад-крэпасць быў узяты з мінімальнымі стратамі.
Ужо да Берліна было рукой падаць, калі прыляцела радасная вестка: Перамога, канец вайне! Цяжка апісаць тое, што тварылася наўкол: Перамозе салютавалі з усіх відаў зброі, плакалі і смяяліся. Але для Івана Буцько на гэтым вайна не закончылася. Былі створаны новыя воін-скія фарміраванні, якія накіраваліся на Далёкі Усход на вайну з японскімі мілітарыстамі. І толькі ў 1947-ым годзе быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў сваю родную вёску Мыслабаж.
…Сёлета, як дзесяцігоддзі назад, цвіце пераможны май. Хочацца, каб жыццё падаравала гэтаму чалавеку яшчэ шмат такіх вёснаў. Ён заслужыў іх на полі бою.
Аліна ЛАПІЧ.