Июнь выдался богатым на культурные гастроли для ляховичских самодеятельных артистов

У апошнія выхадныя чэрвеня вёска Парэчча Пінскага раёна сустракала ўдзельнікаў і гасцей шостага абласнога свята-конкурсу «Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!». Сярод шматлікіх нумароў мастацкай самадзейнасці не згубілася, выдзялялася пастаноўкай, манерай выканання, энергетыкай выступленне нашай юнай зямлячкі Настассі Свянтэцкай з Крывошынскага СДК (акампаніравала спявачцы Галіна Васількова). Таленавітая дзяўчынка пакарыла журы і гледачоў. Вынікам паспяховага выступлення стаў дыплом ІІІ ступені. А сямейная пара Ірыны і Аляксея Каўшоў з Адахаўшчынскага СДК стала лепшай на абласным фестывалі сямейнай творчасці «Пад дахам дома твайго».
Сваё важкае слова на рэгіянальным свяце аматарскіх аб’яднанняў «Захапленні на любы густ» запамінальным выступленнем сказаў клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК. Дарэчы, 13 і 14 ліпеня «Вечарніца» разам з народным тэатральным калектывам «Вастраўчане» Востраўскага СДК выступяць на свяце народнага гумару «Спораўскія жарты», якое пройдзе ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна.
Увогуле, чэрвень выдаўся надзвычай багатым на культурныя гастролі для ляхавіцкіх самадзейных артыстаў. Так, работнікі Ганчароўскага, Русінавіцкага і Тальмінавіцкага СДК ладзілі свята для жыхароў вёсак Ганчары і Мінічы (раней такое ж было арганізавана ў Жарскіх). Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Сяргей Вараб’ёў. Старэйшых жыхарак вёсак 99-гадовую Юзэфу Толкач з Ганчароў і 93-гадовую Марыю Саўчык з Мініч песнямі віталі Людміла Сідорская, Валянціна Бубенчык, Іна Гладкая, Аксана Азарчык. Апладысментамі сустракалі вяскоўцы сямейную пару Ганны і Івана Страмавусаў, якія разам пражылі 54 гады. Да месца на свяце прыйшліся і гумарыстычныя замалёўкі з сялянскага жыцця ў выкананні Ірыны Канцылярчык і Валянціны Бубенчык. Самых маленькіх жыхароў вёсак Лізу Вялічка і Дзіму Хатылева віншаваў узорны ансамбль эстраднай песні «Пунсовыя агеньчыкі». Парадавала гасцей свята сваімі вышыванкамі майстрыха Марыя Пісарава з Русінавіч.
Завіталі на свята і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Між іншым, ліпень плануецца не менш багатым на культурныя праграмы.
Соф’я МАРЧЫК,
дырэктар раённага
метадычнага цэнтра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *