Ход реконструкции молочнотоварных ферм в сельхозпредприятиях Ляховичского района на постоянном контроле районной и областной власти

Аблвыканкам зацвердзіў абнаўленне жывёлагадоўчых аб’ектаў у СВК «Дарава» (МТФ «Літва», 2-я чарга), «Ляхавіцкі» (МТФ «Русінавічы», 2-я чарга), «Шлях новы» (Вялікалотаўская ферма), МТФ у СВК «Ліпнянка», «Востраў-Агра», «Жарабковічы»(Зарытаўская ферма), ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» (МТФ «Падбарочча»). На фінансаванне работ з абласнога бюджэту было выдзелена спачатку 2670 мільёнаў рублёў ільготных крэдытаў, а пасля яшчэ 4455 мільёнаў рублёў. Усе грошы размеркаваны паміж гаспадаркамі згодна аб’ёмаў работ.
Агульная галоўная задача для ўсіх аб’ектаў — рэканструкцыя памяшканняў, якая дасць магчымасць працаваць па новых тэхналогіях: беспрывязнае ўтрыманне жывёлы, механізаванае кармленне і даенне кароў у малочнай зале — усё накіравана на тое, каб скараціць долю ручной працы жывёлаводаў, стварыць найлепшыя ўмовы ўтрымання жывёлы, дабіцца атрымання высакаякаснай прадукцыі. Самыя дарагія і складаныя аб’екты (але яны найбольш адпавядаюць рабоце ў новых умовах) — малочныя залы — будуць узводзіцца ў трох гаспадарках: СВК «Шлях новы», «Ліпнянка», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
Вызначаны аб’екты, пастаўлены задачы, выдзелены сродкі, пустыя памяшканні (статак на пашы)… — а работы ідуць, як мокрае гарыць. Яшчэ месяц назад працэнт асваення фінансавых сродкаў складаў 48,5. Аргументы, якія прыводзяцца ў якасці апраўданняў, можна сказаць, аднолькавыя для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў: тэрміновыя сельгасработы і дэфіцыт рабочых рук, тэхнічных сродкаў. Ужо толькі зыходзячы з гэтых аб’ектыўных фактараў, можна згадзіцца з меркаваннямі спецыялістаў: работы па рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў павінны выконвацца будаўнічымі арганізацыямі, а гаспадарчым спосабам можна, вобразна кажучы, прыбіць дошку, адрамантаваць стойла і г.д. А яшчэ была б гарантыя, што да вызначанага тэрміну падрадчыкі здадуць аб’ект.
Між іншым, гэта адзін з варыянтаў. Не выключаецца і гаспадарчы спосаб, асабліва ў сельгаспрадпрыемствах, дзе ёсць моцныя будаўнічыя брыгады і кваліфікаваныя спецыялісты, мэтанакіраваныя кіраўнікі. Прыкладам можа служыць СВК «Дарава», дзе поўнасцю асвоены крэдыт у 150 мільёнаў рублёў і завершаны асноўныя работы па рэканструкцыі двух памяшканняў: з мэтай павелічэння пагалоўя ў тарцах зроблены дабудовы. Гэтымі днямі на аб’екце пастаянна працуюць 4 аддзелачнікі. Ферма будзе выкарыстана для вырошчвання цялушак.
Згодна плана рэканструкцыі, СВК «Ляхавіцкі» вядзе работы на малочнатаварнай ферме «Русінавічы»: асвоены 100 мільёнаў рублёў выдзеленых крэдытных рэсурсаў, і ўжо ў жніўні будуць уведзены ў дзеянне 2 сянажныя траншэі. У двух жывёлагадоўчых памяшканнях за сродкі гаспадаркі пастаўлены вокны, а да пачатку зімова-стойлавага перыяду будзе заменены дах.
У СВК «Шлях новы» неўзабаве ўступіць у дзеянне даільна-малочны блок. Дзейнасць гэтага аб’екта зробіць сапраўдную тэхнічную і тэхналагічную рэвалюцыю на Вялікалотаўскай МТФ, якая па ўмовах працы ні ў чым не ўступіць новаму комплексу, пабудаванаму ў Навасёлках. Сёння тут вядуцца аддзелачныя работы, а неўзабаве спецыялісты прыступяць да манціравання сучаснага даільнага і халадзільнага абсталявання. У планах гаспадаркі яшчэ і будаўніцтва цялятніка, аднак, з-за высокага кошту пакуль не зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, і ўзнікаюць пытанні з крэдытным фінансаваннем будоўлі. Між іншым, тут перакананы, што гэта часовыя цяжкасці, якія будуць пераадолены.
У СВК «Ліпнянка» таксама ёсць перспектыва мець на МТФ «Ліпск» даільную залу тыпу «паралель 2х16». Нават заказана для яе абсталяванне. Але яшчэ няма праектна-каштарыснай дакументацыі — не аплачаны работы праекціроўшчыкаў. З выдзеленых 470 мільёнаў рублёў крэдытаў 100 мільёнаў не асвоены.
Аднак, здаецца, самая безнадзейная сітуацыя склалася ў СВК «Востраў-Агра». Крэдыторская запазычанасць і адсутнасць грошай на разліковым рахунку — такое фінансавае становішча гаспадаркі. Непагашаныя запазычанасці банку з’яўляюцца перашкодай для атрымання новага крэдыту на рэканструкцыю малочнатаварнай фермы. Ёсць нейкія памкненні арганізаваць работы гаспадарчым спосабам: рамантуецца памяшканне для ўтрымання маладняку. Тут жывуць спадзяваннямі, што сітуацыя памяняецца, але гэтага недастаткова: кіраўніцтву сельгаскааператыва патрэбна неадкладна шукаць магчымасці адкрыць крэдытную лінію.
Самае большае, што зроблена на МТФ «Падбарочча» ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», — падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю двух памяшканняў. Але асаблівай актыўнасці на будоўлях не назіраецца. Брыгада з 6 чалавек ладзіць дах, рыхтуецца да пачатку бетонных работ унутры памяшканняў. Гэтаму сельгаспрадпрыемству выдзелена на рэканструкцыю 600 мільёнаў рублёў, з якіх 100 яшчэ не асвоены. Асноўная ж работа яшчэ наперадзе — узвядзенне даільна-малочнага блока, што дазволіць працаваць па новых тэхналогіях. Праўда, добрыя намеры бачны: заказалі абсталяванне тыпу «елачка 2х16», халадзільнікі. Аднак, яшчэ няма нават праектна-каштарыснай дакументацыі на ўзвядзенне памяшканняў для сухастойных кароў і даільна-малочны блок.
Па-ранейшаму ў заняпадзе малочная галіна ў СВК «Жарабковічы», і, як адзначае намеснік начальніка райсельгасхарчу Міхаіл Новік, выйсця з тупіка пакуль што не відаць. Летась на рэканструкцыю МТФ «Зарытава» гаспадарка затраціла 2,8 мільярда рублёў, аднак, умовы ўтрымання жывёлы не палепшыліся (каровы стаяць у стойлах на прывязі), не змяніліся ні тэхналогія вытворчасці малака, ні ўмовы працы для людзей. Карацей, не выканана ні адна з задач, якія былі прадугледжаны рэканструкцыяй. Да гэтага часу ў сельгаскааператыве не прыступілі да выканання даручэння Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча па будаўніцтве новай МТФ на 720 галоў, якое было дадзена старшыні гаспадаркі Віталію Бусько ў ходзе рабочай паездкі па Ляхавіцкім раёне 5 кастрычніка 2012 года.
Час бяжыць хутка, не за гарамі пачатак масавай уборачнай кампаніі, калі, сапраўды, будзе немагчыма знайсці рабочыя рукі, каб працягваць запланаваныя работы па рэканструкцыі малочнатаварных фермаў. Між тым, справаздачу па праведзенай рэканструкцыі і пастаноўцы на зімоўку жывёлы ў новыя памяшканні давядзецца трымаць па поўнай праграме.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *