В Ляховичском районе началась уборка зерновых

У рабоце КЗС-12 ЗАТ «Белпрампрыбор»

Па аналогіі з вясной, што не прыходзіць на крылах першай ластаўкі, першую зжатую паласу ўсё ж, мусіць, нельга асацыяваць з наступленнем «высокага» сезона ўборкі зерневых і зернебабовых. Але факт адметны, вельмі інфарматыўны і, што несумненна, для працаўніка вёскі асабліва хвалюючы. Што паход за ўраджаем зусім не прагулка пад месяцам — справа вядомая. Аднак турбуюць пытанні: як усё складзецца на гэты раз? Што будзе з надвор’ем, як сябе «пакажа» тэхніка, і іншае, іншае.

Шэраг апошніх гадоў іменна азімы ячмень служыць раённым аграрыям у якасці «зажыначнай» сельгаскультуры, палеткі якой становяцца, у пэўным сэнсе, выпрабавальным палігонам. З’яўляецца магчымасць у фармаце рэальных нагрузак праверыць ступень падрыхтаванасці комплексу ўборачнай тэхнікі, унесці магчымыя карэктывы, ажыццявіць апошнія рэгуліроўкі работы як асобных вузлоў і агрэгатаў сельгасмашын, так і ўсяго ланцуга зернеўборачных клопатаў. Ды і больш ранняе зерне з’яўляецца вельмі дарэчным.
Азімым ячменем у гэтым сезоне багаты 10 сельскагаспадарчых арганізацый раёна. Некалі пасеяныя і ўжо фактычна спелыя гектары колькасцю — не ў тым сутнасць — не ўражваюць: складаюць, у асноўным, у каго 5-10, у іншых 30-50 гектараў. Асобным парадкам ці выключэннем з прыведзенага правіла з’яўляюцца хіба толькі ЗТАА «БелДан» з сотняй сваіх гектараў і ЗАТ «Белпрампрыбор», чый надзел яшчэ ў паўтара раза больш важкі. Дастаткова значна, гледзячы з пазіцыі 490 агульнараённых гектараў.
За «Белпрампрыборам» значыцца таксама і першынство з пачаткам жніва, якое ў гаспадарцы здарылася 4 ліпеня.
— Гэта быў пробны дзень. Працаваць пачалі на горшым з участкаў палёў. Месцамі ячмень падмок, таму і ўраджайнасць высокай ніяк не назавеш. У сярэднім «сыпле» нязначна больш за 20 цэнтнераў з адзінкі плошчы. Ды і колас пакуль яшчэ даволі-такі «сыры». З поля зерне паступае 29-30-працэнтнай адноснай вільготнасці. Адразу — на сушыльна-ачышчальны комплекс, дапрацоўваем з мэтай далейшага выкарыстання ў якасці фуражу. Насенне не рыхтуем — рана яшчэ, — растлумачыў дыспазіцыю галоўны аграном прадпрыемства Віктар Канецпольскі, калі на другі дзень мы наведалі размешчаны непадалёку ад Малышоў азімы палетак.
На палетку ж разгортваўся комплекс работ. Адразу за зернеўборачным КЗС-12 — ледзь ці не «ў хвост» апошняму — працаваў рулоннага тыпу прэс-падборшчык. Ставіцца задача максімальна хуткага вывазу саломы з наступнай і без прамаруджвання пажніўнай сяўбой.
Па стане на пачатак бягучага тыдня, ЗАТ «Белпрампрыбор», згодна статыстыцы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, выканала зернеўборку на 40 гектарах сваіх плошчаў. Зроблены вельмі сціплы, але першы крок на напружаным шляху, назва якому — жніво-2013. У добры шлях, хлебароб!
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *