Па шляху ляхавіцкіх «Рабінзонаў»
Усяго 9 дзён на базе Ляхавіцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі працаваў аздараўленчы перасоўны палатачны лагер «Рабінзоны», а колькі засталося ўражанняў! Адпачывалі і загартоўваліся 20 выхаванцаў сярэдняга і старэйшага ўзросту, і за гэты кароткі час яны сталі сапраўднай камандай.
Няпроста сучаснаму чалавеку наладзіць быт у паходных умовах. Але нашым рабятам гэта аказалася пад сілу. Да таго ж усе 9 дзён лагернай змены былі насычаныя рознымі спартыўна-турыстычнымі і грамадзянска-патрыятычнымі мерапрыемствамі.
Першыя 3 дні лагер размяшчаўся ў лясным масіве каля вёскі Лабузы. Рабяты прайшлі падрыхтоўку па спартыўным арыентаванні ў лесе, пераадолелі амаль 10 кіламетраў падчас краязнаўчай экспедыцыі, якая была часткай рэспубліканскай акцыі «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны». Яны арганізавалі сустрэчу са старэйшымі жыхаркамі вёскі Лабузы Вольгай Грыгаровіч, Марыяй Тарасевіч, Марыяй Кудравец, Янінай Высоцкай — сведкамі падзей фашысцкай акупацыі і жорсткіх баёў 1944 года ў час вызвалення вёскі. Таксама наведалі магілу невядомага салдата ў вёсцы Дрэкі: ён загінуў пры вызваленні Лабузоў на вачах у мясцовых жыхароў.
Пасля лагер перамясціўся ў маляўнічыя мясціны ляснога масіву каля вёскі Крывошын. Выхаванцы паўдзельнічалі ў гульні «Х-фактар», якую арганізавалі работнікі РАНС, а таксама прайшлі нялёгкія выпрабаванні падчас ваенна-спартыўнай гульні «Турыстычная зарніца». Цікавымі і змястоўнымі былі экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчы і літаратурна-этнаграфічны музеі Крывошынскай сярэдняй школы, сапраўднай па-дзеяй стала экскурсія ў парк «Рэпіхава».
Кульмінацыйным момантам змены можна назваць удзел каманды выхаванцаў лагера ў абласным фестывалі па спартыўным арыентаванні сярод вучняў. Фестываль праходзіў у Іванаўскім раёне. Нездарма было затрачана столькі сіл на трэніроўках: каманда прывезла 3 прызавыя месцы ў асабістым заліку.
Вярталіся дамоў «Рабінзоны» стомленымі, але з мноствам станоўчых эмоцый.
Уладзімір ПОГАС,
дырэктар цэнтра турызму
і краязнаўства.
Фота з архіва цэнтра.