Сустрэнемся ў музеі
Калісьці ў СШ №2 быў адзін з лепшых школьных музеяў раёна. Для першых сваіх наведвальнікаў ён адкрыўся яшчэ ў 1974 годзе. Ля вытокаў яго стварэння стаяў былы франтавік, настаўнік гісторыі, апантаны пошукавай работай, Уладзімір Скалабан, які прысвяціў сваё жыццё аднаўленню гістарычнай справядлівасці: ён імкнуўся падняць з небыцця імёны герояў, загінуўшых на ляхавіцкай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і здолеў па-сапраўднаму захапіць сваёй справай многіх вучняў.
Апошнія гады музей не дзейнічаў: тэрміновага рамонту патрабавала яго памяшканне, экспанаты былі здадзены на рэстаўрацыю. Зразумела, што спатрэбіліся сродкі, каб ажыццявіць усё гэта. І вось напярэдадні 65-га Дня Перамогі, дзякуючы фінансавай дапамозе з райбюджэту і спонсарскай падтрымцы выпускнікоў СШ №2, ТАА “Трансэлектракамплект”, ПМК-17, музей баявой і воінскай славы СШ № 2 зноў працуе!
Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў мінулы чацвер. Павіншаваць школу з гэтай падзеяй прыйшлі ветэраны вайны і працы, у тым ліку былы настаўнік гісторыі і кіраўнік музея Вольга Альшакова, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук перадаў музею факсімільнае выданне газеты “Чырвоная звязда” з датай выпуску 10 мая 1945 года, якое зойме месца сярод тутэйшых экспанатаў. Пакуль жа сярод найбольш каштоўных – пісьмы ветэранаў, старыя фотаздымкі, а таксама асколак Ляхавіцкай фартэцыі. Музей расказвае пра гісторыю раёна і школы, герояў Вялікай Айчыннай вайны і лепшых працаўнікоў Ляхавіччыны. Пасля рэканструкцыі з’явілася новая экспазіцыя, прысвечаная яго заснавальніку Уладзіміру Скалабану.
Першую экскурсію па абноўленым музеі для гасцей правялі школьнікі – удзельнікі клуба “Знатакі” (кіраўнік Людміла Булатая).
Святлана БЕЛЬМАЧ.