У Ляхавіцкім раёне напярэдадні ўборачнай кампаніі прадумваюцца ўсе нюансы
Пад ліпеньскім сонцам наліваюцца-песцяцца хлебныя каласы, і зусім хутка яны паклічуць на ніву працаўнікоў: пачнецца самая адказная сельскагаспадарчая кампанія — уборачная. Яна запатрабуе намаганняў усіх сіл і сродкаў, каб сабраць вырашчаны ўраджай, не дапусціць страт. Між іншым, ніхто не адменіць і паўсядзённую работу, якая дзень за днём адна «даганяе» другую. Таму, не адкладваючы на заўтра, трэба завяршаць другі ўкос траў, максімальна выкарыстаць яго для назапашвання кармоў, прычым, высакаякасных. Гэта задача дня для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў без выключэння.
Як рэкамендуе галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, іменна гэтымі днямі пажадана выканаць і яшчэ адно мерапрыемства — правесці дэсікацыю пасеваў зерневых культур. Гэта значыць, унесці прэпараты, якія падсушваюць сцябло: ва ўмовах павышанай вільготнасці і засмечанасці пустазеллем гэта вельмі важна для захавання ўраджаю збожжа. Як адзначае галоўны аграном, ужо сёння трэба аглядаць пасевы і весці ўборку выбарачна — на ўзвышшах, лёгкіх глебах, дзе паспяванне коласу адбываецца значна раней, нельга цягнуць і з уборкай насеннікаў траў. Напрыклад, для механізатараў СВК «Ляхавіцкі» Сяргея Жмырко і Віктара Кардаша ўборачная кампанія пачалася. Яны вывелі свае камбайны КЗС і «Ліда» няхай толькі на дзень (з 9-ці гектараў убралі насеннікі купкоўкі зборнай), але, як кажуць, пробны варыянт зроблены: і тэхніка праверана, і першыя гектары пайшлі ў залік. Убралі насеннікі траў і ў СВК «Шлях новы».
А вось у ЗАТ «Белпрампрыбор» уборачная кампанія няспешна, але ўпэўнена набірае абароты: некалькі дзён тут жнуць азімы ячмень, які ў сельгаспрадпрыемстве пасеяны на 130 гектарах, прыйшла пара і ўборкі рапсу. Пробны выхад камбайна зроблены ў ДП «Нача»( дарэчы, выяўлены некаторыя непаладкі тэхнікі, якія цяпер тэрмінова ўхіляюцца), вось-вось пачнуць жніво азімага ячменю ў СВК «Дарава», «Ліпнянка».
Іменна цяпер вельмі важна «праэкзаменаваць» тэхніку, якая будзе задзейнічана ў перыяд уборачнай кампаніі. Намеснік начальніка райсельгасхарчу Міхаіл Новік расказаў, што ў падрыхтоўцы зернеўборачнай тэхнікі і зернесушыльнага абсталявання ў сельгаспрадпрыемствах раёна ёсць пэўныя праблемы. І самай галоўнай з іх застаецца адсутнасць у многіх гаспадарках інжынерна-тэхнічных кадраў. Напрыклад, у СВК «Востраў-Агра», «Ліпнянка», «Канюхі» спецыялістаў не было ў перыяд рамонтнага сезона, няма іх і цяпер. Да сённяшняга дня ў некаторых сельгаспрадпрыемствах няпоўны атрад камбайнераў, няма слесараў, зваршчыкаў і г.д.
У гаспадарках раёна ёсць 72 зернеўборачныя камбайны (64 — вытворчасці «Гомсельмаша»), 63 з іх прайшлі тэхагляд — 88 працэнтаў. Можна сказаць, што машынна-трактарны парк раёна нядрэнна выглядае і па «ўзросце»: 65 працэнтаў ад усёй колькасці камбайнаў эксплуатуюцца менш як 5 гадоў. Сярэдняя нагрузка на камбайн сёлета складзе 260 гектараў. Для ўборкі саломы ў гаспадарках раёна 60 зернекамбайнаў забяспечаны здрабняльнікамі, 37 прэс-падборшчыкаў — тэхнікі дастаткова для паспяховай работы.
Паколькі ўсё ж тэхнічныя праблемы існуюць, намеснік начальніка райсельгасхарчу прапануе ў кожнай гаспадарцы стварыць мабільную брыгаду для аператыўнага рамонту, а на базе ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» — брыгаду з кругласутачным дзяжурствам і магчымасцю выехаць на месца па патрабаванні.
Для дапрацоўкі ўраджаю ў раёне ёсць 28 зернеачышчальных сушыльных комплексаў. Аднак, па словах Міхаіла Новіка, у СВК «Канюхі», «Востраў-Агра», ДП «Нача» яны маламагутныя, устарэлай канструкцыі. У гэтых жа гаспадарках малы запас мясцовых відаў паліва, на якіх працуюць зернесушылкі. У той жа час ёсць 6 мабільных зернесушылак (СВК «Ляхавіцкі», «Дарава», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс»), яшчэ адна неўзабаве бу-дзе наладжана ў СВК «Шлях новы».
Напярэдадні самай адказнай кампаніі трэба прадумаць усе нюансы, асаблівую ўвагу звярнуць на так званы чалавечы фактар. Маецца на ўвазе заключэнне дагавораў на аказанне дапамогі вёсцы прадпрыемствамі і арганізацыямі горада. Дарэчы, ёсць і намеры добраахвотнікаў падтрымаць хлебаробаў. Напрыклад, як зазначае намеснік начальніка райсельгасхарчу, сёлета на адвозцы зерня ад камбайнаў і на цэнтравывазе будзе задзейнічана 105 адзінак уласнага транспарту. Важнейшае патрабаванне да кожнага аўтамабіля — праходжанне дзяржаўнага тэхнічнага агляду.
Самы час паклапаціцца і пра запасы гаруча-змазачных матэрыялаў: сельгаспрадпрыемствам раёна для паспяховай работы спатрэбіцца 1420 тон дызпаліва і 159 тон бензіну.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.