В Ляховичском районе работает единственное в стране племенное овцеводческое предприятие СПК «Конюхи»

Аграрыі раёна напачатку ўборачнай «сесіі», калі пад апошняй мець на ўвазе масавую ўборку зерневых і зернебабовых культур. Між тым, гаспадарка-унікум — адзінае ў краіне племянное авечкагадоўчае прадпрыемства СВК «Канюхі» — важнейшы этап сваёй «уборачнай» роўна тыдзень таму ўжо завяршыла. Чаму ў двухкоссі? Гутарка вядзецца пра стрыжку авечак, што, канешне ж, назваць уборкай можна толькі пры вялікім дапушчэнні. Што гэта такое, у чым асаблівасці працэдуры, карэспандэнту «ЛВ» цярпліва, у падрабязнасцях і простай мовай расказаў галоўны заатэхнік гаспадаркі Раман Баўтрукевіч.
«Вялікая стрыжка» прыходзіць у «Канюхі» штогод разам з летам. Па словах Рамана Баўтрукевіча, развядзеннем грубашэрснай пароды авечак, якіх можна стрыгчы двойчы на год, «Канюхі» не займаюцца. А вось на іх паўтанкарунных і танкарунных суродзічах гэтую працэдуру рэкамендавана і неабходна праводзіць штогод. Прапусціць стрыжку ў надзеі, што наступным сезонам воўны атрымаецца ўдвая больш — ніяк нельга: яна саб’ецца, скачаецца, атрымаецца жывы валёнак. Аптымальным тэрмінам пачатку стрыжкі спецыялісты лічаць мяжу першай і другой дэкад чэрвеня. Тлумачэнне простае: да халадоў жывёла павінна абзавесціся новым цёплым футрам. За астатак лета — першую палову восені воўна паспее дастаткова аднавіцца.
Сёлета ў «Канюхах» пачалі працаваць 24 чэрвеня і некалькі спазніліся. Прычынай таму стаў удзел гаспадаркі ў рэспубліканскай сельскагаспадарчай выставе «Белагра», якая штогод ладзіцца ў Мінску, збірае ўсё лепшае, чым багата сельгасвытворчасць, сумежныя ёй галіны, вытворцаў сельгастэхнікі і інш. «Канюхі», дарэчы, там прысутнічаюць пастаянна і гэтак жа рэгулярна гаспадарка аказваецца ў ліку лаўрэатаў.
Пастрыжаны павінны быць усе дарослыя жывёлы. У маладых авечак і бараноў воўна, як расказаў Раман Баўтрукевіч, атрымліваецца нізкаякаснай, клопату шмат — вырабу не варта. Звычайна на першую стрыжку канюхоўскія авечкі і бараны трапляюць па дасягненні прыкладна паўтарагадовага ўзросту. Зараз такіх 1800 з 3072 галоў агульнага статка. Розніцу паміж названымі лічбамі складае маладняк, у якога ўсё яшчэ наперадзе.
Асноўных паказчыкаў якасці воўны тры: даўжыня, таўшчыня, утрыманне тлушчапоту. Першае і апошняе — чым больш, тым лепш. З таўшчынёй жа ўсё наадварот. Для абазначэння характарыстыкі спецыялісты выка рыстоўваюць тэрмін «таніна» (з націскам на апошнім складзе).

Вось яно — канюхоўскае руно

Дарэчы, воўна авечак і бараноў адрозніваецца даўжынёй. У бараноў яна ў сярэднім вагаецца ў межах 10-12 сантыметраў, у авечак менш — ад 5 да 8. Паколькі бараны і самі па сабе больш буйныя, то і воўны ад іх атрымліваецца істотна больш. Да 5-6 кілаграмаў супраць, арыенціровачна, 3,2-3,5 кілаграмаў з авечкі. Між іншым, пасля мыйкі ад першачарговага значэння вагі застаецца працэнтаў 52-57.
10 ліпеня пастрыжачныя работы ў «Канюхах» завяршыліся. Як адзначыў кіраўнік заатэхнічнай службы гаспадаркі, па папярэдніх падліках сёлетнія нарыхтоўкі будуць вагацца ў межах 5 тон воўны. Леташняя лічба, для параўнання можна заўважыць, выглядала больш аптымістычна. У «Канюхах» тлумачаць: справа ў надвор’і.
Стрыгальшчык авечак ці, як іх яшчэ называюць стрыгаль, — прафесія рэдкая. Стрыжкай атары ў «Канюхах» былі заняты сёлета 2 чалавекі: адзін з’яўляецца работнікам сельгаскааператыва, на сезон стрыжкі бярэ ў рукі машынку, валодае якой вельмі ўмела, другі — мясцовы жыхар, якога наймаюць спецыяльна. Занятак патрабуе спрыту, фізічнага напружання, спецыяльных навыкаў і ўменняў. 5 мінут можна лічыць цалкам рэальным часам для падрыхтаванага стрыгальшчыка для стрыжкі адной жывёліны. Лічыцца, што найбольш складана спраўляцца з маладняком: падчас першай стрыжкі авечкі і бараны паводзяць сябе неспакойна, але затым прывыкаюць, з кожным разам становяцца ўсё больш рахманымі. Дарэчы, адначасова са стрыжкай праводзіцца таксама падрэзка капытоў. Такі вось комплекс, салон прыгажосці.
Сёння для стрыжкі атары выкарыстоўваюцца электрычныя машынкі. У бягучым годзе ў гаспадарцы набылі 3 новыя нямецкія, коштам прыкладна 7 мільёнаў рублёў кожная.
З дапамогай прэсу воўна прасуецца ў прамавугольнай формы цюкі кілаграмаў па 100 і больш і прадаецца на Смілавіцкую валяльна-лямцавую фабрыку, што ў Мінскай вобласці. Там займаюцца вытворчасцю валёнак, коўдраў. Дарэчы, канюхоўская танкарунная воўна для валёнак не выкарыстоўваецца — ідзе толькі на выраб коўдраў. На жаль, руно выходзіць зусім не залатым. У гэтым годзе Смілавічы прапануюць 15 тысяч рублёў за кілаграм. Вельмі танна, таму канюхоўцы прапрацоўваюць іншыя варыянты і схемы збыту сваёй прадукцыі. Напрыклад, падлічваць, ці акажацца выгадным гандляваць памытай ужо воўнай.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *