А у вас в квартире ГАЗ!

На вуліцы Вострава сёння прыйшоў прыродны газ.

Газазабеспячэнне — адна з неад’емных умоў зручнага жыцця для сучаснага чалавека. Як паведамілі ў Ляхавіцкім цэху МВУ «Баранавічыміжрайгаз», сёння ў раёне 5477 абанентаў падключаны да прыроднага газу (акрамя райцэнтра, ён у свой час прыйшоў у Дарава і Літву, Навасёлкі і Пранчакі, Каранеўшчыну і Флер’янова, Малое Падлессе і Ураджайную, Конькі, Галавачы і Федзюкі, Задвор’е, Малое Гарадзішча і Тухавічы). 660 абанентаў карыстаюцца блакітным палівам ад груп ёмістых установак (напрыклад, жыхары Свяціцы, Ліпска, Русінавіч, Жарабковіч, Падлесся і яшчэ дзясятка населеных пунктаў). 8214 абанентаў атрымліваюць газ пры дапамозе газабалонных установак. Што зручней — тлумачыць не трэба.
Да вёскі Востраў прыродны газ дайшоў яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Дакладней, газаправод прайшоў літаральна ў 150 метрах ад населенага пункта, каб забяспечыць танным палівам торфабрыкетны завод, а блакітнымі агеньчыкамі дамы і кватэры тухавічан. Для захавання гістарычнай праўдзівасці старшыня мясцовага сельвыканкама Уладзімір Тадра згадвае, што тады адзін востраўскі дом усё ж быў газіфікаваны. Астатнім давялося чакаць амаль 2 дзесяцігоддзі.
Летась ЗТАА «БелДан» за ўласны кошт газіфікавала прыродным газам свае новабудоўлі — жыллё для працаў-нікоў прадпрыемства. Менавіта гэта паслужыла штуршком для далейшай газіфікацыі востраўскіх вуліц. Было створана 2 калектывы забудоўшчыкаў: у адным пакуль 25 членаў, у другім — 49, жадаючыя далучаюцца.
Кіраўніцтва «БелДана» пайшло насустрач просьбам вастраўчан і ўзяло на сябе частку фінансавых затрат па газіфікацыі аграгарадка, у якім, між іншым, сёння пражывае без малога паўтысячы чалавек.
Былі адведзены зямельныя ўчасткі, праведзены геадэзічныя работы, заказана праектная дакументацыя (за кошт «БелДана») . Напрыканцы чэрвеня «Баранавічыміжрайгаз» прыступіў да пракладкі газаправода па вуліцах Камсамольскай, Школьнай і Маладзёжнай. Хутка газ прыйдзе і на іншыя вуліцы.
— Вастраўчане набываюць газавыя пліты, ацяпляльныя катлы. Расходы, канешне, сур’ёзныя, улічваючы, што і частку газаправода — увод у дом і ўнутраныя сеткі — давядзецца фінансаваць самастойна і з дапамогай ільготных крэдытаў (пад 3 працэнты гадавых) «Беларусбанка». Затое на вулічных размеркавальных газаправодах і газаправодах-уводах сэканомім: частку расходаў (30 працэнтаў), згодна адпаведнага ўказа Кіраўніка дзяржавы, бярэ на сябе рэспубліканскі бюджэт, частку, як ужо згадвалася, «БелДан», — расказвае Уладзімір Тадра.
Акрамя іншага, можна дадаць, што людзям не даводзіцца самім займацца і вырашэннем немалой колькасці арганізацыйных пытанняў — гэта ўзяў на сябе сельвыканкам, які выконвае функцыю добраахвотнага пасрэдніка паміж прадпрыемствам-спонсарам і кааператывамі забудоўшчыкаў.
Для паўнаты карціны згадаем і пра тое, што «газавая дапамога» — не першы крок кіраўніцтва мясцовага прадпрыемства, які яскрава дэманструе сацыяльную адказнасць сур’ёзнага бізнесу. На «рахунку» «БелДана» за адносна нядоўгі час існавання — заасфальтаваны двор школы і дарожка ля дзіцячага сада, сучасны кардыёграф і скутар для тутэйшага ФАПа, адрамантаваная школьная спартзала, новая апаратура для СДК і спонсарская падтрымка святаў вёскі. Як кажуць, каментарыі ў такім выпадку лішнія.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *