Ляхавіччына: не той лён, што ў полі, а той, што пад шахой

Памочнік машыніста ачэсвальніка-абарочвальніка Уладзіслаў Багушэвіч.

Наколькі ці ў якой ступені маладзец — стане канчаткова зразумела куды больш пазней. Прыкладна на схіле лета, увосень, з завяршэннем доўгага працэсу вытворчасці льнотрасты. Вырасціць даўгунец — толькі адзін бок справы. Выцерабіць, даць вылежацца, ачасаць, выканаць не адно абарочванне, спрасаваць і даставіць на захоўванне — працэс не менш карпатлівы, адказны, працаёмісты, у значнай ступені залежны ад умоў надвор’я, што яго суправаджаюць. «Не той лён, што ў полі, а той, што пад шахой», — заўважыў дырэктар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Дзмітрый Скакун. Але, па яго ж ацэнцы, калі правесці паралель з мінулым сезонам, ураджай гэтага года абяцае быць некалькі лепшым.
Завод-перапрацоўшчык з’яўляецца таксама і безальтэрнатыўна буйнейшым вытворцам ільну-сырцу ў раёне. Уборачныя плошчы гэтага года мала што не дабіраюць да паўтары тысячы гектараў. Так было на момант пачатку цераблення, якое доўжыцца ўжо каля дзясятка дзён. Ільноцерабілкі, ачэсвальнікі-абарочвальнікі не ведаюць перапынку, у працы да позняга вечара. Выхадныя, калі і здараюцца, то выключна «дзякуючы» умовам надвор’я. Бачны і вынік: па стане на пачатак гэтага тыдня выцерабленымі аказаліся 700 гектараў ільнопалетка. Было б і больш, але астатняя частка пасеваў не набрала пакуль яшчэ ўборачных кандыцый — даспявае. Дзмітрый Скакун сітуацыю тлумачыць рознымі тэрмінамі сяўбы, неаднолькавым складам, характарыстыкамі глебы на асобных участках.
Што да задач, то «падняць» традыцыйныя 5,5-6 тысяч тон ільнотрасты з’яўляецца для завода абсалютна рэальнай задачай бягучага сезона.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Машыністы самаходнай ільноцерабілкі Віктар Верамей і Мікалай Туцін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *