Фаер-шоу — гэта майстэрскае валоданне агнём

Яркае святло агню, рухі, якія зачароўваюць, пазітыўныя эмоцыі назіральнікаў — вось што такое фаер-шоу для гледачоў. Гэта сапраўды незвычайнае прадстаўленне, якое стварае іншую рэальнасць вакол сябе.
Фаер-шоу — гэта майстэрскае валоданне агнём, жангляванне, стварэнне палымяных вобразаў і цудоўных малюнкаў. Назіраючы за вогненнымі трукамі, міжволі пераносішся ў маляўнічы свет цудаў і чараўніцтва.
Калі паглыбіцца ў гісторыю, то даведаемся, што фаер-шоу зарадзілася на ўзбярэжжы Ціхага акіяна, як мяркуецца, у Новай Зеландыі ў племені маоры. Для абарыгенаў кручэнне невялікага каменьчыка, абгорнутага ў тканіну і прывязанага на кароткую вяроўку (снарад называўся «паі» — «мяч на вяроўцы»), служыла як забаўляльным, так і культавым мэтам. Але ўжо ў канцы ХХ стагоддзя гэты від мастацтва стаў набываць філасофскі сэнс яднання са стыхіяй.
Але вернемся ў стагоддзе ХХІ і ўспомнім выступленне фаер-групы «Waidelott» у Ляхавічах 3 ліпеня. Адкуль такая назва, запытаеце вы? Пачнём з самага пачатку. Фаер-група «Waidelott» утварылася ў 2011 годзе ў рамках клуба гістарычнай рэканструкцыі «Шляхецкая застава» (г. Баранавічы). Калектыў названы па імені язычніцкіх жрацоў-вайдэлотаў, якія займаліся прынясеннем ахвяр багам і былі абавязаны падтрымліваць у свяцілішчах чароўны агонь.
У складзе групы выступае і наш зямляк Сяргей Далідзік, які згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.
— Сяргей, як ты пачаў гэтым займацца?
— Захапіла, калі ўбачыў чалавека ў танцы з агнём. Зачароўвае. А прывяла мяне сюды мая дзяўчына. Яна ўжо 2 гады гэтым займаецца, працуе, вучыць моладзь. Наогул, мы з дапамогай «фаера» і пазнаёміліся.
— Колькі часу патрэбна на падрыхтоўку нумара?
— На якасную пастаноўку могуць спатрэбіцца месяцы, бо ідзе карпатлівая праца над кожным крокам: ад выбару музыкі і да стварэння вобразаў.
— Што самае складанае пры абыходжанні з агнём?
— Калі працуеш у камандзе, трэба заўсёды памятаць, што побач з табой знаходзіцца чалавек, і быць заўсёды асцярожным, каб выпадкова не закрануць яго.
— Як да твайго захаплення ставяцца бацькі?
— Бацькі ўсяляк падтрымліваюць мяне. Гэта хоць і небяспечны, але вельмі займальны занятак. Да таго ж, трэніруе волю.
— Што запомнілася табе больш за ўсё ў час выступленняў у складзе шоу?
— Самым запамінальным быў момант першай работы з агнём пасля доўгіх трэніровак са звычайным рэквізітам, які не гарыць. Чуеш толькі шум агню і стук свайго сэрца. Гэта па-сапраўднаму незабыўнае адчуванне.
Свет захапленняў нашых землякоў надзвычай разнастайны. Як аказалася, у ім ёсць месца і агню.
Ірына КУЗЬМІЧ,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *