25 ліпеня прафесійнае свята і 160-годдзе пажарнай службы Беларусі адзначалі супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

Сабраўся амаль увесь калектыў за выключэннем тых, хто нёс дзяжурства. Раздзяліць святочны настрой прыйшлі кіраўнікі розных службаў, прадпрыемстваў і арганізацый горада, сябры, родныя — надзейны тыл і падтрымка. Атмасфера была шчырая, святочная, добразычлівая і ўрачыстая адначасова.

З інтарэсам прысутныя паглядзелі відэафільм пра пажарную службу, яе гісторыю, сённяшні дзень і нават усе разам зазірнулі ў будучыню выратавальнай службы. З прывітальным словам да сённяшніх агняборцаў, ветэранаў пажарнай службы, іх блізкіх звярнуўся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Валерый Богнат. Ён пажадаў усім поспехаў, здароўя і дабрабыту і ўручыў шэрагу супрацоўнікаў ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета. Начальнік РАНС Валерый Равінскі не толькі прыгадаў слаўны шлях многіх пакаленняў пажарных, але і спыніўся на буднях сённяшніх выратавальнікаў (дарэчы, у наступным годзе Ляхавіцкі РАНС адзначыць 70-гадовы юбілей). Падарункі і граматы атрымалі лепшыя з лепшых, якія з’яўляюцца прыкладам для сваіх саслужыўцаў. Медалём ”За бездакорную службу” ІІІ ступені ўзнагароджаны вадзіцель ПАВП № 14 (в. Шчэрбава) Віктар Янушкевіч.

Са святочнай сцэны гучала нямала шчырых і цёплых слоў у адрас віноўнікаў свята — тых, хто пры любых умовах, у любы час сутак і пры любым надвор’і спяшаецца на дапамогу і перамагае ў барацьбе з любой стыхіяй. На іх спадзяюцца, ім давяраюць, імі ганарацца. Святочны настрой усім удзельнікам сустрэчы стваралі самадзейныя артысты.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “25 ліпеня прафесійнае свята і 160-годдзе пажарнай службы Беларусі адзначалі супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

  • 03/08/2013 в 22:04
    Permalink

    БНР была образована в 1918 году. В 2013 году Беларусь существует 95 лет. Как пожарной службе Беларуси может быть 160 лет?

  • 05/08/2013 в 12:14
    Permalink

    Именно в этот день в 1853 г. Минское губернское правление и Минская городская дума, рассмотрели вопрос «О создании пожарной части в г.Минске. В это же время начали организовываться пожарные части и в других белорусских городах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *