Лавіць кожны момант
Банальнасць — гаварыць пра надвор’е. Але і змаўчаць, «абысці» зусім не ліпеньскія тэмпературы і лішнія ўжо дажджы ніяк не атрымліваецца. Але калі сярэднестатыстычнага абывацеля гэты факт можа (і хутчэй за ўсё) проста раздражняе, то ў працаўнікоў аграрнага сектара вытворчасці пачуцці выклікае куды больш глыбокія, вострыя і балючыя. Колас наліўся, выспеў, «просіцца» пад нож камбайна, шлагбаўм якому паставіла надвор’е. Сітуацыю можна ахарактарызаваць як рэжым чакання. З работ вяскоўцы, канешне, не выключыліся, але і адпаведнай уборцы кругаверці не назіраецца.
З уборкай азімага ячменю, якога было зусім няшмат, раён справіўся, і даўно. Абмалот рапсу пачынаўся бадзёра, але пакуль — па адліку на ўчарашні дзень — пройдзены толькі экватар. Інакш кажучы, зжата прыкладна 50 працэнтаў, падлягаючых уборцы плошчаў. Ільнозавод справіўся поўнасцю, «Ляхавіцкі» выйшаў на фінішны адрэзак, амаль не адстае «Белпрампрыбор». І наадварот, ЗТАА «БелДан», СВК «Жарабковічы» яшчэ і не стартавалі. А пара б, як праінфармавалі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. У тых жа «Жарабковічах», па меркаванні спецыялістаў упраўлення, хоць нейкі з участкаў 450-гектарнага ўвогуле рапсавага кліна прыйшоў ужо ў стадыю ўборачнай гатоўнасці. Тым больш, што за гэта гаворыць і мінулагодні жарабковіцкі вопыт: позна пачаць — страціць частку ўраджаю. Дарэчы, пра ўраджайнасць: найбольш «сыпкім» сёлета, як і гадамі раней, з’яўляецца рапсавы гектар СВК «Ляхавіцкі» — складае амаль 44 цэнтнеры па апошніх даных. 30 — плюс-мінус — цэнтнераў алейнага насення з адзінкі плошчы збіраюць у СВК «Дарава», «Канюхі», «Шлях новы». Астатнія менш.
Асноўны матыў, вынесены з гутаркі з начальнікам райсельгасхарчу Алегам Бураком і галоўным аграномам Мікалаем Каплыновым, — лавіць любы момант, кожную спрыяльную для выхаду на ўборачны палетак хвіліну.
Тое ж правіла павінна дзейнічаць і ў адносінах да льнянога палетка. Пакуль сітуацыя складваецца інакш: акрамя ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» і сціплай спробы льнонасенстанцыі, церабленнем культуры не займаецца ні адна з чатырох іншых ільнаводчых гаспадарак раёна. Дарэмна па двух прычынах, лічаць мае суразмоўцы. Першая ў тым, што цяперашні прыродна-кліматычны фон асабліва льноспрыяльны. Дастатковасць вільгаці і цяпла якасна садзейнічаюць працэсу вылежкі льнотрасты. Чытай — высокім спажывецкім характарыстыкам канчатковага прадукту. Ну і традыцыйная надзея некаторых гаспадарнікаў на дапамогу ”старэйшага брата” ў асобе льнозавода не факт, што спрацуе і сёлета. Гэта і ёсць прычына №2.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.